1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Ці лёгка быць меншасцю сярод большасці?

Беларуская меншасць Польшчы рыхтуецца да выбараў у ворганы мясцовага самакіравання. Беларусы падзеленыя на два лагеры – прыхільнікаў дэмакратычнай Беларусі і тых, хто падтрымлівае дзейснага кіраўніка дзяржавы Лукашэнкі.

“Заўсёды прысутнічае ўсведамленне таго, што ты іншы. Як і ўсведамленне таго, што гэтая “іншасць” не заўсёды можа быць табе на карысць. З іншага боку, жывем з палякамі нармальна, звычайна, таксама, як і палякі з беларусамі на Беларусі. Хачу адзначыць, што асноўны канфлікт тут адбываецца не па лініі палякі-беларусы, а па лініі каталікі-праваслаўныя”.

“Я ніколі неадчувала сябе горшай за іншых. Заўсёды было наадварот: мая нацыянальнасць і культурная асаблівасць цікавілі людзей і ніколі не было нейкіх праблемаў з гэтым”,

-- гавораць беларусы Беласточчыны. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва гэтага калісьці беларускага рэгіёна, на дадзены момант тут жыве каля 50-ці тысячаў беларусаў.

“Калі ж дадаць да гэтага палякаў беларускага паходжання, то атрымліваецца недзе каля 150-200 тысячаў. Што ў параўнанні з палякамі, якіх тут мільён дзвесці чалавек, нас, безумоўна, не так ужо і шмат”,

-- гаворыць старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак. Нягледзячы на такую дыспрапорцыю, тутэйшыя беларусы трывала інтэграваліся ў грамадскія і палітычныя працэсы рэгіёна, -- звяртае ўвагу галоўны рэдактар газеты беларусаў Польшчы Яўген Вапа:

“Беларуская меншасць прадстаўленая ва ўсіх сферах жыцця – культурнай, грамадскай, палітычнай. І гэта вельмі важна, што мы, нацыянальная меншасць, можам і хочам адказваць за сябе і сваю дзейнасць”.

Дарэчы, літаральна праз тыдзень на Беласточчыне адбудуцца выбары ў мясцовыя ворганы самакіравання – у якіх ужо па традыцыі бяруць удзел і прадстаўнікі беларускай меншасці. Папярэднія электаральныя кампаніі былі для беларусаў дастаткова паспяховымі, але з кожным разам сітуацыя робіцца ўсё больш складанай. Гаворыць Яўген Вапа:

“Гэта звязана з дэмаграфічнымі працэсамі. Вымірае беларуская вёска, у сувязі з гэтым змяншаецца выбарчы патэнцыял”.

Якія праблемы найбольш востра стаяць перад тутэйшымі беларусамі і якім чынам дэпутацкія мандаты дапамагаюць у іх вырашэнні? Старшыня “Беларускага дэмакратычнага аб’яднання”, настаўнік беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Яўген Янчук засяроджвае ўвагу на эканамічных, а таксама праблему паланізацыі нацыянальнай меншасці.

“Асіміляцыя непазбежная, але нашая задача – затрымаць гэты працэс”,

-- падкрэсліве выкладчык. Пра неабходнасць эканамічнага развіцця заяўляе і Яўген Вапа. І дадае пры гэтым, што “пры ўмове паляпшэння ўзроўню жыцця лягчэй будзе захаваць і беларускую культуру”.

Дарэчы, пра культурную спадчыну. Ці не атрымаецца так, што праз пэўны час аб беларускім духу на Беласточчыны застануцца толькі адныя ўспаміны?.. Старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Ілона Карпюк лічыць, што:

“Усё пачынаецца з дзіцячага ўзросту. Калі бацькі не будуць звяртаць увагі на зацікаўленасць дзяцей сваёй культурай, то тады не будзе шанцаў на яе захаванне тут – у Беластоку і Падляшшы”.

“Такое развіццё падзеяў мы мусім спыніць. Мы ня можам дазволіць стацца такой сітуацыі, каб праз 20-30 гадоў экскурсійным групам, якія будуць прыязджаць да Беластоку, распавядалі, маўляў, паглядзіце, тут калісьці жылі беларусы”,

-- дадае Яўген Янчук. Дарэчы, мае суразмоўцы па пашпарце – польскія грамадзяне. Але ўсе без выключэння называюць сябе беларусамі. Гаворыць Алег Латышонак:

« Я магу сказаць, што калі б Беларусь была незалежнай краінай, то я б пераехаў туды. Але, на жаль, я не магу назваць сённяшнюю Беларусь незалежнай”.

У такім выпадку, якія шанцы вяртання Беластоку Беларусі? – задаю правакацыйнае пытанне. Слова Ілоне Карпюк:

“У нас няма такіх намераў. Па-першае, палякі прызвычаіліся да таго, што Беласток польскі горад. І гэта дастаткова важны горад у гэтым рэгіёне. Плюс тут вельмі шмат палякаў-каталікоў, што ніколі не аддадуць Беласток Беларусі. Таму шанцаў на гэта вельмі мала”.