1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Як моладзь можа дапамагчы ў вырашэніі праблемаў еўрарэгіёну “Нёман”?

Адказ на гэтае пытанне маюць намер знайсці ўдзельнікі міжнароднага моладзевага зімніка пад назвай “ПоЛіБелКа”, які пачаў сваю працу сёння ў літоўскіх Друскеніках.

default

Назва зімніка “ПоЛіБелКа” змяшчае пачатковыя склады краінаў-удзельніц еўрарэгіёну “Нёман”, які быў створаны ў 1997 годзе з мэтай развіцця супрацоўніцтва памежных тэрыторыяў. Транспамежны звяз аб’ядноўвае Падляшскае ваяводства Польшчы, тры паветы Літвы, Гарадзенскую вобласць Беларусі, а таксама пяць раёнаў Калінінградскай вобласці Расіі. Збольшага еўрарэгіён да гэтага часу існуе толькі на паперы, прынамсі, з беларускага боку. А вось недзяржаўныя арганізацыі актыўна выкарыстоўваюць шырокія магчымасці міждзяржаўнага дыялогу.

Так, у кастрычніку 2002 году ў Гародні быў арганізаваны Форум грамадскіх арганізацыяў еўрарэгіёну «Нёман», дзе была вызначаная стратэгія развіцця супрацоўніцтва паміж няўрадавым сектарам і дзяржаўнымі структурамі еўрарэгіёну. Наступным крокам стала правядзенне ў жніўні 2003 году моладзевага летніка “ПоЛіБелКа-1” на беразе Балтыйскага мора, на тэрыторыі Калінінградскай вобласці.

Сёлетняя “ПоЛіБелКа” ў Літве за мэту бачыць павышэнне ўзроўню супрацоўніцтва недзяржаўных арганізацыяў Польшчы, Літвы, Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі, а таксама абмен лепшымі напрацоўкамі ў розных галінах іх дзейнасці. Праграма зімніка прадугледжвае, што яго ўдзельнікі будуць навучацца метадам уцягнення моладзі ў вырашэнне праблемаў мясцовых супольнасцяў, а таксама будуць працаваць над супольнымі праектамі па рэалізацыі сваіх ідэяў на практыцы.

Немалаважным аспектам працы “ПоЛіБелКі” з’яўляецца і міжкультурны абмен. Так, нефармальныя вечарыны з нацыянальнымі гульнямі, спевамі і пачастункамі будуць спрыяць стварэнню ў моладзі станоўчага іміджу краінаў-суседак. З беларускага боку працу зімніка каардынуе грамадская арганізацыя з Гародні “Цэнтр “Трэці сектар”. Яе кіраўнік Вітаўт Руднік распавёў “Нямецкай хвалі”, што такія мерапрыемствы дапамагаюць зразумець жыццё суседзяў, а таксама выключаюць неабгрунтаваны недавер. Па назіраннях Рудніка, сёння сярэднестатыстычны беларус больш ведае пра тое, што адбываецца ва Уладзівастоку ці на Чукотцы, чым у 30 кіламетрах ад мяжы краіны. Вітаўт Руднік таксама перакананы, што транспамежныя праекты садзейнічаюць еўрапейскай інтэграцыі. У гэтай сувязі ён падкрэсліў, што моладзь – гэта будучая палітычная, эканамічная і культурная эліта, а трывалыя сувязі паміж людзьмі з розных краінаў умацоўваюць добрасуседскія стасункі на міждзяржаўным узроўні.