1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Што перашкаджае ўязному турызму на Беларусі?

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі запатрабаваў за пяць гадоў прыцягнуць у краіну тры мільёны турыстаў.Ці рэальна выкананне патрабавання ўраду?

Галоўная задача, сказаў прэм'ер міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, - стварыць інфраструктуру - гатэлі, турбазы, месцы адпачынку. Кіраўнікі турфірм аддаюць належнае Сідорскаму, які вызначыў адну з асноўных праблемаў развіцця ўязнога турызму. Але, акрамя адсутнасці інфраструктуры з адпаведным узроўнем камфорту, яны згадваюць працэдуру атрымання беларускай візы і яе высокі кошт, а таксама шэраг іншых праблемаў.

На пытанне, якія складанасці сёння існуюць для арганізацыі замежнага турызму ў Беларусі, дырэктар турфірмы "Мерлінтур" Іна Масленнікава адказала, што ў бальшыні кампаніяў - праблемы з афармленнем турыстычных ваўчараў. Па новых правілах інтурыст, які прыязджае ў Беларусь, павінен мець арыгінал турыстычнага ваўчара, які тэхнічна цяжка пераправіць замежнаму партнёру. Турваўчар - унутраны дакумент строгай справаздачнасці, які пацвярджае легітымнасць знаходжання ў краіне. Там паказаныя тэрміны знаходжання, адрас гатэлю, фірма - арганізатар тура, якая нясе адказнасць за турыста, уключаючы страхаванне, пражыванне, аказанне турыстычных паслугаў. У "Мерлінтура", які мае офіс у Парыжы, праз які гэта фірма і прыцягвае большасць інтурыстаў, такіх праблемаў няма. Але гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў. Бальшыня беларускіх турфірмаў не маюць сталых партнёраў сярод замежных туркампаніяў, і працэс перадачы арыгінала ваўчара для іх даволі няпросты.

Выканаўчы дырэктар Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмейстэр вызначыў і іншую праблему: форма ваўчара настолькі складаная, што ў некаторых фірмах яго запаўненнем займаюцца адмыслова нанятыя для гэтай працы супрацоўнікі. Туркампаніі аддаюць перавагу прыстасаванню да ўмоваў, каб не марнаваць час на дыскусіі з мэтай змяніць дзейны парадак.

Валянцін Цэхмейстэр вызначыў таксама і праблему праезду праз дзяржаўную мяжу. Ён лічыць, что прадугледжаны для турыстаў "зялёны калідор" на справе не такі ўжо і зялёны. Па законе турыстычныя аўтобусы на мяжы павінныя абслугоўвацца на працягу не больш за паўгадзіны, але на справе гэта выглядае інакш. У некаторых турыстаў, якія кольвеч прастаялі на нашай мяжы 6-8 гадзінаў, больш не ўзнікае жадання апынуцца на ёй, гаворыць Цэхмейстэр. І дадае, што ў Беларусі пакуль нават не абмяркоўваецца праблема будаўніцтва танных гатэляў і кемпінгаў, што, з яго меркавання, неабходна, бо далёка не заўсёды інтурысты - заможныя людзі. У ліку перашкодаў ён таксама адзначыў новы парадак, пры якім тыя, хто праязджае транзітам па Беларусі, не маюць права адхіляцца ад курсу, нават калі ім захочацца наведаць нейкі турыстычны аб’ект.

Каментуючы патрабаванне прэм'ер-міністра, Цэхмейстэр адказаў сцісла: прыйдзецца выконваць. Але ён перасцярог службоўцаў, якія будуюць авантурныя планы, і адзначыў, што праграма на 2001-2005 гады выкананая не была, хоць там былі блізкія да рэальнасці лічбы. У 2001-м планавалі прыняць 74 тысячы замежнікаў, прынялі 60, у 2005-м планавалі 120 тысяч, прынялі 90. Цяпер жа гаворка ідзе пра дзесяціразовае павелічэнне.