1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Чаго не хапае вёсцы Моталь, каб стаць дзяржавай ў дзяржаве?

Насельнікі вёскі Моталь на беларускім Палессі спрадвеку вылучаюцца здольнасцю здабываць грошы “з паветра” і жыць “не так, як усе”. Нават мова, на якой яны размаўляюць - выключна тутэйшая.

default

Мотальскі музей народнай творчасці

Калісьці прадпрымальны чалавек па імені Матыль пабудаваў тут першы на Беларусі “гатэль” – заезны дом. І менавіта адсюль за савецкім часам пайшла па ўсёй краіне мода на “дублёнкі”.

Свабода – рухавік цывілізацыі

Карані прадпрымальніцкай жылкі тутэйшых жыхароў супрацоўніца Мотальскага музея народнай творчасці Марыя Ксёнда бачыць у тым, што маталяне валодалі Магдэбургскім правам і былі незалежнымі:

„Да 1939 года, пакуль наша тэрыторыя была пад Польшчай, плошча мястэчка мела назву пляц каралевы Боны. У гонар італьянскай прынцэсы, жонкі караля Жыгімонта I Старога Боны Сфорцы, якая не раз сюды наведвалася. Пінскія землі, у склад якіх уваходзіў і Моталь, былі дараваныя ёй у шлюбны падарунак”.

Бона Сфорца прывезла сюды майстроў-рамеснікаў з Германіі і дойлідаў з Італіі. Таму ў Моталі і па цяпершані час распаўсюджаныя адметныя прозвішчы, якіх няма ў наваколлі – Кульбеда, Шыкалай, Кузюр.

Бізнес на кажухах і прэзідэнце

Пра вынаходлівасць маталян ходзяць показкі. Гавораць, што мотальскае цяля разумнейшае за дзіця з сяла. З-за навакольных балотаў маталяне заўсёды мелі мала зямлі. Але ў лапцях ніколі не хадзілі. З 50-х гадоў мінулага стагоддзя тут у адмысловых цяпліцах – “спектах” – вырошчвалі гуркі, якія прадавалі нават у сталіцы. Потым знайшлі новы прыбытковы бізнес:

“У 60-я -70-я гады ў Моталі быў усплёск дублёначнай моды. Моталь грымеў на ўсю краіну і далёка за межамі. Ехалі купцы з усіх рэгіёнаў былога Савецкага Саюза. Былі ў вёсцы павадыры – людзі, якія па вуліцах вадзілі і ведалі, у якой хаце, якога памеру дублёнкі: дзіцячыя, жаночыя… Добрыя грошы зарабілі мотальскія”.

Але тыя грошы на пачатку 90-х гадоў сталі нічога не вартыя, скардзіцца мясцовая жыхарка Таісія Рыгораўна: “І шыла, і вырабляла тыя кажухі. З мужыком начавала ў скірдах, калі па аўчыны ездзілі. Выраблялі самі. І грошы збіралі. Рабілі добрыя кажухі, а грошы прапалі ды ніхто не аддае. У меня 55 тысяч прапала на кніжцы”.

Маталяне пабедавалі і вынайшлі новыя крыніцы заробкаў. А цяпер вялікія спадзяванні звязваюць у Моталі з магчымым адкрыццём культурнага цэнтра ў доме, дзе жыў першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман.

“Гэта – вялікі плюс, бо турысты з усяго свету будуць ехаць”, - спадзяюцца мясцовыя жыхары. Сёння любы з іх гатовы правесці турыста да знакамітага дома. Пакуль на дабрачыннай аснове. Ці ўсё ж такі ў мэтах рэкламнай раскруткі?

Незалежная “Рэспубліка Моталь”

Сярод суседзяў маталяне трымаюцца асабняком. Нават мову маюць іншую. “Мова ў нас не беларуская. Размаўляем мы толькі на мясцовым дыялекце”, - падкрэслівае Марыя Ксёнда. Гэтую мову не вывучаюць у школе, але кожны з амаль 5 тысяч маталян валодае ёю.

“Мы не нацыяналісты, але свой гонар нясем. Што тычыць Моталя - гэта была дыяспара, якая “варылася ў сваім катле”. Лічылася за сорам, калі дзяўчына ідзе за нейкага з вёскі, або хлопец бярэ дзяўчыну з Моталя кудысьці на вёску. І таму так здарылася, што жаніліся маталяне толькі на маталянках”, - тлумачыць дырэктар музея Вольга Мацукевіч.

Суседзі заможным маталянам зайздросцяць. І ў той жа час іх паважаюць. Кажуць нават, што гэта райцэнтр Іванава знаходзіцца каля Моталя, а не Моталь каля Іванава. Навукоўцы называюць маталян “палесскімі ізалянтамі”, а культура, якую ім удалося захаваць, лічыцца ўнікальнай. Самі ж местачкоўцы амаль сур’ёзна сцвярджаюць, што для стварэння асобнай “Рэспублікі Моталь” ім не хапае толькі ўласнага спіртзавода.