1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Ці станецца калісьці дарэчы польскі досвед люстрацыі ў Беларусі?

Тэма люстрацыі застаецца адной з актуальных у Польшчы. У грамадстве няма адзінага меркавання аб слушнасці працэсу. Прыхільнікі гавораць, што без яго немагчыма дэмакратыя, крытыкі - што могуць пацярпець нявінныя людзі.

Гутарка з дырэктарам бюро аддзелу грамадскай адукацыі польскага Інстытуту нацыянальнай памяці, доктарам гістарычных навук Янам Жарынам.

«Я лічу, што польскі досвед у справе люстрацыі мог бы стацца карысным для дзяржаваў былога Савецкага Звязу, што знаходзіліся ў цэнтры палітычных падзеў, і, натуральна, Беларусі. Я перакананы, што пераход таталітарнай дзяржавы ў дэмакратычную не можа адбыцца без гэтага натуральнага працэсу. Учынкі асобаў, датычных да рэпрэсіў супраць дэмакратычных актывістаў, чыноўнікаў, што падтрымлівалі таталітарны рэжым, не павінны сысці ў цень. Многія людзі зрабілі такі выбар свядома і зараз мусяць за гэта разлічвацца, несці адказнасць», - гаворыць Ян Жарын.

Паводле даследчыка, з польскага досведу вынікае, што першым крокам у люстрацыйным працэсе мусіць стацца адхіленне ад пасадаў і ўплыву на палітычныя працэсы ў краіне людзей, што cвядома падтрымлівалі сваёй дзейнасцю таталітарны рэжым. Па-другое, звяртае ўвагу экперт, належыла б правесці грунтоўнае даследванне архіваў, што застануцца ад таталітарнага кіраўніцтва з мэтаю выяўлення рэальнай колькасці асобаў, што супрацоўнічалі са спецслужбамі:

«Але тут хацеў бы засяродзіць увагу на тым, што кожны выпадак вымагае вельмі пільнага аналізу, да кожнай персоны трэба падыходзіць вельмі індывідуальна, каб нікога не пакрыўдзіць Напрыклад, ёсць дадзеныя, што чалавек супрацоўнічаў са спецслуцжбамі. Найбольш важная задача адмыслоўцаў – не спяшацца з высновамі і не навешваць адразу на чалавека ярлык здрадніка, а разабрацца, ці яго ўчынкі насамрэч шкодзілі, ці ён сам стаўся ахвярай сістэмы», - тлумачыць Ян Жарын.

Гісторык узгадвае і такую акалічнасць:

«У часы сталінскага тэрору многія ламалася і прымалі рашэнне аб супрацы з ворганамі. Чалавек сутыкаўся з нялёгкім выбарам: альбо згубіць сваю годнасць і стацца інфарматарам спецслужбаў, альбо трапіць за краты і нават згубіць жыццё, атрымаць смяротнае пакаранне. Таму вельмі складана адназначна судзіць чалавека за такі выбар. У 1960-80 гадах, натуральна, спецслужбы таксама шантажавалі сваіх патэнцыйных агентаў, але стасункі будаваліся паводле прынцыпу узаемаабмену, узаемадапамогі. То бок спецслужбы, напрыклад, дапамагалі свайму агенту з кар'ерай, а ўзамен гэты чалавек збіраў інфармацыю пра патэнцыйных „ворагаў рэжыму”. І з такіх асобаў, вядома, попыт ужо іншы».

Люстрацыйны працэс не можа будавацца на здагадках і інтэрпрытацыях. Усе высновы мусяць абапірацца на архіўныя дадзеныя і грунтоўны аналіз. А вось з гэтым могуць узнікнуць пэўныя праблемы:

«Шмат якія архівы так і не трапілі ў рукі даследчыкаў, бо былі знішчаныя былымі спецслужбамі. І таму, на жаль, многія пытанні застаюцца без адказаў: якім канкрэтна агентам з'яўляўся чалавек, пра што інфармаваў, якая была яго патэнцыйная шкадлівасць, як часта сустракаўся з ворганамі – пра многія такія акалічнасці, баюся, мы так і не даведаемся», - разважае гісторык.

Падсумоўваючы, Ян Жарын звяртае ўвагу на тое, што люстрацыя – працэс непазбежны, разам з тым ідэальнай яе мадэлі не існуе:

« Самы вялікі плюс на карысць люстрацыі – гэта адмова, адхіленне дэмакратычнай краіны ад укладаў і правілаў, што паўсталі і функцыянавалі ў часы таталітарнай сістэмы. Грамадзянская супольнасць мусіць даведацца праўду пра мінулае, якое, натуральна, мае ўплыў на сённяшнюю рэчаіснасць. Акрамя іншага, праз люстрацыю, на мой погляд, мусяць прайсці асобы, знітаваныя са сферамі «асаблівага даверу»: журналісты, выкладчыкі, што выхоўваюць новае пакаленне, палітычныя дзеячы, якія фармуюць грамадскую думку і палітычную свядомасць, супрацоўнікі праваахоўных ворганаў. Не павінна быць ніякіх сумневаў у іх маральным аўтарытэце, па-другое, не мусіць быць мажлівасць у кагосьці шантажаваць гэтых асобаў якім-кольвек кампраматам».