1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Тарасаве пахавалі Ірыну Казуліну

Сярод прысутных на цырымоніі пахавання былі беларускія палітыкі, грамадскія дзеячы, замежныя дыпламаты. Многія ўспрынялі смерць Ірыны Казулінай як уласную трагедыю. Улады не далі пахаваць нябожчыцу ў межах гораду.

default

Больш за тысячу чалавек прыйшлі ў сераду ў Чырвоны касцёл у Мінску, каб развітацца з жонкай палітвязня Аляксандра Казуліна Ірынай. Сярод прысутных былі палітыкі, грамадскія дзеячы, замежныя дыпламаты. Улады не далі пахаваць нябожчыцу ў межах гораду.

Жалобную імшу адправіў настаяцель касцёла, ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк. Не ўсе, хто прыйшоў на развітанне, змаглі патрапіць у жалобную залю. У касцёле і вакол яго – мора кветак і вянкоў, свечак, лампадак. Многія ўспрынялі смерць Ірыны Казулінай як уласную трагедыю.

Як кажа пра нябожчыцу жонка зніклага без вестак вядомага беларускага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар, Ірына Казуліна – гэта “неверагодны чалавек, вельмі чыстая, добрая, светлая. І вельмі закаханая. Проста вельмі шкада, што такія людзі вельмі рана сыходзяць. Нават не гледзячы на тое, што Ірына цудоўна разумела, што яна вельмі хворая, у ёй была гэтая любоў да жыцця, гэткая іскарка, якая таксама вельмі здзіўляла, бо ты таксама гэта ведаў. І ў той жа час вельмі хацелася верыць, што ўсё будзе ў іх добра і яны будуць разам”.

Мудры чалавек

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька быў разам з Ірынай Казулінай у далёкіх замежных паездках, апошняя была ў ЗША, таму палітык ведае і не толькі прыватныя якасці памерлай.

“Яна аказалася вельмі моцным, дужым чалавекам у адносінах да хваробы, і вельмі простым у чалавечых адносінах. І вельмі мудры. Я гэта ведаю пасля тых сустрэчаў, дзе мы разам былі. Я думаю, што ў нас многія палітыкі з 10-15-гадовым стажам не маюць такой мудрасці, якую мела яна. Яна была яшчэ і камандны чалавек, яна ніколі не выпячвала на першы план свае праблемы, думала не толькі пра свайго мужа, але думала пра Беларусь і разумела, што калі будзе Беларусь незалежная, суверэнная, не будзе такіх праблем ні ў яе мужа, ні ў іншых людзей”.

Мы маліліся за яе

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка добра ведала Ірыну Казуліну, рабіла з ёй інтэрвью для фільма “Вязні сумлення”, які стаўся для Ірыны Іванаўны апошнім. Паводле словаў Зінаіды Бандарэнкі, Ірына Казуліна вызначалася “сваёй жаноцкасцю, незвычайнай дабрынёй. Нават калі быў ужо зроблены фільм і яна паглядзела дыск (ёй ужо было вельмі цяжка, мы гаварылі з мамай, і яна сказала, што Ірына ўжо не падымаецца), Ірына знайшла ў сябе моц патэлефанаваць мне і сказаць: “Зінаіда, дзякуй вялікі”. Ну што мы маглі зрабіць? Мы толькі маліліся за яе… Дочкі ў іх проста цуд, я думаю, што для Аляксандра Уладзіслававіча гэта будзе вялікая палёгка надалей у жыцці і будзе лягчэй перажыць яму тыя пакуты адзіноцтва, якія яго чакаюць”.

Улады паступілі не па-чалавечы

Да самага ранку серады не было вядома, дзе ж пахаваюць Ірыну Казуліну. Муж памерлай, а таксама вядомыя ў Беларусі людзі звярталіся да вышэйшага кіраўніцтва па дазвол пахаваць жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты на адных з мінскіх могілак, але дазволу на гэта не атрымалі. У выніку свой апошні прытулак Ірына Казуліна знайшла на невялічкіх могілках ля вёскі Тарасава непадалёк ад сталіцы. Такое стаўленне ўладатрымцаў да чалавечага гора выклікала ў многіх неразуменне і нават абурэнне.

Паводле словаў Зінаіды Бандарэнкі, “гэта амаральна. Як можна так ставіцца да такога святога рытуалу? Смерць і так вельмі цяжкая для людзей, а тое, што прыйшлося перажыць сям’і з гэтай нагоды… я лічу, гэта проста не па-чалавечы”.

Былы парламентарый, генерал Валеры Фралоў так тлумачыць паводзіны найвышэйшых чыноўнікаў: “Проста ўлада баіцца, як калісці хавалі Быкава, што прыйдзе вялікая колькасць людзей, а ў такіх сітуацыях ім жа нельга палкамі махаць… Таму як мага далей ад граху. У нас жа праваслаўны атэіст на чале стаіць, а яму чалавечыя законы не пісаныя”.

На могілках над целам Ірыны Казулінай прагучаў беларускі нацыянальны гімн “Магутны Божа”, а ў дамавіну труну апускалі пад вядомы твор Фрэнка Сінатры “Мой шлях”…

Контекст