1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Як можна ацэньваць сучасны стан беларуска-расійскіх адносін?

Паседжанне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы і перамовы прэзідэнтаў Расіі і Беларусі ўяўляюцца безвыніковымі. Ці сапраўды вяртаецца да жыцця праект пабудовы Саюзнай дзяржавы?

Пасля паседжання Вышэйшага дзяржсавету ніякіх канкрэтных вынікаў па істотным для Беларусі і Расіі пытанням узаемаадносін не агучвалася. Таму назіральнікі мелі магчымасць рабіць высновы пераважна з выразаў твараў прэзідэнтаў падчас пратакольных здымкаў і свайго разумення агульнай логікі развіцця падзей.

Незалежны беларускі палітолаг Уладзімір Мацкевіч у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" выказаў перакананне, што інтэграцыйнае пытанне сёння выкарыстоўваецца толькі для ідэалагічных захадаў ва ўнутраных справах -- як у Расеі, так і ў Беларусі:

"У стасунках паміж прэзідэнтамі, ці ўвогуле дзяржавамі гэтае пытанне ўжо не паўстае, таму што яму нададзеныя такія формы, якія не магчымы -- ні з лагічнага погляду, да? Ну і тым больш не цікавыя з пункту гледжання інтарэсаў".

Разам з тым сп. Мацкевіч не выключае, што гэтае пытанне з інтэграцыяй будзе выкарыстана расійскім бокам для пэўнай палітычнай кампаніі ў Беларусі: расійскі бок казаў, калі ў прынцыпе ў нас ёсць Саюзная дзяржава, то ў нас будуць выконвацца гэтыя саюзныя дамовы; калі няма -- дамовы не выконваюцца і тады пераходзьце, калі ласка, на агульнаеўрапейскія кошты на газ. Але эксперт перакананы, што і новы ўсплеск інтэграцыі плёну не дасць, бо бакі прапануюць адзін аднаму непрыймальныя умовы:

"Давайце інтэграцавацца на нашых умовах, а паколькі ўмовы не выканальныя, то гэта будзе надоўга прычынай таго, каб выконваць нармалёвыя чыноўнічыя абавязкі".

Прэзідэнт Беларусі намякнуў, што з'явіліся нейкія зрухі ў падрыхтоўцы Канстытуцыйнага акту, а найбольш супярэчлівым пытаннем быў падзел улады. Як вы лічыце, ці можа Лукашэнка пагадзіцца на ўвядзенне пасады віцэ-прэзідэнта Саюзнай дзяржавы з мэтай таго, каб ён заняў гэтую пасаду?

"Я не выключаю, таму што гэты чалавек супярэчлівы, але ж думаю, што тады яго заб'юць проста беларускія чыноўнікі, якія такіх пасадаў ўжо не атрымаюць. Можа быць Лукашэнка і атрымаў высокую пасаду ў Маскве, а што будуць рабіць тыя сотні тысячаў чыноўнікаў, якія ўжо прывыклі кіраваць ці адчуваць сябе кіраўнікамі краіны -- ім пасады ў Маскве не будзе".

Гэта было меркаванне беларускага палітолага Мацкевіча. А як беларуска-расійскія адносіны сёння выглядаюць для назіральнікаў з Кіева? Свой пункт гледжання у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" прадстаўляе дырэктар Інстытуту трансфармацыі грамадства прафесар Алег Соскін:

"Я думаю, будуць пагаршацца адносіны паміж Беларуссю і Расіяй, і гэта аб'ектыўны працэс. Бо Расія ўжо не можа больш чакаць -- яна або павінна падняць цэны на газ, паколькі яна павінна перайсці да рынкавай мадэлі, і ёй не цікава фінансаваць зараз развіццё Беларусі. Яны зразумелі, што трымаючы нізкую цану на расійскі газ для Беларусі, яны тым самым спрыяюць эканамічнаму ўзмацненню, развіццю, а такім чынам і палітычнай спеласці і ўзмацненню пазіцый палітычнай улады ў Беларусі. І ўзмацненню нацыянальнай свядомасці ў Беларусі.

Падыходзіць момант калі Расія гаворыць: або вы аддасце нам сваю газатранспартную сістэму, а тады адпаведна ўводзіце расійскі рубель поўнасцю і сурагат беларускіх грошаў знікае, тады адпаведна Беларусі нічога не застаецца каб падзяліцца на федэральныя суб'екты і ўліцца ў Расію. Або купляйце газ па сусветным цэнам і будуйце сваю дзяржаву -- але не за наш кошт. І вось гэтае зрабілася абсалютна крытычным на сённяшні дзень. І колькі ўжо Лукашэнка не ездзіў да Пуціна, іншага варыянту не будзе. Або так, або так.

І тады што рабіць Лукашэнку? Яму трэба або ўзмацняць інстытуты дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, або пакарыцца Расіі. Але тады нават пакарыўшыся ён не будзе ім патрэбны як сатрап. Яны яго ўсё роўна здымуць, бо ён не ёсць прадказальным і ёсць вельмі небяспечным. А ім патрэбна паслухмяная тут марыянетка, лялька, а не Лукашэнка. Таму ўсё залежыць ад Лукашэнкі".

На думку прафесара Соскіна для Аляксандра Лукашэнкі, каб захавацца на бліжэйшыя гады, адзіным выйсцем застаецца лібералізацыя краіны і яе еўрапеізацыя. Тады сённяшнія беларускія ўлады хай саступяць першыя пазіцыі, але застануцца як частка палітычнай эліты.