1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Ён вельмі любіў наш родны край”

У гарадзенскай галерэі «Тызенгаўз» адчынілася выстава, прысвечаная аднаму з найстарэйшых самадзейных мастакоў Беларусі Алесю Ліпеню, які памер год таму.

Аддаць даніну памяці знакамітаму гарадзенскаму мастаку Алесю Ліпеню прыйшлі ягоныя сябры – прафесійныя мастакі, былыя калегі па працы, а таксама прыхільнікі яго творчасці. У экспазіцыю выставы ў галерэі «Тызенгаўз» увайшлі ў асноўным пейзажы Ліпеня – краявіды Прынёманскай зямлі. Гэта толькі малая частка калекцыі, якую стварыў самадзейны мастак Алесь Ліпень. Усё сваё жыццё ён працаваў у турбінным цэхе Гарадзенскай электрастанцыі, і толькі вольны час аддаваў жывапісу і скульптуры. Вынікам яго шматгадовай працы ў мастацтвы сталіся больш за дзве сотні карцін ды дзесяткі скульптур, героямі якіх Алесь Ліпень абраў людзей, ўславіўшых Беларусь. Гэта скульптурныя партрэты знакамітых гарадзенцаў - генерала Парыскай камуны Валерыя Ўрублеўскага, правадыра паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага, паэтаў Максіма Багдановіча і Францішка Багушэвіча, вучонага Яўхіма Карскага і іншыя.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, скульптар Уладзімір Церабун, які многа гадоў сябраваў з Алесям Ліпеням, называе яго сапраўдным народным майстрам:

“Гэта была жывая энцыклапедыя, ён вельмі глыбока і дасканала ведаў культуру, гісторыю Беларусі, фальклёр. Гэта была нейкая такая глыба, і ў той жа час, як мне здаецца , – гэтая вялікая сціпласць. Ён ніколі не рваўся ні да рэкламы, ні да званняў. Ён вельмі любіў жыццё, прыгажосць, прыроду і наш родны край”.

Уладзімір Церабун асабліва адзначае працы Алеся Ліпеня у галіне драўлянай паркавай скульптуры:

Яна робіцца сякерай , адсекаецца ўсё лішняе , але застаецца такі глыбокі вобраз , які вельмі ўздзейнічае на глядача . Гэта такая выразнасць, такая трапнасць, такая глыбіня”.

Вядучы метадыст Гарадзенскага абласнога Цэнтра народнай творчасці, мастацтвазнаўца Алена Храмкова лічыць, што сапраўднага мастака, якім быў на яе думку Алесь Ліпень, нельга назваць самадзейным:

“Што цэннага , на мой погляд , у яго краявідах, па-першае, гэта перадача светла-паветранай прасторы. Мастак мог перадаць глыбіню праз асоблівыя валёры, адцення колераў, нібыта ўсяляў сваю душу у пейзаж, і таму ён атрымлівался такі прывабны, такі светлы і празрысты. Я лічу, што у жывапісу ён зрабіў шмат”.

Карціны і скульптуры народнага мастака Алеся Ліпеня захоўваюцца ў розных музеях Беларусі, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях у краіне і за мяжой. Зробленая экспазіцыя твораў і на прадпрыемствы, дзе ён працаваў. А скульптурныя работы – партрэт Янкі Купалы і кампазіцыя «Гусляр» паводле купалаўскай паэмы, якія стварыў гарадзенскі мастак Алесь Ліпень, знаходзяцца зараз у музеі беларускага пісьменніка ў Менску.