1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Хваля арыштаў пашыраецца

Пасля выбуху ў Мінску ноччу 4 ліпеня па Беларусі пакацілася хваля арыштаў. Пра гэта заявілі на прэс-канферэнцыі ў пятніцу праваабаронцы і сваякі затрыманых дэмакратычных актывістаў, колькасць якіх ужо больш за 10 чалавек

default

Апроч былых актывістаў грамадскага аб’яднання “Белы легіён”, які спыніў сваю дзейнасць больш за пяць гадоў таму, за кратамі апынуліся асуджаныя да абмежавання волі на гучным “Працэсе 14” намеснік старшыні моладзевыга крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пашкевіч і актывіст арганізацыі БУНТ Антон Койпіш, а таксама моладзевыя дзеячы Ілля Богдан, Павал Кур’яновіч ды іншыя. Зараз усе яны знаходзяцца ў новазбудаваным ізалятары папярэдняга затрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. У кватэрах некаторых затрыманых праводзіліся ператрусы з канфіскацыяй не толькі наяўных у любой гаспадарцы балтоў, гаек, картонных пакункаў з-пад сокаў, але і кампутараў ды іншых рэчаў.

Як паведаміў юрыст Валянцін Стэфановіч, “большасць з маладзёнаў затрымана ўжо да дзесяці сутак у адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, і зараз перад следствам стаіць задача прад’явіць ім дастатковыя падставы, неабходныя для прад’яўлення абвінавачання. Калі цягам 10 сутак абвінавачанне не будзе прад’яўлена ўсім затрыманым, яны павінны быць выпушчаныя на волю”.

Пытанні без адказу

Паводле словаў жонкі затрыманага Міраслава Лазоўскага Ніны Шыдлоўскай, якая з’яўляецца намеснікам старшыні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, узнікае шэраг пытанняў, якія застаюцца без адказаў з боку афіцыйных асобаў:

“Справа вядзецца па артыкуле “злоснае хуліганства”, гэта юрысдыкцыя Міністэрства ўнутраных справаў. Затрыманні чамусці праводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Намеснік міністра ўнутраных справаў, адказны за раскрыццё злачынства, ніяк не каментуе ні сам ход следства – ёсць яно ці не, не каментуе затрыманні канкрэтна вось гэтых людзей, хаця іх прозвішчы з’явіліся публічна”.

Затрыманы моладзевы актывіст Павал Кур’яновіч паспеў паведаміць сваёй сятры Паліне нумар следчага па асоба важных справах КДБ:

“На маё пытанне, з якой нагоды затрыманы брат, ён адказаў, што з нагоды падзеяў 3-4 ліпеня. Я папрасіла яго ўдакладніць, але ён мяне перапыніў і сказаў: “У любым выпадку ў мяне пытанняў будзе больш, чым у яго адказаў”. То бок, відавочна, што палітыка цяперашняй улады накіраваная не на тое, каб злавіць рэальных злачынцаў”.

З апазіцыі робяць тэрарыстаў

“Пачалася новая выбарчая кампанія, мы нядаўна глядзелі серыял “Сеть”, дзе зноў жа ж гаварылася пра падрыхтоўку тэрарыстаў на базе Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, пра тое, што беларуская апазіцыя з’яўляецца патэнцыйным асяродкам для гадоўлі тэрарыстаў”,

- адзначае віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі и дадае:

“Затрыманы Ілля Богдан, моладзевы актывіст, праваабаронца, які канкрэтна займаўся дапамогаю ахвярам палітычных рэпрэсіяў, у якога канкрэтна пыталіся пра дзейнасць праваабаронцаў, чым мы займаемся, што мы робім у сувязі з гэтай выбарчай кампаніяй і ў сувязі ўвогуле з агульнай палітычнай сітуацыяй. Такі чынам, мне падаецца, улады збіраюць кампрамат на праваабаронцаў, хочуць заткнуць нам рот, але ў іх гэта не атрымаецца”.

Як адзначалі ўсе ўдзельнікі прэсавай канферэнцыі, пакуль спецслужбы затрымліваюць выключна актывістаў апазіцыі і нават тых арганізацыяў, якія, як “Белы легіён”, даўно спынілі сваё існаванне. Але не затрыманы ніводзін падазраваны, які б не меў дачынення да дэмакратычных структураў. На думку Алеся Бяляцкага, міліцыя абрала найбольш простую і найбольш прымітыўную версію, якая фактычна пераўтвараецца ў палітычны пераслед палітычных апанентаў і пачынае набываць рысы грамадскага тэрору.

Контекст