1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Ці насамрэч Еўропа павярнулася тварам да Беларусі?

7 кастрычніка ў Мінск прылятае старшыня АБСЕ, а міністр замежных справаў Беларусі праз некалькі дзён накіруецца ў Брусель. З чым звязана змена пазіцыі Еўропы дачынна да Беларусі?

default

Незадоўга да парламенцкіх выбараў прэзідэнт Беларусі заявіў, што, калі гэтыя выбары не будуць прызнаныя дэмакратычнымі з боку назіральнікаў АБСЕ, ён спыніць усе размовы з Захадам. Дэмакратычнымі і адпаведнымі міжнародным стандартам беларускія выбары місія БДІПЧ АБСЕ не прызнала, але ніхто разрываць стасункі з Еўропай не збіраецца. Больш за тое, і пасля дня галасавання робіцца ўражанне, што стасункі паміж Мінскам і Бруселем наадварот актывізуюцца.

Не зрухі, але інерцыя

Аднак, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што гэта не ёсць змены ў пазіцыі Еўропы, але засталая з перадвыбарных часоў інерцыя. “Настолькі былі ў Бруселі, Стасбургу і ў Вене перакананыя, што Лукашэнка сапраўды пачаў нейкія зрухі ці гатовы на нейкія зрухі, і настолькі лічылі гэта натуральным пасля расійскай агрэсіі супраць Грузіі, што запланавалі ўсе гэтыя захады яшчэ перад так званымі выбарамі, і гэта ўсё па інерцыі цяпер і адбываецца”.

З меркавання палітыка, “еўрапейская структура вельмі непаваротлівая, там складана ўсё ўзгадняць, яна няздольная на тонкую палітыку, і тое, што мы бачым цяпер, гэта плата Лукашэнку за шчодра раздадзеныя, хоць і нявыкананыя абяцанкі”.

“У Еўропе ёсць адчуванне бездапаможнасці, - лічыць кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – У яе ёсць адчуванне, што яна выкарыстала ўсё мажлівае і немажлівае, а поспехаў на беларуска-еўрапейскім фронце няма, і трэба шукаць нейкія новыя механізмы ўзаемадзеяння, больш адкрывацца для Лукашэнкі і больш адкрываць для сябе Лукашэнку”.

Барацьба за беларускі плацдарм

Па словах лідэра АГП, “ёсць пэўная занепакоенасць сярод часткі еўрапейскай эліты тым, што калі не будзе прысутнасці Еўропы ў Беларусі, то сюды прыйдзе Расія. А практыка сведчыць, што калі Еўропа не прысутнічае ў тым ці іншым рэгіёне, гэта не азначае, што для яе потым не будзе праблем. Прыкладам той жа Каўказ”.

З Анатолем Лябедзькам згодны і палітолаг Аляксандр Класкоўскі: “Натуральна, ёсць момант барацьбы за беларускі плацдарм паміж Масквой і Еўропай. У такім кантэксце ўзаемасувязь, канешне, прасочваецца”.

Як адзначае Анатоль Лябедзька, тут прысутнічае яшчэ і фактар уціску еўрапейскіх эканамічных колаў на палітычную эліту: “Многія бізнесоўцы, бізнес-структуры глядзяць на Беларусь як на краіну, дзе можна палепшыць сваё фінансавае самаадчуванне. Яны ціснуць на палітыкаў, і мы бачым, што мяняецца рыторыка”.

Аўтарытэт на падтрымцы народа

Што да далейшых дзеянняў беларускай апазіцыі, то Вінцук Вячорка падкрэсліў: “У першую чаргу, мы павінны грунтаваць наш аўтарытэт на падтрымцы нашым ідэям з боку беларускага народу. І я спадзяюся, што адказныя палітычныя сілы, Беларускі народны фронт скарыстаў гэтую кампанію для падтрымоўвання кантактаў, у першую чаргу, з беларускім грамадствам. Толькі тады з намі будуць лічыцца”.

Пра перспектывы далейшай еўрапейскай палітыкі дачынна да Беларусі першы намеснік старшыні БНФ заўважыў: “Расчараванне, знявага, якую перажылі еўрапейскія краіны і некаторыя еўразвязаўскія лідэры, калі Лукашэнка іх падмануў, мусіць іх усё ж такі падштурхнуць да больш прадуманай і больш адмеранай палітыкі”.

Паводле Вінцука Вячоркі, “калі дагэтуль у Беларусі не адбылося ніводнага іншага пазітыўнага кроку, акрамя вызвалення трох чалавек з міжнародна прызнанага спісу палітвязняў, то трэба чакаць на наступны рэальны змястоўны крок і тады толькі рабіць крок насустрач”.

Контекст