1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Чым займаецца Беларуская Індымедыя?

Ужо больш за год дзейнічае віртуальны інфармацыйны рэсурс пад назвай Беларуская Індымедыя. Гэта інтэрнет-пляцоўка, на якой калектыў незалежных аўтараў прапаноўвае некамерцыйнае асвятленне падзей.

default

Новы аператыўны інфармацыйны канал гатовы для ўзаемадзеяння з усімі карыстальнікамі, яго галоўныя прынцыпы – адкрытасць і адсутнасць дыскрымінацыі. Само слова Індымедыя – гэта англійская абрэвіятура, якая тлумачыцца як Незалежны медыя-цэнтр.

Беларускія стваральнікі грамадскага праекта сваёй мэтай ставяць забеспячэнне грамадства свабоднай і аператыўнай інфармацыяй, якая не праходзіць фільтр дзяржаўнай, камерцыйнай ці партыйнай цэнзуры. Для гэтага прадастаўляецца механізм адкрытай публікацыі, калі любы чалавек, які мае доступ да інтэрнету, можа самастойна публікаваць на сайце разнастайныя матэрыялы і пакідаць свае водгукі на ўжо апублікаваныя. Абмежаванне для матэрыялаў толькі адно – яны не павінны змяшчаць ніякай дыскрымінацыі расісцкага, антысеміцкага, таталітарнага кшталту. Індымедыя прапагандуе ідэю пераўтварэння простага спажыўца навінаў у іх вытворцу, таму ўхваляе распрацоўку ўласнага погляду “знізу” на палітычныя падзеі і сацыяльныя працэсы.

Напрыканцы мінулага года беларускі медыя-цэнтр увайшоў у міжнародную сетку Індымедыя, якая аб’ядноўвае больш за сотню медыя-цэнтраў з усяго свету. Уласны сайт Індымедыя маецца амаль у кожнай краіне. Увогуле, свайму з’яўленню Індымедыя абавязана антыглабалісцкаму руху. Пачынаючы з 1999 года, Індымедыя на Захадзе – гэта своеасаблівы віртуальны штаб разнастайных грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, якія змагаюцца з наступствамі глабалізацыі ў яе сённяшняй форме.

Беларуская Індымедыя мае свае спецыфічныя задачы, паколькі нават працэс глабалізацыі ў Беларусі наўпрост звязваецца з палітыкай. Пра гэта «Нямецкай хвалі» распавёў адзін з карэспандэнтаў Індымедыі, каардынатар сацыяльнага руху «Разам» Юры Глушакоў. Ён адзначыў, што з аднаго боку можа стварыцца ўражанне, што рэжым у Беларусі імкнецца паказаць сябе прыхільнікам антыглабалізму. У прыватнасці, пра гэта сведчыць выступ Аляксандра Лукашэнкі на сесіі Генасамблеі ААН, дзе ён гаварыў як своаесаблівы лідэр антыімперыялістычнага руху і праціўнік міжнародных фінансавых інстытутаў. З іншага боку, на думку Глушакова, беларускі прэзідэнт з’яўляецца адзіным уласнікам карпарацыі пад назвай Рэспубліка Беларусь. Гэта між іншым пацвярджае хуткі ўсеагульны пераход у Беларусі на тэрміновую кантрактную сістэму, якога не ведала ніводная краіна свету і які можа адбывацца толькі ўнутры карпарацыі, дзе забароненыя прафсаюзы. Карпарацыя і дзяржава ў нашай краіне – гэта адно і тое ж, падкрэсліў Юры Глушакоў.

Беларуская Індымедыя спрабуе развеяць міфы пра дэмакратычныя настроі беларускага рэжыму і прапаноўвае інтэрнет-прастору для адкрытага палітычнага дыялогу без якіх-небудзь жорсткіх межаў. Бо менавіта такі фармат узаемадзеяння, на думку стваральнікаў рэсурса, садзейнічае наладжванню дэмакратычнага кантролю за дзяржаўнымі інстытуцыямі.