1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Чым прываблівае турыстаў старадаўні Віленскі шлях

Заўзятары з вёскі Камарова Мядзельскага района вырашылі адрадзіць былую славу самай кароткай дарогі, што яшчэ з часоў Сярэдневечча звязвала Полацк і Вільню.

default

Старадаўні шлях: ад полацкай Сафіі да віленскай вежы Гедыміна

Па значнасці для ВКЛ гэтую дарогу можна параўнаць з сучаснай трасай Брэст-Масква. Яна пачынала свой шлях у Полацку ад Заходняй Дзвіны, а ў мястэчку Міхалішкі падыходзіла да ракі Вілія - буйнейшага прытоку Нёмана, звязваючы Паазер’е і Панямонне.

Напалеонаўскія планы

У мінулым лічылі дарогу то гасцінцам, то трактам, то шляхам. Называлі і Альгердавай, і Вітаўтавай. Матэрыяльныя доказы колішняй прысутнасці тут вялікага князя дзе-нідзе захаваліся і цяпер. “Гэты мост не дзейнічае, але называюць яго мастом Вітаўта. Так і захавалася назва гэтая”, - распавядае краязнаўца Іван Драўніцкі.

У XVI стагоддзі па Полацка-Віленскім шляху ішлі войскі Стэфана Баторыя вызваляць Полацк ад навалы маскоўскіх захопнікаў на чале з Іванам Жахлівым. Падчас Паўночнай вайны тут ездзіў шведскі кароль Карл XII. А ў 1812 годзе войскі Напалеона ішлі на Санкт-Пецярбург.

Паводле падання, конь Напалеона нібыта згубіў у адным з возераў залатое стрэмя. Пакуль яго шукалі, агледзеўся французскі імператар і вырашыў, што абавязкова вернецца ў гэтыя прыгожыя мясціны. Які працяг для старого Віленскага шляху мелі напалеонаўскія планы, распавядае Іван Драўніцкі: "Але потым бег ён цераз Смаргонь і сюды вярнуцца не змог. А тое стрэмя знайшлі-такі. Дядзька, які там жыў. Ён кожны метр граблямі перагроб. І прадаўшы гэтае стрэмя, пабудаваў там дом. Ад яго цяпер застаўся толькі пограб, такі мураваны, харошы".

Як касцёл праваліўся скрозь зямлю

Сучасная шаша Полацк-Вільнюс – спадкаемца гістарычнага шляху. Яе працягласць крыху больш за 250 кіламетраў. У XX стагодзі яе спрамілі, заасфальтавалі. Але дзе-нідзе новая магістраль судакранаецца з той самай дарогай, якая звязвала старадаўнія мястэчкі і фальваркі. Уздоўж берага возера Падскасцёлак і зараз вядуць у лес дзве зарослыя травой каляіны. Ездзілі па іх калісьці гандляры. Неяк напалі на іх рабаўнікі. Вырашылі гандляры гарэлкай адкупіцца. Ішоў дождж, таму п’янку ладзілі ў касцёле. "І тады Бог пакараў – касцёл праваліўся скрозь зямлю. І месца Падкасцёлкам назвалі. Калі прыкласці вуха да зямлі, чутна, як званы звоняць", - гаворыць Іван Драўніцкі.

Дзе грошы закапаныя

Мяркуючы па мапе новага трансгранічнага маршруту, падрыхтаванай выдавецтвам “Рыфтур”, уздоўж Віленскага тракту шмат цікавых мясцін. Пад Празоркамі нарадзіўся стваральнік беларускага прафесійнага тэатру Ігнат Буйніцкі, паміж Мнютай і Авутай – прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаў Ластоўскі, у засценку Пунькі – мастак Язэп Драздовіч. А каля возера Шо, што побач з Віленскім шляхам, месціцца геаграфічны цэнтр Еўропы.

Эдуард Вайцяховіч, кіраўнік адзінага ў Беларусі Цэнтра сельскага прадпрымальніцтва ў вёсцы Камарова, перакананы: старадаўні тракт і сёння можа паспрыяць прытоку замежных турыстаў у Беларусь. “Аэрапорт у Вільнюсе мае бюджэтныя лініі коштам 39 еўра: Рым, Лондан, Парыж. Турыст прылятае, калі мы прапануем маршрут, ён глядзіць Вільнюс, а потым – цікавыя месцы ўздоўж шляху”.

Але, на жаль, інфраструктура турызма ўздоўж Віленскага шляху не развітая. Адказныя асобы мясцовага маштабу пакуль не разумеюць, што грошы, якія можна зарабіць на турызме, закапаныя проста на дарозе. Вось і на запрашэнне павандраваць па старым Віленскім шляху прадстаўнікі мясцовай улады не адгукнуліся.

Также по теме