1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Яшчэ раз спрабаваў асэнсаваць жыццё”

Вядомы беларускі журналіст і публіцыст Віталь Тарас прадставіў сваю першую кнігу “Звыклае зло”. Прэзентацыя выдання прайшла ў сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтра. Кніга ўбачыла свет дзякуючы праекту “Кнігарня “Наша ніва”.

Зборнік складаецца з ужо апублікаваных у незалежным тыднёвіку “Наша ніва” эсэ і нарысаў Віталя Тараса за апошнія чатыры гады, а таксама з твораў, яшчэ не вядомых шырокаму колу чытачоў. У іх робіцца ацэнка сітуацыі, якая сёння склалася ў Беларусі, аналіз падзеяў і тых з’яваў, з якімі кожны беларус сутыкаецца ў паўсядзённым жыцці.

“Век газетнага артыкулу ці эсэ нядоўгі... Але, насуперак законам жыцця і журналістыкі, я спрабаваў пісаць для “Нашай нівы” хоць і актуальна, але ўсё-такі маючы на ўвазе так званыя “адвечныя тэмы”, - сцвярджае аўтар.

Паводле вядомага беларускага публіцыста Сяргея Дубаўца, кніга Віталя Тараса “цікавая тым, што ў прынцыпе, мы не маем адказаў, у якім грамадстве мы жывем, што за час на двары, так каб нехта уцямна табе расказаў, што гэта такое, што адбываецца з Беларуссю. Больш такога няма. Ёсць дапушчэнні. А тут чалавек з вялікім жыццёвым досведам, жывым розумам, з вялікім талентам асэнсоўвае, што адбываецца, і там знаходзіш адказы на гэтыя пытанні”.

Чаму менавіта такі крыху страшнаваты назоў мае зборнік?

“Можа быць, націск трэба рабіць не на “зло”, ана ЗВЫКЛАЕ зло. Бо мы ўсе, нажаль, прызвычаіліся да таго, што зло вяршэнствуе на кожным кроку. Я не хачу прыводзіць прыклады, кожны, хто жыве ў Беларусі, можа сам, паглядзеўшы ў вакно, пагаварыўшы з суседзямі, пацьвердзіць, што зло ўжо сталася звыклым”, - мяркуе Віталь Тарас.

Тым не менш, Віталь Тарас не лічыць сваю кнігу генератарам сумнага настрою:

“Мне не хацелася, каб гэта ўспрымалася як праява чорнага песімізму. Гэта свядомы правакуючы прыём. Калі нехта абурыцца: ну, як гэта так, якое можа быць звыклае зло? Тады мая задача часткова выкананая”.

Гэта толькі пачатак...

Прысутныя на прэзентаціы выказвалі шчырае здзіўленне тым фактам, што “Звыклае зло” – усяго толькі першая кніга Віталя Тараса. Выдавец Зміцер Колас быў упэўнены, што аўтар мае за плячыма цэлы стос выданняў, а Сяргей Дубавец знайшоў гэтаму наступнае тлумачэнне:

“У розных творцаў вельмі па-рознаму складваецца іх творчае сталенне. Нехта можа “адстраляцца” у 19 гадоў, а нехта ўсё жыццё спее-спее і ў 50 гадоў пачынае распавядаць свае ўжо завершаныя кандыцыйныя творы, прапаноўваць іх публіцы. Яму за іх нясорамна, а нам гэта каласальны набытак. Віталь Тарас якраз з такіх, хто доўга спее”.

Павіншавала Віталя Тараса і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой аўтар з’яўляецца ад пачатку стварэння арганізацыі, Жанна Літвіна:

“Я абсалютна шчыра радуюся кожнай новай кнізе, якую пішуць журналісты. Калі наш калега мае сваю кнігу, гэта проста здорава”.

Жанна Літвіна ўжо паспела азнаёміцца з выданнем, якое не пакінула кіраўніцу БАЖ абыякавай:

“Мяне ўразілі словы, якія ёсць на пачатку кнігі: “Яшчэ раз спрабаваў асэнсаваць жыццё”. Мне падаецца, што гэта сапраўды атрымалася. Там столькі асабістага, патаемнага, што, магчыма, не кожны чалавек гатовы аддаць гэта на суд грамадскасці. Віталю ўсё гэта атрымалася”.

Кніга “Звыклае зло” выйшла накладам усяго толькі ў тысячу асобнікаў – больш у цяперашніх умовах у Беларусі выдаць незалежнаму аўтару вельмі складана. Але прысутныя на прэзентацыі выказалі спадзеў, што гэта не апошняе выданне твораў Віталя Тараса.