1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Ці зможа свет ацаніць цуды Каложы?

Увесну распачынаецца рэканструкцыя сімвала Гародні – Каложскай царквы. Ад яе выніку залежыць, ці зможа адзін з двух самых старажытных храмаў Беларусі быць унесеным у Спіс помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

default

Праект глабальнай рэканструкцыі Барыса-Глебскай (ці Каложскай) царквы распрацаваны. Але ён, як паведамілі ў Міністэрстве культуры,

“Пакуль што не ўзгоднены. Існуе патрэба ў дробязнай дапрацоўцы дакумента”.

Адказнасць вялікая: калі міжнародныя эксперты знойдуць нават самыя нязначныя парушэнні ў часе рэканструкцыі, Каложа застанецца па-за спісам сусветна вядомых дастапомнасцей.

Храм набудзе праваслаўны твар

“Вакол Каложскай царквы сёння вельмі вялікія спрэчкі. Некаторыя прапаноўваюць яе аднавіць у вобразе XII стагоддзя, якога ніхто з нас не ведае. І па крайняй меры, пачынаючы з XIII стагоддзя, ніхто не ведае, якой была Каложа", - гаворыць прадстаўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

Па вышыні Каложа захавала “родныя” сцены толькі на дзве траціны. Якімі былі сутарэнні і купал, невядома. Паўднёвая сцяна ў XIX стагоддзі абрынулася ў Нёман. Згодна з існуючым праектам рэканструкцыі, замест драўлянага “лапіка”, які замяніў гэты рог царквы, паявіцца канструкцыя з сучаснай плінфы - плоскай цэглы, якую вырабляюць у Ваўкавыску. “Барабан” асігнатуры на даху заменяць купалам.

“Навуковы кіраўнік Генадзь Лаўрэцкі прапанаваў, як мне здаецца, даволі арыгінальную форму рэканструкцыі з улікам фіксацыі XIX стагоддзя”, - падсумоўвае Ігар Чарняўскі.

Гісторык Алесь Краўцэвіч пісаў па Каложы дыпломную работу, працаваў тут на раскопках. У гэтым храме ён вянчаўся. Тут хрысціў сваіх дзяцей. Гісторык не ўхваляе маючыя адбыцца пераўтварэнні:

“Так званыя рэстаўратары пры актыўным удзеле праваслаўнай царквы хочуць яе аднавіць. Пабудаваць “цыбуліны”, купалы адбудаваць. І вось гэта самая вялікая пагроза для Гародні. Таму што такіх помнікаў у краіне няма. Яго могуць проста знішчыць”.

Дагэтуль Бог бараніў

Па меркаванні Алеся Краўцэвіча, царкву стагоддзямі ратавала тое, што яна месціцца на ўскрайку горада.

“Помнікі XII стагоддзя не ўспрымаюцца без сувязі з ландшафтам. І тут няма транспарту. Сюды людзі калі прыходзяць, дык прыходзяць да царквы спецыяльна”, - гаворыць Алесь.

Глыбіня падмурку Каложы ўсяго адзін метр. У глебе тут трапляюцца плямы крэйды, якая мае ўласцівасць растварацца ў часе дажджоў. Але калі адна сцяна абрынулася ў Нёман, царква засталася стаяць. Будаўнікі лічаць: гэта заслуга дойлідаў. Вернікі ж прыпісваюць цуд абразу Каложскай Божай Маці, які знік у часе першай сусветнай вайны.

Пасля таго храму, што вісеў над безданню, засталося разлічваць толькі на сучасныя тэхналогіі. Цяпер Каложа стаіць трывала: 20 жалезабетонных паляў трымаюць падпорную пляцоўку, а схіл “абгорнуты” бетонным поясам.

Цуды Каложы

Здалёк фасады Каложы падаюцца інкруставанымі “крыжаванкамі” з каштоўных каменяў. Насамрэч гэта зіхацяць вясёлкавымі колерамі ўмураваныя ў сцены керамічныя пліткі – маёліка.

“Такога нідзе няма ва Усходняй Еўропе. Спецыяльна прадуманая кампазіцыя. Камяні спецыяльна шліфаваныя і падабраныя па каляровай гаме. Каля гэтай сцяны, сапраўды, ёсць нейкае біялагічнае поле. Калі пасядзець там, гэта супакойвае адназначна”, - сцвярджае Алесь Краўцэвіч.

У сценах храма не злічыць маленькіх і вузкіх адтулiн. Яны пашыраюцца ў вялiкiя i шырокiя гліняныя гаршкi, умураваныя ў плінфу.

“І нават самы ціхі шэпт у адным канцы выдатна чуваць у другім. Няма ніякага разбіву эха. Неверагодна, адкуль яны ведалі тыя законы акустыкі?!”, - дзівіцца здольнасцям старажытных майстроў Краўцэвіч.

Ад будаўнікоў, якія праз некалькі месяцаў прыйдуць да Каложы, залежыць, ці зможа свет ацаніць гэтыя цуды.