1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У 2008 годзе ў Магілеве будзе пабудавана SOS-Дзіцячая вёска

На сённяшні дзень У Беларусі на сённяшні дзень працуюць ужо дзве SOS-Дзіцячыя вёскі – у Бараўлянах і Мар’інай Горцы. Што ж такое SOS-Дзіцячая вёска і як будзе выглядаць яе магілёўскі варыянт?

default

У сакавіку 2008 года ў Магілёве на месцы былой псіхіятрычнай лякарні будзе пабудавана SOS-Дзіцячая вёска. Адпаведнае пагадненне ўжо падпісана паміж Магілёўскім аблвыканкамам і Міжнароднай дабрачыннай арганізацыяй SOS-Kinderdorf International.

На пабудову дзіцячай вёскі ў Магілёве будзе накіравана каля двух мільёнаў еўра спонсарамі і донарамі дабрачынных арганізацый з краін Заходняй Еўропы, пераважна з Нямеччыны. Плануецца таксама, што падрыхтоўка персаналу і ўтрыманне сірот, якія жывуць у вёсцы, будуць здзяйсняцца за сродкі замежнай дапамогі, а з дзяржаўнага бюджэту будзе выплочвацца толькі дапамога на дзяцей.

Што ж такое SOS-Дзіцячая вёска? Зараз гэта ўжо сусветна прызнаная мадэль працяглага выхавання сацыяльных сірот і дзяцей, якія страцілі бацькоў. Ідэя стварэння гэтых прататыпаў дамоў сямейнага кшталту належыць Герману Гмайнеру з Аўстрыі. Ён стварыў першую SOS-Дзіцячую вёску ў горадзе Імст у 1949 годзе на ахвяраванні звычайных людзей. У ёй пасяліліся дзеці, якія ў гады Другой Сусветнай вайны страцілі бацькоў і жыллё. Такія вёскі зараз існуюць у 132 краінах свету. У Беларусі на сённяшні дзень працуюць ужо дзве SOS-Дзіцячыя вёскі – у Бараўлянах і Мар’інай Горцы.

У Магілёве Міжнародная дабрачынная арганізацыя SOS-Kinderdorf International пабудуе такую ж дзіцячую вёску, як і ў іншых краінах. Гэта звычайна не больш за 14 двухпавярховых дамоў сядзібнага кшталту, дзе жывуць да 100 дзяцей са сваімі SOS-маці, гасцявы дом, адміністратыўны корпус з актавай заляй і блок бытавых памяшканняў. Мэбляй і тэхнікай усе дамы таксама абсталёўваюцца аднолькава.

SOS-Дзіцячыя вёскі заснаваны на сямейным падыходзе ў даглядзе за дзецьмі, які базуецца на чатырох прынцыпах: у кожнага дзіця павінна быць клапатлівая маці; каб сямейныя стасункі развіваліся натуральна, дзіця жыве з братамі і сёстрамі; кожная сям’я стварае свой уласны дом; усе дамы злучаны ў адну супольнасць – вёску. Дарэчы, усе SOS-маці – гэта адзінокія жанчыны і па сумяшчальніцтве прафесійныя педагогі-выхаваўцы, якіх пільна адбіраюць на падставе спабору. Бацькоўскія ж функцыі ў SOS-Дзіцячай вёсцы размеркаваны паміж супрацоўнікамі-мужчынамі: дырэктарам Дзіцячай вёскі, майстрам вёскі і педагагічным персаналам.

SOS-маці выхоўвае некалькі дзяцей як адзіную сям’ю до моманту іх заканчэння школы. У сем’ях з 8-10 чалавек учорашнія сіроты ўдзельнічаюць у планаванні сямейнага бюджэту і хатніх выдаткаў, што дапамагае ім асэнсаваць паняцце ўласнасці і ў той жа час адказнасці за яе. Кожнае дзіця мае свой уласны разліковы рахунак. Значны час выхаванцы вёскі бавяць за ейнымі межамі: наведваюць мясцовыя дзіцячыя садкі, школы, разнастайныя суполкі, маюць стасункі з аднагодкамі са звычайных сем’яў. У гэтым і ёсць сэнс функцыянавання SOS-праектаў – максімальная адаптацыя дзяцей-сірот да натуральных жыццёвых варункаў.

Дарэчы, прэзідэнт міжнароднай дабрачыннай арганізацыі SOS-Kinderdorf International Хельмут Куцін не выключае, што ў будучым такія вёскі могуць з’явіцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.