1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Экалагічнае паліва для Беларусі

Экалагічна чыстае дызельнае паліва на аснове раслінных алеяў шырока выкарыстоўваецца ў многіх краінах.

default

Экалагічна чыстае дызельнае паліва на аснове раслінных алеяў шырока выкарыстоўваецца ў многіх краінах. Напрыклад, Нямеччына ў 2006 годзе будзе валодаць магутнасцямі па вытворчасці 2 мільёнаў тон біяпаліва за год. Беларусь таксама імкнецца пазбавіцца ад энергазалежнасці і плануе да 2010 году давесці аб’ём вытворчасці біяпаліва да 10-15 адсоткаў у агульным памеры спажывання. А таму ў краіне будзе наладжаная прамысловая вытворчасць біяпаліва з рапсу для дызельных рухавікоў. У Мінску адбылося паседжанне прэзідыюму Саўміна, на якім вырашаліся арганізацыяныя пытанні па ўвядзенні тэхналогіяў па вытворчасці біяпаліва, распрацаваных навукоўцамі Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблемаў Белдзяржуніверсітэта.

Реалізацыя пректу беларускіх навукоўцаў па вытворчасці дызельнага паліва з рапсавага алею пачалася пры падтрымцы Беларускага інавацыйнага фонду у 2002 годзе. У Гарадзенскай вобласці на прадпрыемстве «Гроднабіяпрадукт» была адчыненая першая чарга завода па выпуску рапсавага алею. У Наваельні планавалася яго пераапрацоўка ў мецілавыя эфіры, якія, дарэчы, і з’яўляюцца дызельным біяпалівам.

Паводле намесніка дырэктара навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблемаў Уладзіміра Сімірскага, на выпрабавальнай устаноўцы ў Наваельні, магутнасць якой дзве тысячы тон за год, адпрацоўваюцца ўсе нюансы прамысловай вытворчасці экалагічна чыстага біяпаліва.

Яшчэ ўвесну гэтага году была зробленая першая партыя дызельнага паліва з рапсу для прамысловых выпрабаванняў, але да іх справа не дайшла. Чаму так доўга не вырашалася пытанне аб выкарыстанні распрацовак беларускіх навукоўцаў?

Дырэктар прадпрыемства «Уніхімпрам БДУ» Аляксандр Якубеня патлумачыў, што на мінулым тыдні на прэзідыюме Савета Міністраў вырашалася пытанне аб выбары тэхналогіяў для прамысловай вытворчасці біяпаліва. Паводле яго словаў, канцэрн «Белнафтахім» праяўляў пэўны недавер да айчыйных тэхналогіяў. Ужо пададзеная заява на патэнт, але вынікаў трэба чакаць не меньш як тры гады. Прэзідыюм Саўміна прыняў рашэнне - выкарыстоўваць тэхналогіі беларускіх навукоўцаў, але частку абсталявання трэба закупаць за мяжой.

Паводле Аляксандра Якубені, гэтая пастанова будзе першым крокам для стварэння новай галіны, аб”ём вытворчасці якой акрэслены ў 400 мильёнаў даляраў. Пры гэтым вытворчасць рапсу ў краіне павялічыцца да 1 мільёна тон. Такім чынам, будзе атрымана не толькі імпартазамяшчальная прадукцыя, але іншыя прадукты – тэхнічнае мыла, гліцэрын і макуха для вытворчасці кармоў.

Паводле рашэнняў Саўміна будуць выдаткаваныя сродкі на далейшыя навуковыя распрацоўкі ў галіне вытворчасці дызельнага біяпаліва, а таксама распрацаваная праграма па стандартызацыі. Пасля выпрабаванняў будуць удасканаленыя рухавікі беларускай вытворчасці. А ў пашпартах трактароў, якія Беларусь прадае за мяжу, будзе запісана, што яны працуюць, у тым ліку, і на біядызеле.

Па разліках навукоўцаў, кошт на біяпаліва будзе меньшы, чым на традыцыйнае нафтавае, амаль на 10 адсоткаў.

Плануецца распрацоўка новай акцызнай палітыкі ў галіне яго выкарыстання. Для масавай вытворчасці біяпаліва сельская гаспадарка будзе часткова перапрафіліяваная на вырошчванне рапсу. А ў Гарадзенскай вобласці ўжо летась у звязку з адкрыццём вытворчасці рапсавага алею былі павялічаныя пасяўныя плошчы пад рапс. Яго сабралі ў 20 разоў больш.

Інстытут фізіка-хімічных праблемаў Белдзяржуніверсітэту разам з Дзяржстандартам працуе з вызначэннем колькасці дабавак біяпаліва ў рухавікі беларускай вытворчасці.

У Беларусі ў 2004 годзе патрэбнасць нафтавага дызельнага паліва ва ўсіх гаспадарках краіны склала 1 млн 740 тысяч тон. Як сцвярджаюць спецыялісты, калі наладзіць вытворчасць уласнага біяпаліва да 300 тысячаў тон за год, краіна не адстане ад Эўропы.