1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Чым пісьменніца мінулага стагоддзя не дагадзіла сённяшнім уладам?

Беларуская інтэлігенцыя спрабуе дабіцца рэабілітацыі вядомай паэткі Ларысы Геніюш. Адпаведны запыт у Генеральную пракуратуру падпісалі усяго больш за 70 чалавек.

У 2000 годзе, у гонар 90-х угодак з дня нараджэння славутай паэткі, ансамбль “Песняры” запісаў на вершы Геніюш музычны дыск пад назвай “Жывем”. Да 100-гадовага юбілею Геніюш грамадскасць вырашыла зрабіць іншы падарунак прыхільнікам яе таленту – дабіцца пасмяротнай рэабілітацыі.

Адказ будзе адмоўны

Запыт у Генеральную пракуратуру падпісалі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэт, Грамадскага камітэта па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Сярод тых, хто падпісаў прадстаўленне аб рэабілітацыі, - пісьменнік Міхась Скобла, укладальнік і аўтар прадмовы да “Выбраных твораў” Ларысы Геніюш. Міхась Скобла заўважае, што прашэнне аб рэабілітацыі Геніюш падавалася ўжо не аднойчы: пры жыцці паэткі і два разы ўжо пасля яе смерці. Безвынікова. Ці будзе чарговая спроба мець плён, Міхась Скобла сумняецца. Ён чакае адмоўнага выніку, таму што “вядома, якая ў нас судовая сістэма, кім прызначаюцца пракуроры, у тым ліку і генеральны пракурор”.

Складаныя стасункі з уладай

Міхась Скобла даводзіць, што ягоны песімізм мае пад сабой глебу. “Аднойчы ў “Панараме” па беларускім тэлебачанні Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся, што ён асабіста знаёміўся са справай Ларысы Геніюш. Ім прынята, відаць, нейкае рашэнне, каб гэтая справа ляжала да пэўнай пары ў сховах. Калі б было нейкае іншае ягонае рашэнне, дык яна была б даўно рэабілітаваная”.

Ларыса Геніюш і пры жыцці мела складаныя стасункі з уладай. У часе Другой сусветнай вайны яна жыла ў чэскай Празе. А ў 1948 годзе Геніюш была пазбаўленая чэхаславацкага грамадзянства і дэпартаваная ў Беларусь. За “дапамогу міжнароднай буржуазіі і ажыццяўленне варожай дзейнасці супраць СССР” Ларыса Геніюш і яе муж Іван атрымалі па 25 гадоў зняволення. Сем гадоў рука паэткі трымала не пяро, а кірку і рыдлёўку.

Пасля вызвалення і да смерці Ларыса Геніюш жыла на радзіме мужа, у Зэльве (Гродзенская вобласць), пад няспынным наглядам савецкіх спецслужбаў. З таго часу Зэльва стала месцам паломніцтва для свядомых беларусаў, а асоба Ларысы Геніюш – сімвалам змагання і няскоранасці.

Людзі, на іх трымаецца Беларусь

Новыя пакаленні беларусаў выхоўваюцца на творчасці Ларысы Геніюш, хаця яна і знікла са школьных падручнікаў. Вершы Геніюш гучаць на папулярных музычных дысках “Я нарадзіўся тут”, “Песні свабоды”, трыб’юце «Жыць для Беларусі».

Колішні лідэр “Маладога Фронту” Павел Севярынец называе Ларысу Геніюш знакавай постаццю для свайго пакалення. “Ларыса Геніюш была адной з нямногіх, хто выстаяў да канца і ў веры ў Бога, і ў сваёй любові да Беларусі. Мы бачым, што такія людзі, як Ларыса Геніюш, Зміцер Дашкевіч, Іван Шыла – яны якраз і вытрымліваюць, на іх трымаецца Беларусь”, - ліча ён.