1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Шматлікія затрыманні падчас сустрэчаў кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі

Сярод тых, хто найбліжэйшыя дні правядзе ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, не толькі беларусы, але і грамадзяне Украіны

default

Ад шматтысячных штрафаў да 15 сутак адміністратыўнага арышту - такія прысуды выносілі сёння раённыя суды беларускай сталіцы затрыманым напярэдадні ўдзельнікам сустрэчаў з кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. Сярод тых, хто найбліжэйшыя дні правядзе ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, не толькі беларусы, але і грамадзяне Украіны. Пазбегнуць адміністратыўнага арышту ім не дапамагло нават умяшальніцтва дыпламатычнага прадстаўніцтва Украіны ў Беларусі.

У нядзелю ў Мінску адбыліся тры сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі. На гэтыя сустрэчы прыехалі і грамадзяне Украіны – прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў. Ні водная з сустрэчаў не завершылася без затрыманняў. Характэрна, што людзей невядомыя ў цывільным затрымлівалі не ў часе саміх сустрэчаў, але па іх завяршэнні. Пасля апошняй сустрэчы з Мілінкевічам каля лядовага палацу грамадзянаў проста хапалі на прыпынку грамадскага транспарту, прычым не высвятлялі асобаў і не прад’яўлялі дакументаў. Усяго ў нядзелю былі затрыманыя 20 чалавек. У панядзелак ад самага ранку ў трох раённых судах Мінску – Ленінскім, Цэнтральным и Фрунзенскім – пачаліся адміністратыўныя працэсы. І адразу ж стала зразумела, што суддзі настроеныя вельмі рашуча супраць абвінавачаных.

Да апоўдня з судоў пачалі паступаць першыя вынікі – 15 сутак адміністратыўнага арышту, 8 сутак, штраф амаль у мільён рублёў, трое сутак арышту, дзесяць сутак, дванаццаць…Судовы канвеер не спыняе сваю працу да самага вечара. Сярод тых, хто трапіў у жорны беларускае «фемиды» - украінцы Мікалай Карпінскі, прадстаўнік Украінскага народнага блоку астэнкі-Плюшча, якога засудзілі на 10 сутак, сябра Усеукраінскага моладзевага грамадскага аб’яднання «Студэнцкае брацтва» Наталля Касарчук, таксама змушаная правесці ў спецпрыёмніку-размеркавальніку 10 сутак, Ігар Галубіцкі, Арцём Бажынскі і непаўнагадовы Цімур Літвін. Іх звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, а таксама у тым, што маладзёны быццам бы выкрыквали антыпрэзідэнцкія і антыбеларускія лозунгі і нецэнзурна лаяліся. Прадстаўникоў Украіны здзіўляла, што іх караюць больш жорстка, чым як саміх беларусаў.

Як сказаў карэспандэнту «Нямецкай хвалі» старшыня «Студэнцкага брацтва» Алег Яцэнка, які толькі выпадкова пазбегнуў арышту, «беларускія ўлады выкарыстоўваюць тыя ж метады, што за сваім часам выкарыстоўваць рэжым Леаніда Кучмы ва Украіне. Паводле Яцэнкі, тут «тыя ж суды, тыя ж ілжэсведкі, якіх не было на месцы правядзення мерапрыемства, усё тое ж, што мы ў сваёй краіне ўжо перамаглі». «Мы прыехалі падтрымаць дэмакратычныя сілы ў Беларусі, і вось як трагічна ўсё завершылася», - адзначыў украінскі студэнцкі лідэр. Нагадаю, што ўчора ў часе выхаду ў жывы эфір з сустрэчы Мілінкевіча з выбарцами была затрыманая і некалькі гадзінаў правяла ў міліцэйскім пастарунку журналістка «5 каналу» украінскай тэлевізіі Ганна Гаражэнка.

Пасля свайго вызвалення Ганна Гаражэнка заявіла, што нідзе і ніколі не сутыкалася з такога ўзроўню хамствам і цынізмам, як у выпадку з беларускіміі спецслужбамі.

Сёння ж у судзе Кастрычніцкага раёну Мінску адбыліся суды над удзельнікамі сустрэчы з выбарцами кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, якая прайшла ўчора ля кінатэатра «Салют». Павал Кірушчанка і Сяргей Лаўрэнкін асуджаныя на 10 сутак адміністратыўнага арышту кожны, Уладзимір Высоцкі і Іван Шчарбакоў правядуць у зняволенні па трое сутак. Ім інкрымінавалі парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.