1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Чыноўнікі павінны адказаць за страчаную спадчыну

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры вырашыла хадайнічаць перад Саветам Эўропы зрабіць “неўязднымі” ў краіны Эўразвязу чыноўнікаў, якія найбольш моцна спрычыніліся да руйнавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў

default

Крэўскі замак - аб'ект эўрапейскага значэння, які знаходзіцца ў катастрафічным стане

Абаронцы спадчыны прапаноўваюць зрабіць “неўязднымі” міністра культуры Уладзіміра Мацвейчука, ягонага намесніка Уладзіміра Грыдзюшку, намесніка начальніка упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага, мэра Мінска Міхаіла Паўлава і галоўнага архітэктара сталіцы Віктара Нікіціна.

Зруйнаваны фрагмент Эўропы

Маштабы знішчэння нацыянальнай спадчыны старшыня Таварыста аховы помнікаў Антон Астаповіч назваў катастрафічнымі. У той жа час улады свядома ігнаруюць не толькі прапановы грамадскіх арганізацый і асобаў, дасведчаных ў справах зберажэння і інтэрпрытацыі помнікаў, але і нацыянальнае заканадаўства, міжнародныя методыкі і прававыя акты.

“Улічваючы працу на Беларусі слынных майстроў дойлідаў з краін Заходняй Эўропы, нашае багацце мае наднацыянальную, агульнаэўрапейскую каштоўнасць як фрагмент мазаікі, са стратай якога губляецца вартасць усяго твору”, - падкрэслівае Антон Астаповіч.

Рэканструкцыя Гародні, будаўніцтва лядовага палацу ў Бабруйскай крэпасці, руйнаванне дому № 17 па вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску – гэта апошнія выпадкі знішчэння аб’ектаў, якія ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

“У 2007 годзе дзяржаўны спіс у чарговы раз “пахудзеў” амаль на чвэрць. Як вынік з пачатку 90-х гадоў 20 стагоддзя пад аховай дзяржавы знходзілася 15 тысяч аб’ектаў, зараз жа трошкі болей за 4 тысячы”, - узгадвае старшыня Таварыства аховы помнікаў.

Дамовіцца з чыноўнікамі не атрымалася

За бліжэйшы месяц актывісты разлічваюць сфарміраваць неабходнае дасье на чыноўнікаў і адаслаць дакументы ў Савет Эўропы. Яны падкрэсліваюць, што гэтая ініцыятыва не мае палітычнай падаплёкі.

“Усе негвалтоўныя захады вычарапаныя: былі пікеты, былі круглыя сталы, былі тысячы публікацый супраць, напрыклад, пабудовы паркінга на Нямізе. Падпісвался народныя мастакі, пісьменнікі, акадэмікі архітэктуры, найлепшыя спецыялісты. Іхнія звароты засталіся проста без адказу”, - пералічвае гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.

Да абароны помнікаў год назад падключылася і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Па словах сябра аргакамітэту кампаніі “Журналісты за гістарычную спадчыну” Андрэя Аляксандрава, журналісты плануюць “сабраць раду экспертаў, якія здольныя былі б высунуць альтэрнатыўны закон, прапановы па удасканаленні заканадаўства, пытаннях адказнасці за парушэнні закону, каб яны прапацоўваліся і выносіліся на грамадаскае абмеркаванне і дасылалаіся ў дзяржаўныя органы на разгляд”.

Пра помнікі пад дыктоўку

18 красавіка, калі па ініцыятыве ЮНЭСКА святкуецца Міжнародны дзень аховы помнікаў, актывісты збіраюцца напісаць беларускую дыктоўку. Яе тэкстам стане зварот да прэзідэнта па справах захавання гісторыка-культурнай спадчыны, распавядае Антон Астаповіч: “У скверы каля Менскай ратушы. Мы ўсе напішам, хто прыйдзе. Адразу будуць канверты, адразу запакуем і панясем на пошту заказнымі лістамі. Усё гэта будзе адаслана на імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І хай адміністрацыя рыхтуе нам адказ”.

Тым часам улады разлічваюць да 2012 года перадаць на разгляд ЮНЭСКА дасье на пяць аб’ектаў гісторыка-культурнай спадычыны Беларусі для ўключэння іх ў Спіс сусветнай спадчыны.