1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Як наваражыць шчасця ўсёй краіне?

Калядныя святы займаюць асобнае месца сярод іншых святаў народнага календара. Яны адзначаюцца з 6 па 19 студзеня. Святкуючы Каляды, нашы продкі спадзяваліся на багаты ўраджай, шчаслівае жыцьцё, дабрабыт у сям’і.

Слова “каляда” ў беларускай мове ўжываецца ў некалькіх значэннях. Па-першае, гэта свята, якое адзначаецца 6-7 студзеня. Калядамі называюць і ўвесь перыяд зімовых святаў з 6 па 19 студзеня – гэта “святыя”, або “шчодрыя” вечары.

Першая Каляда – гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту. Пачатак святочных дзён і вечароў адзначаўся з асаблівай урачыстасцю. На старажытным язычніцкім свяце адбіліся і хрысціянскія ўяўленні, згодна з якімі менавіта ў гэты дзень святкуецца нараджэнне Ісуса Хрыста.

Як адзначалі Каляды ў народнай традыцыі, распавядаюць сябры моладзевай суполкі “Талака”. Гэтая арганізацыя ўжо 20 год ладзіць на Гомельшчыне фальклёрныя вандроўкі, а таксама аднаўляе беларускія абрады.

Карэспандэнт “Нямецкай хвалі”:

- Якія стравы на святы вечар звычайна гатавалі беларусы?

Алеся Бяляева, сябра “Талакі”:

- Абавязковай абрадавай стравай у гэты дзень была Куцця. Гэта звычайная каша з таўчоных крупаў, сюды дадавалі алей альбо мёд. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці страваў, сярод якіх найчасцей былі квас з грыбамі, аўсяны кісель, адвар з сушаных яблыкаў. Добрай прыкметай лічылася пакаштаваць ўсе стравы, якія падаваліся на стол.

- А якія яшчэ народныя прыкметы звязаныя з Калядамі?

- У гэты дзень імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты, каб жывёла не збягала са двара і не прападала. Калі першы дзень Калядаў выдаецца пагодлівы, ясны, то будзе неўрадлівы год. Але мяркуючы па надвор’ю на Гомельшчыне сёлетняй зімой, з ураджаем у нас будзе ўсё ў парадку (смяецца).

- Святыя калядныя вечары – гэта час варожбаў. Якія чарадзействы былі найбольш папулярнымі?

- Варажылі не толькі раней – і цяпер гомельскія дзяўчаты чакаюць гэтага перыяду, каб вызначыць свой будучы лёс. Перадусім асноўнае пытанне тут, ці выйдзе дзяўчына ў гэтым годзе замуж. Цікавай з’яўляецца варажба з абуткам. Знятыя з нагі чаравікі дзяўчаты кідаюць праз плот на дарогу і назіраюць, у які бок паказвае насок чаравіка. У залежнасці ад гэтага, вызначаюць, адкуль прыедуць да іх сваты.

Перыяд Калядаў будзе доўжыцца да 19 студзеня, да Вадохрышча. Так што беларусы яшчэ маюць дастаткова часу, каб паназіраць за народнымі прыкметамі, а таксама наваражыць шчасця сабе, сваёй сям’і, а можа быць, нават і ўсёй краіне.