1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Як на Гомельшчыне гукаюць вясну

Штогод, як толькі сыходзіць снег і пачынае грэць сонейка, беларуская моладзь выходзіць “гукаць вясну”. Фалькларысты сцвярджаюць, што свята з нагоды прыходу вясны, мела найбольшы распаўсюд на Гомельшчыне.

Веснавы цыкл народных святаў пачынаўся з выканання абрадавых песень пад назвай “вяснянкі”. У шматлікіх вяснянках, якія спяваюць на Гомельшчыне, увасоблены матыў чакання шчодрых дароў, якія прыносіць вясна. І гэта не выпадкова.

У далёкія язычніцкія часы нашы продкі звязвалі прыход вясны не столькі з прыгажосцю прыроды, колькі з пачаткам жыццёва важнай працы на зямлі. Надзеі чалавека былі прасякнуты спадзевам на раннюю вясну, будучы ураджай, спрыяльнае надвор’е. Беларусы не былі толькі пасіўнымі назіральнікамі, чакаючы цяпла і пачатку земляробчых работ. Праз прызму абрадаў, розных магічных рытуалаў чалавек звяртаўся з просьбамі да духаў і Багоў, каб наблізіць прыход вясны і абудзіць жыватворную сілу зямлі.

“Гуканне вясны” не мае фіксаванай даты. Абрад мог праводзіцца да таго часу, пакуль аратыя не выходзілі працаваць у поле.

Моладзевая краязнаўчая суполка “Талака” ўжо 15 год запар адзначае “Гуканне вясны”. Цягам першага веснавога месяца маладыя гамельчукі выязджаюць за горад. Там абіраецца ўзвышаная мясціна (пагорак ці бераг ракі), якая і становіцца цэнтрам ладжання абраду.

Пра тое, як на Гомельшчыне гукаюць вясну, распавядае сябра “Талакі” Аліна.

Найперш нашыя дзяўчаты знаходзяць невялікае дрэўца і аздабляюць яго каляровымі стужкамі. Дрэўца, па сутнасці, сымбалізуе саму вясну. А вось у некаторых мясцовасцях у ролі вясны выступала самая прыгожая і працавітая дзяўчына. Каля дрэўца мы водзім карагоды, спяваем вяснянкі, ладзім народныя гульн і.

У руках моладзі я бачу печыва ў выглядзе птушак. Дзяўчаты і хлопцы, спяваючы, падкідваюць печыва ўгару. Аліна тлумачыць сэнс гэтага магічнага рытуалу:

Людзі ў старажытнасці верылі, што з дапамогай выпечаных з мукі птушак заклікаюцца сапраўдныя птушкі з выраю. А з прылётам птушак звязаны, безумоўна, хутчэйшы прыход вясны і цяпла .

Каля вогнішча раскладзены абрус, на якім ляжыць нагатаваная ў складчыну ежа. Тут мы размаўляем з сябрам партыі БНФ Дзянісам

Я прыйшоў, каб адрадзіць даўнюю народную традыцыю, каб паглядзець, што гэта. На жаль, на сённяшні дзень палітыка і культура перамешаны. Калі мы жадаем перамагаць, нам трэба перамагаць на беларускай глебе .

Збоку святкаванне выглядае вельмі натуральна. Цёплае сонейка, лагодны настрой удзельнікаў міжволі пераконваюць у тым, што цяпер, дзякуючы абрадавым дзеянням, вясна мусіць прыйсці ўжо дакладна.