1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Як заахвоціць грамадства да нараджэння дзяцей?

Дэмаграфічная сітуацыя ў Польшчы не крытычная, але трывожная, - лічыць віцэ-міністр працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Йоанна Клюзік-Расткоўска. Якія крокі прадпрымае польскі ўрад, каб стымуляваць нараджальнасць?

default

“Дэмаграфічная сітуацыя ў Польшчы вельмі нагадвае сітуацыю ў краіных былога Савецкага Звязу. На сённяшні дзень на адну польку прыпадае 1,2 дзяцей. Натуральна, нас гэта бянтэжыць. І калі сітуацыя ў гэтым кірунку не будзе мяняцца, то ўжо праз 15-20 гадоў мы будзем мець вельмі старое грамадства, на якое папросту не будзе каму працаваць. Таму адна з нашых галоўных задачаў – стымуляваць нараджальнасць і забяспечваць польскім сем’ям такія варункі, якія б іх да гэтага падштурхоўвалі і спрыялі пашырэнню сям’і”,

- тлумачыць віцэ-міністр працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Йоанна Клюзік-Расткоўска ў інтэрв’ю “Нямецкай хвалі”. Як жа заахвоціць польскае грамадзтва да нараджэньня дзяцей?

Йоанна Клюзік-Расткоўска лічыць, што найперш трэба папулярызаваць сярод маладых людзей сам інстытут сям’і. Акрамя іншага, вельмі важным (і ў гэтым адна з галоўных задачаў міністэрства) з’яўляецца захаванне працоўных месцаў для маладых маці, удасканальванне сістэмы дашкольнага і школьнага выхавання, забеспячэнне годных жыллёвых умоваў для сем’яў.

“Паводле даследванняў, полькі больш ахвотна прымаюць рашэнне аб нараджэнні дзіцяці, калі маюць гарантаваны доступ да працы, іншымі словамі – добрае працоўнае месца. А таксама, натуральна, калі маюць гарантыю таго, што пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску іх працоўнае месца будзе за імі захаванае. Яшчэ адна праблема ў Польшчы – невялікая колькасць ясляў (для дзяцей да 3 гадоў). Мы таксама зараз працуем над паляпшэннем гэтай сітуацыі. Складаныя варункі і на вёсках: там вельмі мала дзіцячых садкоў і ўвогуле сістэма дашкольнага выхавання будуецца паводле састарэлай мадэлі, як, скажам, 20-25 гадоў таму. А выхаваньне ў садку – гэта ня толькі належны дагляд, а і развіццё, адукацыя асобы”,

- адзначае суразмоўца. Йоанна Клюзік-Расткоўска мяркуе, што тут дарэчы станецца досвед такіх краінаў, як Партугалія й Францыя. “Ня мае асаблівага сэнсу будаваць вялікія садкі ў вёсках: болей рацыянальным і карысным будзе стварэнне мікра-садкоў у правінцыі”:

“Напрыклад, маладая маці, якая паводле адукацыі з’яўляецца педагогам і на дадзены момант сама знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, пад даглядам мясцовай адміністрацыі, у адпаведных умовах, магла б займацца апекай такіх міні-групаў”.

Паводле віцэ-міністаркі, ужо ў гэтым годзе для польскіх сем’яў, што маюць дзяцей, пачала дзейнічаць больш удасканаленая сістэма падатковых ільготаў:

“Я спадзяюся, што атрымаецца зрабіць гэтыя варункі яшчэ больш прывабнымі. Бо мы зацікаўленыя, каб як мага болей сродкаў заставалася ў сям’і: пагадзіцеся, які сэнс забіраць гэтыя фінансы ў выглядзе падаткаў на карысць дзяржавы, каб пасля ў рамках розных сацыяльных праграмаў дапамогі ізноў іх вяртаць у тыя сем’і?..”

Дарэчы, віцэ-міністр Клюзік-Расткоўска зараз працуе над адмысловай праграмай развіцця сям’і, дзе большасць вышэйпералічаных пунктаў падтрымкі будуць закладзеныя:

“Акрамя іншага, вельмі важнымі ёсць пункты датычна медычнага забеспячэння сем’яў і дзяцей – гэта датычыцца і выхаваўчых ды навучальных установаў, цяжарных кабет, а таксама ўдасканальванне сістэмы дашкольнага выхавання”.