1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Якую назву будзе насіць Савецкая плошча?

У Магілёве ідуць спрэчкі, як перайменаваць Савецкую плошчу. Гарвыканкам прапаноўвае два варыянты – плошча Славы ці плошча Герояў. Трэці варыянт - гісторыкаў - Ратушная.

default

Як пераназваць Савецкую плошчу, гарвыканкам думае ўжо другі год. Летась, калі пачалася адбудова Ратушы, на сесіі гарсавета прапанова перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы не набрала неабходную большасць галасоў.

Магілёўскія чыноўнікі лічаць сябе героямі?

Прайшоў год, і чыноўнікі яшчэ раз спрабуюць праціснуць сваё рашэнне. Прапаноўваецца пераназваць Савецкую плошчу ў плошчу Герояў. Найбольш знаным экспертам у гэтым пытанні з’яўляецца адзіны незалежны дэпутат Магілёўскага гарсавету, гісторык, аўтар кнігі пра гісторыю Ратушы Аляксандар Агееў:

“Мне здаецца зараз, калі аднавілі Ратушу ў гэтым годзе, такая нейтральная назва, якая б задаволіла ўсіх, была бы “Ратушная”. Але гэта мне так здаецца. Я ведаю, што і многім магілёўскім гісторыкам, і нават некаторым дэпутатам таксама даспадобы такая прапанова. Але там ёсць яшчэ мемарыял “Змагарам за савецкую ўладу”. Ён пабудаваны недзе ў 1981-1982 гадах. Яго зараз пераабсталёўваюць, нешта ўдасканальваюць, нешта прыбіраюць. І ўзнікла прапанова такая з боку чыноўнікаў, што трэба было б назваць “Плошчай Герояў”. Плошча Герояў шмат каму прыйшла недаспадобы. Мы самі сябе ўслаўляем. Мы героі? Якія героі?”

Бюракратычная сістэма перашкаджае прыняццю рашэння


Гістарычная назва плошчы – Гандлёвая. Да кастрычніцкага перавароту плошчу называлі Губэрнатарскай. Савецкай плошча стала за бальшавікамі. Па словах Аляксандра Агеева, які дарэчы ўжо каля 7 гадоў працуе ў тапанімічнай камісіі гарвыканкаму, усе гэтыя часы даўно мінулі, і вяртацца да старых назоваў не мае сэнсу. Трэба глядзець наперад, але прыняццю новых рашэнняў перашкаджае бюракратызаваная працэдура:

“Ёсць тапанімічная камісія пры гарвыканкаме, там ёсць дэпутаты гарсавета, там ёсць ветэранская арганізацыя, БРСМ, гісторыкі, краязнаўцы. Такі цікавы орган, каторы не прымае рашэнні, але рыхтуе іх. Далей працэдура такая: гарвыканкам павінен прыняць рашэнне, потым гэтае рашэнне паступае на разгляд гарадскога савета. Фармальна гэтае рашэнне апошняе, але рэальна можа яшчэ абласны савет умяшацца. Так было, калі перайменоўвалі раёны горада - Ленінскі, Кастрычніцкі і Цэнтральны былі ў нас раёны. Потым два ўтварыліся – тады была прапанова адзін назваць Задняпроўскім, а другі Машэкаўскім. Але не прайшло, засталіся Кастрычніцкі і Ленінскі – на ўзроўні абласнога савета”.

Увосень Савецкай плошчы ў Магілёве можа не стаць

Тым не менш, нават кіраўнікі гораду адчуваюць патрэбу ў дэсаветызацыі гарадскіх назваў. Сам намесьнік старшыні гарвыканкаму Фёдар Міхеенка прапанаваў грамадзкасьці праз сродкі масавай інфармацыі паўдзельнічаць у абмеркаваньні новага назову плошчы ў цэнтры гораду. Гісторыкі гэтую ініцыятыву адразу ж падтрымалі. Як спадяецца Аляксандр Агеев, ўжо ўвосень хаця б адным савецкім тапанімам у горадзе на Дняпры стане меней:

“Трэба пахваліць Фёдара Міхеенку за тое, што няма спробы гвалтоўна ўзяць і сваю думку правесці. Так, ён выступае ў падтрымку некаторых высокапастаўленых асобаў аблвыканкама, што трэба Плошчай Славы назваць, але пры гэтым ён лічыць, што вельмі важна прыслухоўвацца да думкі людзей. Тут імпэту дужа вялікага няма. Ніякай праграмы тэрміновага ці масавага перайменавання няма. Паціху нешта адбываецца. Можа гэтая хваля і заціхне, і на ўзроўні прапановаў застанецца ў гэтым годзе. Але калі абмеркаванне пойдзе больш энэргічна, то можа быць восенню плошча будзе насіць ужо іншую назву”.