Як працуюць беларускiя свабодныя эканамiчныя зоны | Беларусь и белорусы: новости и аналитика | DW | 11.11.2005
  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Як працуюць беларускiя свабодныя эканамiчныя зоны

Што атрымалася за апошнiя 10 гадоў з беларускiх афшораў i чаго хочуць сёння ад iх беларускiя ўлады

default

Беларускiя афшоры – Свабодныя эканамiчныя зоны (СЭЗ) – правераць на трываласць. Стамiўшыся чакаць мiльярды iнвестыцый ў гэтыя «выспачкi» свабоднага прадпрымальнiцтва», Аляксандр Лукашэнка пры канцы мiнулага году запатрабаваў альбо павысiць эфектыўнасць iх працы, альбо, калi спатрэбiцца, увогуле лiквiдаваць iх. Даручэнне прэзiдэнта прынята да дзеяння. Цягам кастрычнiка пачалася рэалiзацыя некаторых мерапрыемстваў, якiя мусяць кардынальна змянiць твар беларускiх СЭЗ.

Ствараючы СЭЗ, улады пераследвалi дзьве мэты. Па-першае, прыцягнуць у краiну буйныя замежныя iнвестыцыi. Для гэтага рэзiдэнтам СЭЗ прадастаўляюцца мытныя i падаткавыя iльготы. Па-другое, павялiчыць экспартны патэнцыял краiны, паколькi большая частка прадукцыi, вырабленай у СЭЗ, павiнная вывозiцца за мяжу. Першая СЭЗ была зарэгiстраваная ў 1996 годзе ў Брэсце. Цяпер у краiне юрыдычна iснуюць шэсць свабодных эканамiчных зон. Яны размешчаныя ва ўсiх абласных цэнтрах. У гэтых афшорах зарэгiстравана 280 прадпрыемстваў, якiя iнвеставалi 170 мiльёнаў даляраў.

Аднак гэтая сума, на думку прэзiдэнта Лукашэнкi, не адпавядае таму памеру iльготаў, якiя атрымлiваюць рэзiдэнты СЭЗ ад беларускай дзяржавы. Да таго ж «сэзаўскiя» прадпрыемствы сталi прадаваць сваю прадукцыю не тольки на экспарт, але i на ўнутраным рынку, з прычыны чаго ўзнiкла нездаровая канкурэнтная сiтуацыя: сэзаўскiя прадпрыемствы, атрымлiваючы падтрымку ад дзяржавы, апынулiся ў непараўнальна лепшым становiшчы, чымся звычайныя кампанii. Таму з 1 кастрычнiка ўведзеныя новыя правiлы, згодна з якiмi сэсзаўскiя iльготы атрымлiваюць толькi тыя прадпрыемствы, якiя экспартуюць сваю прадукцыю. Што тычыцца паставак на ўнутраны рынак, то iльготы захоўваюцца толькi для тых рэзiдэнтаў, якiя дакажуць, што iх прадукцыя з`яўляецца iмпартазамяняльнай, г.з. здольная выцiснуць iмпартныя тавары з беларускага рынку. Урад цяпер узгадняе новы пералiк тавараў, якi можа быць аднесены да iмпартазамяшчэння. Узгадненне iдзе марудна, што фактычна паралiзавала экспарт з бальшынi СЭЗ. Многiя вытворцы да таго ж апасаюцца, што ў вынiку з пералiку знiкнуць некаторыя найменнi прадукцыi, у вытворчаць якой яны ужо ўклалi свае рэсурсы.

«Атрымлiваецца, што пакуль мы працуем, iнвестуем, а заўтра, нельга гэтага выключыць, вывесяць спiс, i там нас не будзе», - кажа адзiн з кiраўнiкоу сэзаўскiх прадпрыемстваў. Прадстаўнiк IП «Iнка-фуд», аднаго з буйнейшых рэзiдэнтаў СЭЗ «Брэст», Мiхаил Таргоуцаў прагназуе, што калi iх прадукцыя не трапiць у гэты пералiк, то «нам вельмi складана будзе працаваць на ўнутраным рынку».

Пад яшчэ больш складаную рэарганiзацыю падпадзе банкаўская сiстэма СЭЗ. У Свабодных эканамiчных зонах на дадзены момант зарэгiстравана сем банкаў. На мiнулым тыднi Нацбанк Беларусi адмянiў для iх iльготы па памеры мiнiмальнага статутнага капiталу. Калi ранней, каб адкрыць банк, патрабавалася 500 тыс. еўра, то цяпер, каб працягваць працаваць на рынку Беларусi, яны павiнныя сабраць капiтал ад 5 да 10 мiльёнаў еўра.

У Нацбанку лiчаць, што павелiчэнне капiталiзацыi банкаў выгадна скажацца ў цэлым на працы СЭЗ, i банкi змогуць больш актыўна браць удзел у прыцягненнi iнвестыцый. Аднак, незалежныя эксперты прадказваюць, што нешматлiкiя «сэзаўскiя» банкi пагодзяцца працаваць у Беларусi на агульных падставах, бо ўладальнiкаў гэтых банкаў прыцягваў, галоўным чынам, iльготны рэжым СЭЗ.