1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

1 снежня - Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі зарэгістравана 6.867 выпадкаў інфіцыравання СНІДам. Людзям, якія жывуць з ВІЧ-інфекцыяй, даводзіцца не толькі змагацца за жыццё, але і даказваць, што яны не з’яўляюцца злачынцамі.

default

У Беларусі працягваецца рост захворванняў на ВІЧ-інфекцыю. За 10 месяцаў бягучага году хворых стала больш на 600 чалавек.

Тры гады таму Зміцер працаваў інжынерам і вучыўся на 5-м курсе адной з мінскіх ВНУ. У адрозненні ад большасці ВІЧ-інфіцыраваных беларусаў, ён рассакрэціў свой статус, таму што, на яго думку, хвароба – не злачынства. Але пасля першых жа інтэрв’ю ў прэсе Зміцер пачаў атрымліваць лісты, у якіх з ім абяцалі расправіцца як з носьбітам смяротнай інфекцыі. Яму давялося з’язджаць у Нямеччыну. Там ён жыве ўжо два гады і можа наведваць любую краіну, акрамя роднай Беларусі. “Я рэгулярна здаю аналізы і атрымліваю ўсе неабходныя лекі”, - сказаў Зміцер карэспандэнту “Нямецкай хвалі”.

У Беларусі адпаведнае лячэнне прызначаюць не ўсім ВІЧ-інфіцыраваным, а толькі тым, хто ўжо хворы на СНІД. Паводле дадзеных, якія агучыў на прэс-канферэнцыі галоўны санітарны ўрач Беларусі Міхаіл Рымжа, такіх у краіне 70 чалавек. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, іх каля 500 чалавек. Але і тыя, каму прызначанае лячэнне, не могуць разлічваць на паўнавартасную медыцынскую дапамогу.

Летам 2004 года Глабальны Фонд па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй выдаткаваў на прафілактыку ВІЧ/СНІД у Беларусі каля 7 мільёнаў даляраў ЗША. Частку грошай выдаткавалі на закупку прэпаратаў, якія на нейкі час затрымліваюць развіццё смяротнага захворвання. Лекі даўно знаходзяцца ў краіне, але прадстаўнікі адной з арганізацыяў, якая абараняе правы ВІЧ-інфіцыраваных, кажуць, што пацыенты іх не атрымліваюць, таму што афармленне адпаведных дакументаў зацягнулася на некалькі месяцаў. У аддзеле маніторынгу ВІЧ-інфекцыі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміалогіі і здароўя чалавека не адмаўляюць, што «з атрыманнем лекаў па лініі Глабальнага Фонду ўзніклі некаторыя праблемы», але сцвярджаюць: «Усе, каму належыць, забяспечваюцца неабходнымі прэпаратамі з бюджэтных сродкаў».

Па дадзеных медыкаў, усё часцей смяротны вірус перадаецца не з голкай наркамана, а ў выніку сексуальнага кантакту. У бягучым годзе такім чынам быў інфіцыраваны кожны другі з тых, хто пакутуе на ВІЧ-інфекцыю. Але галоўны санітарны ўрач Беларусі глядзіць на сітуацыю з аптымізмам. “Спадзяемся, што цераз 2-3 гады захворванне спыніць рост. А далей чакаем зніжэння”, - заявіў Міхаіл Рымжа.

Тым часам, у сацыялагічных апытаннях беларусы ўжо выказваюць меркаванне пра тое, што ВІЧ-інфіцыраваных трэба пазбацвіць права займаць кіруючыя пасады, атрымліваць адукацыю разам са здаровымі людзьмі і ўвогуле перасяліць у спецыяльныя рэзерваты.

Контекст