1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У якасці кампрамісу

Беларускія Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы абвясцілі аб пачатку пяцімесяцавай інфармацыйнай кампаніі, якая мусіць завершыцца ў кастрычніку правядзеннем масавай вулічнай акцыі - Еўрапейскага маршу.

Аргкамітэт акцыі склікаў прэс-канферэнцыю нечакана, і з першых асобаў кіраўніцтва буйных партыяў нікога не было. Мяркуючы па ўсім, рашэнне было прынятае ў якасці кампрамісу. Як паведаміў журналістам кіраўнік аргкамітэту, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

"На мінулым тыдні з розных бакоў узніклі ідэі аб правядзенні гэтай акцыі. І з тым, каб не узнікалі некія канкурэнтныя аргкамітэты, якія б недарэчна паміж сабой змагаліся “ хто большы еўрапеец”, было вырашана стварыць супольны аргкамітэт усіх тых арганізацыяў, якія ў той ці іншай ступені выступаюць за еўрапейскую інтэграцыю ".

У аргкамітэт увайшлі фактычна ўсе суб'екты АДС і шэраг іншых грамадскіх і прадпрымальніцкіх ініцыятыў. Цікава, што ў межах падрыхтоўкі Еўрапейскага маршу беларуская апазіцыя мае намер далучыцца да святкавання ўладамі 3-га ліпеня Дня незалежнасці, адзначыць ранейшую дату гэтага свята -- 27-га ліпеня, што адзначалася да рэферэндуму 1996 году ў гонар прыняцця Вярхоўным Саветам БССР дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Паводле словаў Віктара Івашкевіча, яны будуць уваходзіць у комплекс тых інфармацыйных кампаніяў і акцыяў, якія дэмсілы будуць рабіць дзеля таго, каб Еўрапейскі марш быў максімальна масавым і выніковым. Ледзь не ўпершыню АДС абвяшчае грамадскасці крытэрыі эфектыўнасці запланаванай акцыі:

"Канкрэтна перад сабой мы ставім задачу дамагчыся, каб пасля заканчэння кампаніі ў вялікіх гарадах (звыш ста тысяч насельніцтва) большасць людзей ведала б пра патрабаванні Еўрапейскага Звязу, і падтрымлівала бы еўрапейскую інтэграцыю.

Па-другое, мы ставім перад сабой задачу, каб у маршы прыняло ўдзел не менш за 20 тыс. чалавек. Па-трэцяе, каб улады пайшлі на саступкі выканання тых умоваў, бо дзеля гэтага мы й будзем разгортваць гэтую кампанію".

Акрамя інфармацыйнай кампаніі і масавай акцыі, АДС мяркуе правесці шэраг "камерных мерапрыемстваў", а таксама "круглых сталоў" і канферэнцыяў каб уцягнуць кіраўнікоў дзяржавы, іх сярэдняе звяно, у дыялог з апазіцыяй, з Еўрапейскім Звязам.

Былы палітвязень, кіраўнік "Еўрапейскай кааліцыі" Мікола Статкевіч вітаў падтрымку палітычнымі суб'ектамі ініцыятывы Андрэя Саннікава аб правядзенні Еўрапейскага маршу:

"Вельмі добра, што еўрапейская тэма прагучала, таму што апошні раз з вуснаў беларускай апазіцыі гэтая тэма ў станоўчым сэнсегучала тры гады таму. Еўрапейская кааліцыя праводзіла лістовачную кампанію на карысць інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз, было распаўсюджана 500 тыс. газет. Нажаль, пасля таго, як улады нанеслі такі ўдар па Еўрапейскай кааліцыі, найперш па "Маладым фронце", гэтая тэма знікла ўвогуле з палітычнага жыцця Беларусі. Астатнія партыі, мабыць, да гэтай тэмы падыходзілі значна раней, бо, наколькі я ведаю, пасля ўтварэння "Пяцёркі плюс" разам з Камуністычнай партыяй, гэтая тэма ў іншых партыяў знікла. Вельмі добра, што гэтая тэма вяртаецца".