1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Чым новыя правілы дарожнага руху лепш за старых?

Усяго ў правілы ўнесена прыблізна дзвесце дапаўненняў і паправак, аднак яны не з’яўляюцца чымсці абсалютна новым

default

З 1 студзеня ў Беларусі дзейнічаюць новыя правілы дарожнага руху. Яны былі перагледжаныя ў адпаведнасці з указам прэзідэнта Беларусі № 551 «Аб захадах па павышэнні бяспекі дарожнага руху». Аляксандр Лукашэнка палічыў, што папярэднія правілы не стваралі неабходных умоваў для падтрымкі бяспекі на дарогах.

Новыя правілы дарожнага руху сталіся пятымі для Беларусі. Але ўпершыню іх прымалі з улікам грамадскай думкі, папярэдне вывучыўшы больш за паўтары тысячы прапановаў грамадзянаў, грамадскіх аб’яднанняў, вышэйшых навучальных установаў і іншых арганізацыяў. І ўпершыню правілы зацвярджаў прэзідэнт краіны.

Усяго ў правілы ўнесена прыблізна дзвесце дапаўненняў і паправак. Але прадстаўнікі Міністэрства транспарту і Дзяржаўтаінспекцыі падкрэсліваюць, што Правілы, якія ўступілі ў дзеянне з 1-га студзеня 2006 году, зусім не з’яўляюцца чымсці абсалютна новым. Яны толькі прыведзеныя ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі да бяспекі дарожнага руху.

Згодна змененай «дарожнай бібліі», да прыкладу, цяпер кіроўца абавязаны спыняцца не толькі па патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ ў службовым адзенні, але таксама супрацоўнікаў усіх сілавых структураў Беларусі. У гэтым спісе пералічаныя прадстаўнікі МУС, Узброеных Сілаў, дэпартамента Дзяржаўнай аховы, памежнай і мытнай службаў, органаў аховы навакольнага асяроддзя. Праўда, пазначана, што яны маюць права спынення транспартных сродкаў толькі для выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Дарэчы, Правілы прадугледжваюць і шэраг захадаў, якія выключаюць магчымасць злоўжывання: службовыя асобы мусяць быць у форме, мець для спынення транспарту дыск з чырвоным святловяртальнікам, а таксама тлумачыць кіроўцу прычыну выкарыстання яго машыны ў дзяржаўных мэтах.

Самую бурную рэакцыю, напэўна, выклікае норма, якая дазваляе маршрутным таксоўкам і грамадскаму транспарту рухацца толькі па правай паласе. І калі кіроўцы грамадскага транспарту ў прынцыпе і так рухаюцца па гэтай паласе, дык «маршрутчыкам» навацыя можа істотна адгукнуцца на кішэні. Кіроўцы маршрутных таксовак у Гомелі, да прыкладу, мяркуюць, што такая норма ўвогуле ставіць пад сумнеў існаванне іх бізнесу. Бо заробак «маршрутчыкаў» грунтуецца на тым, што яны хутчэй за аўтобусы і тралейбусы перавозяць пасажыраў. А калі маршрутка, праезд у якой каштуе ў некалькі разоў даражэй, будзе цягнуцца за тралейбусам, то, натуральна, яе паслугамі ніхто не будзе карыстацца.

У адпаведнасці з новымі правіламі дарожнага руху кошт тэхагляду цяпер будзе вызначаць не Міністэрства транспарту і камунікацыяў, а ўрад па ўзгадненні з прэзідэнтам. І адзіны памер платы за навучанне ў аўташколах таксама будзе зацвярджацца Саўмінам і таксама па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы.