1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Ці можа 17-е верасня адзначацца як Дзень беларускага адзінства?

Дыскусія ў Гарадзенскім калегіуме Руху “За свабоду” - гэта водгук грамадскасці на прапанову праўладна арыентаваных гісторыкаў святкаваць гэты дзень з 2009 года.

default

Паводле прафесара гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Алеся Смалянчука, для беларускага народа – гэта трагічная дата. Незалежныя гісторыкі падаюць толькі прыкладную лічбу мірных жыхароў, рэпрэсаваных у Заходняй Беларусі да 1941 года – больш за 130 тысяч чалавек, з іх 30 тысяч растралялі. Больш за 60 тысяч польскіх вайскоўцаў былі інтэрніраваныя.

Успаміны сведкаў - крыніца гісторыі

Яскравымі сведчаннямі пакутаў жыхароў Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 года былі расказы гарадзенцаў. Ежы Кішкоўскі, які тады вучыўся ў чацвертым класе, узгадвае, як у Гародню увайшла Чырвоная Армія:

“Помню, ноччу страляюць у горадзе адны другіх, танкі ездзяць, гэта не немцы ідуць – бальшэвікі. Бяда будзе, так. як ў Расіі. Страшна, столькі народу пабілі, ні ў чым не павінных”.

Гісторык з Гародні Андрэй Вашкевіч распавёў аб тым, як жыў горад з прыходам бальшэвікоў:

“Усё ім не падабалася, і наша мова, і тое, што бабулі ходзяць у касцёл і царкву, і тое, што сярод дня звоняць званы, і тое, што пасля смерці блізкага чалавека чорную павязку ў знак жалобы пасля смерці блізкага чалавека носяць цэлы год”.

Ці трэба лічыць заявы аб наданні 17 верасня статуса святочнага дня правакацыйнымі?

Польскі гісторык Яўген Мірановіч прызнае, што пэўная частка жыхароў Заходняй Беларусі чакала змены ўлады і сустрэла Чырвоную армію з кветкамі.

“Пару месяцаў пасля, калі пачалі будаваць калгасы, пачалі знікаць людзі па невядомых прычынах, першыя эшэлоны паехалі на ўсход, гэтая ўлада пабачылася, не як свая, не тая, на якую чакалі”.

У каго больш за 15 гектараў зямлі, лічыліся кулакамі, зямлю ў іх адбіралі .

“Змена настрояў наступала вельмі хутка, вельмі радыкальна і несумненна. Чаму некатарых людзей забіралі, таму што прыйшлі і сказалі, што цябе хата крыта бляхаю – гэта віна?”

Рэпрэсіі савецкай улады былі накіраваныя і супраць святароў, як каталіцкіх , так і праваслаўных. Гарадзенец Станіслаў Клімовіч ўзгадвае, што бальшавікі забаранілі нават званы:

“Тады быў забаронены звон касцельны і царкоўны. Лічылася, калі званяць, дык гэта нейкая сувязь з Амерыкай".

Маці Клімовіча загінула у бальшавісцкім канцлагеры, а сам ён трапіў у дзіцячы прытулак.

Хрысціна Жулега была тады зусім малой, але памятае падзеі таго часу.

“Я дагэтуль не разумею, калі гэта была падача братняй рукі, то чаму 60% мясцовага насельніцтва вывязлі на Урал, на Сібір, чаму ў Катыні 22 тысячы палякаў растралялі, загубілі. Колькі крыві там праліта”.

Трэба "казаць праўду галосна"

У сям'і Жулегаў ведалі аб гэтым яшчэ тады, таму што іх крэўны арганізаваў пабег з Катыні і прыйшоў у Гародню .

"Так мы пражылі многа гадоў, так многія і зараз жывуць. Прыйшоў час сказаць праўду, і пакуль мы не навучымся казаць гэтую праўду галосна, нічога ў нас не будзе. Я за тое, каб людзі жылі ў згодзе, але я супраць, каб на касцях і крыві рабіць нейкае свята. Гэта немагчыма, гэта кашчунства".

На думку жыхаркі Гародні Наталлі Іваноўскай ,

"39 год – гэта была акупацыя камуністаў, ён вельмі актуальны для нас сёння. Камуністы зараз не бураць цэрквы, метады ў іх іншыя – калі я скажу "супраць", пацярплю я, або мае блізкія. Камунізм зноў адраджаецца. Калі мы пагадзімся, што гэта было свята, гэта была вызваленне, - гэта будзе падвоеннае зло – супраць нашаго народа, супраць нашай зямлі".

На думку гарадзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча, галоўны досвед, які мы можам вынесці з гэтых падзей, - гэта досвед агульнага суіснавання розных народаў на гэтай зямлі.

“Успаміны - так, але парахункі – ніколі. Паразумляючыся, захоўвая павагу адзін да аднага – я думаю, гэта тое найлепшае, што мы можам зрабіць у памяць аб закатаваных, загінуўшых у пакутлівым пекле 20 стагоддзя”.

Контекст