1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Як ліквідавалі намётавы лагер у цэнтры Мінску

Учора, аб'яўляючы канчатковыя вынікі выбараў, старшыня ЦВК Ярмошына заявіла, што падчас кампаніі "было такое бязмежжа галоснасці, што ў далейшым будзе няпроста адпавядаць высокім стандартам мінулых выбараў".

Апафеозам галоснасці сталі ліквідацыя намётавага лагера ўдзельнікаў акцыі пратэсту пад покрывам ночы і падрыхтоўка грамадскай думкі да сілавой акцыі спецслужбаў.

Намётавы лагер ліквідавалі пры мінімальнай колькасці сведкаў. Улады дачакаліся, пакуль з Мінску з'едуць замежныя карэспандэнты, большасць з якіх спяшаліся на парламенцкія выбары ва Ўкраіне.

Спецаперацыю правялі з 3.00 да 4.00 раніцы. Пляц ачапіў АМАП. Журналістам загадалі выйсці за ачапленне. Пад'ехалі браніраваныя МАЗы - гонар беларускага аўтапраму - і аўтобусы. З іх высыпалі амапаўцы пры поўнай амуніцыі. Ўдзельнікі акцыі селі на зямлю. Некаторых у літаральным сэнсе выносілі. Некаторыя самі праходзілі ў аўтазакі па калідоры, зробленым амапаўцамі. Сілы былі няроўныя, супраціў - бессэнсоўны. Перад нешматлікімі, што заставаліся ў той момант на пляцы, тэле- і фотакамерамі затрыманых не білі. Але тыя, хто паспеў патэлефанаваць блізкім, гавораць, што білі, але так, каб не бачылі журналісты. У кагосьці былі сінякі і раны. Паступіла паведамленне, што ў аўтазакі быў пушчаны газ.

Тэлефоны ўдзельнікаў акцыі праз кароткі час пасля затрымання ўжо не адказвалі. Іх адвезлі ў спецпрыёмнікі на Валадарскага і ў Навінкі. Кажуць, што на Акрэсціна месцаў ужо няма. Намётавы лагер і няхітры скарб яго насельнікаў згрэблі бульдозеры.

У ліку затрыманых - сын жонкі Мілінкевіча Іны Кулёй, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч і, як паведаміла БТ, грамадзяне Літвы і Украіны. Апрача таго, сама мала тры журналісты.

Між тым, журналісты БТ учора ўвечары рыхтавалі грамадскую думку да разгону лагера. Апафеозам хлусні стаў учорашні рэпартаж "Блакітны майданчык". Журналіст Юры Пракопаў паведаміў, што ад імя Мілінкевіча на парнаграфічных сайтах размяшчаюцца аб'явы наступнага зместу "Пазнаёмлюся з прыстойнымі людзьмі для сумеснай барацьбы за незалежнасць. Месца сустрэчы - Кастрычніцкі пляц. Кошт $60 за гадзіну". Адрас сайта www.eros.by. Усё, што было сказана пасля, нагадвала струмень свядомасці людзей, даўно пазбаўленых усіх органаў пачуццяў. Людзей, якія былі на пляцу, паведаміў Пракопаў, звязалі вяроўкай. Каб не разышліся. Далей прадэманстравалі рэпартаж Кацярыны Бірэцкай, які сведчыў пра тое, што зносіны з удзельнікамі акцыі небяспечныя для жыцця - некаторыя маніфестанты, маўляў, хворыя на педыкулёз, і не сёння-заўтра ўспыхне агмень кішкавай інфекцыі альбо менінгіту. Дырэктар музею Вялікай Айчыннай вайны панаракаў, што ў музеі няма наведнікаў, і абвінаваціў у гэтым удзельнікаў акцыі. Начальнік станцыі метро "Кастрычніцкая" паведаміла, што ў метро дрэнны пах з-за "адыходаў жыццядзейнасці" маніфестантаў. Наяўнасць вялізнай колькасці спецтэхнікі на падыходах да пляцу ў рэпартажы БТ растлумачылі неабходнасцю ахоўваць удзельнікаў акцыі ад справядлівага гневу суграмадзянаў.

Колькасці правакацыяў на пляцы – немагчыма палічыць. Усе журналісты, і я ў тым ліку, якія працавалі ўсе гэтыя дні на пляцы, могуць засведчыць, што пустыя бутэлькі з-пад алкагольных напояў адмыслова падкідалі, а ўсё п'яныя ніякага дачынення да пратэстоўцаў не мелі. Спробы перадаць грошы ўдзельнікам акцыі - таксама з ліку правакацыяў.

З гутарак з людзьмі на вуліцах Мінску зразумела, што большасць верыць сказанаму па БТ. І ужо ў адным з сённяшніх рэпартажаў журналісты, якія абслугоўваюць ўладу, паведамілі, што ў намётах былі знойдзеныя скарыстаныя шпрыцы і порначасопісы. А МУС зрабіў заяву, што некаторыя з затрыманых у стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення.