1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Чаканні і намаганні

Дэлегатаў, як і чакалася, былі сотні з усіх рэгіёнаў краіны. Але адразу, яшчэ да пачатку форуму, адчувалася, што атмасфэра яго будзе кшталту надвор’я – гарачай.

Яшчэ перад пачаткам Кангрэсу засяроджаныя лідэры найбуйнейшых палітычных суб’ектаў краіны былі адзіныя толькі ў тым, што жадалі посьпеху працы дэлегатаў. Інтрыгі надаў яшчэ і факт датэрмінова-умоўгаша вызвалення з “хіміі” заснавальніка Маладога фронту Паўла Севярынца і лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалая Статкевіча. Апошні прыбыў на Кангрэс

“са стратэгіяй барацьбы, з еўрапейскай стратэгіяй. Як належыць каардынатару Еўрапейскай кааліцыі. Я чакаю, каб Кангрэс вызначыў, будзем змагацца ці не. Таму што тую стратэгію, якую я бачыў у красавіку – гэта не стратэгія змагання, гэта бяспечная стратэгія. Я думаю, што ўлада сама не эфалюцыянуе, калі, як казаў Хаджа Насрэдзін, з дапамогаю палкі і вяроўкі ей не дапамагчы. Трэба змагацца. Толькі тады з вамі будуць размаўляць, весці дыялог. А каб змагацца, патрэбны сцяг для войска. А сцяг для войска – еўрапейскі сцяг, і моладзь пад гэты сцяг пойдзе”.

Першы кіраўнік дэмакратычнай Беларусі прафесар Станіслаў Шушкевіч лічыць станоўшчым той факт, што форум адбываецца на тэрыторыі Беларусі.

“Тое, што кангрэс адбываецца - гэта ўжо невялічкая перамога дэмакратычных сілаў. Гэта ўжо дасягненне, але невялікае. Я спадзяюся, што Кангрэс прыме тое рашэнне, якое мне здаецца найбольш лагічным: што ён захавае нашага адзінага лідэра, якога паважае ўся Еўропа, і па майму абсалютнаму перакананню, большасць дасведчаных беларусаў. Гэтая большасць невызначальная сёння, але рэйтынг Мілінкевіча больш чым у 10 разоў большы за ўсіх разам узятых прэтэндэнтаў на кіраўніцтва”.

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч таксама задаволены фактам адбыцця Кангрэсу дэмсілаў на тэрыторыі Беларусі:

“Я рады, што Кангрэс сабраўся. Незалежна ад таго, наколькі паспяховыя будуць вынікі размовы, але сам факт, што абмен думкамі на такім высокім узроўні адбудзецца, я лічу, что гэта вельмі важна”.

На форум арганізавана прыехалі і амбасадары практычна ўсіх еўрапейскіх дзяржаваў. Не было толькі расійскіх дыпламатаў, хаця Расія ўсё ж была прадстаўленая ў асобах лідэра Саюзу правых сілаў Мікіты Бялых і дэпутата Дзяржаўнае думы Уладзіміра Рыжкова. Кіраўнік нямецкай дыпмісіі ў Беларусі Марцін Хекер станоўча ацаніў магчымасць правядзення КДС у Мінску:

“Мы расцэньваем гэты факт як станоўчы знак, гэтак сама як і вызваленне палітычных вязняў напярэдадні. Мы спадзяемся, што будуць вызваленыя ўсе астатнія, я падкрэсліваю, усе астатнія палітычныя зняволеныя, у тым ліку і Казулін. Вызваленне магло б спрыяць наладжанню стасункаў паміж Беларуссю і Еўропай. Што да самога Кангрэсу, то я не магу сказаць, што я магу ад яго чакаць. Я думаю, што там будуць спрэчкі, і праз гэтыя спрэчкі можна страціць дынаміку, але я хачу спадзявацца, што Кангрэс зробіцца сімвалам моцы дэмакратычнай свядомасці ў Беларусі, і я спадзяюся, што атмасфера, у якой адбываецца форум, будзе спрыяльнай для яго вынікаў”.

І яшчэ факт. Дзеля асвятлення на Кангрэс акрэдытаваліся больш за сто журналістаў ад 45 СМІ з розных краінаў свету. Супрацоўнікаў дзяржаўных электронных медыяў арганізатары вырашылі на форум не пускаць.