1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Хіты беларускага рок-гурту 90-х гадоў «Мясцовы час» цяпер даступныя ў лічбавым фармаце

У музычных крамах Беларусі з’явіўся кампакт-дыск, на якім прадстаўленыя ў поўных версіях два альбомы - "Мой дом" і "Ускраіна", а таксама пара рарытэтных бонусаў, якія раней не выдаваліся ні на кастах, ні на кружэлках.

Сваё ўзыходжанне на Алімп беларускага рок-н-ролу каманда з Полацку пачынала пад назвай «Местное время». Аднак пад уплывам нацыянальна арыентаванага атачэння музыкі перайшлі на беларускамоўны рэпертуар і сталі «Мясцовым часам». Сярод тых, каго «Мясцовы час» называе сваімі настаўнікамі, - гурт «Мроя», яе ўдзельнікі цяпер больш вядомыя як N.R.M., і полацкі літаратар Алесь Аркуш.

Дарэчы, лідэр, вакаліст і гітарыст «Мясцовага часу» Алесь Кузьмін не меў базавай адукацыі ў беларускай мове. Калі ён вучыўся ў школе, існавала практыка вызвалення ад вывучэння гэтага прадмету – дастаткова было пісьмовай заявы ад бацькоў. Алесь Аркуш ад самага пачатку працаваў з «Мясцовым часам», дапамагаючы з перакладам тэкстаў песень. Па словах Аркуша, творчасць гурту заўважна рознілася ад астатняга тагачаснага року, у тым ліку і расійскага. Выразную маральную і хрысціянскую скіраванасць «Мясцовага часу» падкрэслівае той факт, што адзін з кліпаў гурту быў зроблены ў Сафійскім саборы ў Полацку. Для канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя гэта быў прэцэдэнт.

Лепшыя кампазіцыі «Мясцовага часу» былі напісаныя ў апошнія гады існавання СССР. Сваёй творчасцю музыкі сімбалізавалі змены ў жыцці ўсёй краіны. Музычныя эксперты сцвярджаюць, што альбом «Ускраіна», які выйшаў у свет у 1991 годзе, апярэдзіў узровень сталічных беларускіх рок-камандаў гадоў на дзесяць – як у тэхнічным, гэтак і ў ідэйным плане. Дзякуючы «Мясцоваму часу», Наваполацк на пачатку 90-х гадоў нават лічыўся сталіцай беларускага рок-н-ролу. Гэтым часам песні гурту стала гучалі на вядучых радыёстанцыях краіны, «Мясцовы час» здымалі на Беларускім тэлебачанні, запрашалі да ўдзелу ў галоўных музычных падзеях краіны. У 1991 годзе гурт стаў лепшым на фэсце беларускай музыкі ў Польшчы «Басовішча».

Аднак перыяд уздыму «Мясцовага часу» цягнуўся нядоўга. У новых умовах, калі матэр’яльныя складанасці захаланілі ідэйныя матывы, гурт не здолеў сябе знайсці. Пасля некалькіх спробаў рэанімацыі «Мясцовы час» стаў гісторыяй. З 2001 году лідэр гурту Алесь Кузьмін жыве ў Нямеччыне, дзе займаецца настройкай кандыцыянераў.

Тым не менш, слава гурту не згасае. Падцверджанне таму – узнаўленне лепшых альбомаў «Мясцовага часу» на кампакт-дыску. Выдаўцы CD плануюць таксама зладзіць канцэрт-трыб’ют "Мясцовага часу", на якім маладыя і вядомыя беларускія калектывы выканаюць песні легенды беларускага року.