1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У рэдакцыі газеты "Калінкавіцкія навіны" адбылася ідэалагічная дыверсія

Так расцаніў негатыўны артыкул пра сябе дэмакратычны кандыдат Аляксей Маневіч, калі ў гэты ж дзень стаў знакамітым у горадзе.

Дзяржаўныя сродкі масавай інфамацыі, як нацыянальныя, так і рэгіянальныя, фактычна праігнаравалі перадвыбарчую агітацыю кандыдатаў ў дэпутаты ў мясцовыя саветы. Больш таго, выбары падаваліся імі як працэс падрыхтоўкі да галасавання, а не як барацьба паміж рознымі палітычнымі сіламі. Да такой высновы прыйшла маніторынгавая група Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая сачыла за асвятленнем тэмы мясцовых выбараў ў СМІ.

А вось адна з афіцыйных раёных газет Гомельскай вобласці “Калінкавіцкія навіны” прысвяціла першую старонку апазыцыйнаму кандыдату ў дэпутаты Аляксею Маневічу. Матэрыялы выяўляюць сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў нэгатыўным святле. Але ўжо самім фактам публікацыі дзяржаўная газэта зрабіла дэмакратычнага дзеяча славутасцю раёна.

“Калінкавіцкія навіны” ад 11 студзеня змясцілі адразу два допісы ад чытачоў, якія заклікаюць не галасаваць за маладога кандыдата Аляксея Маневіча. Назвы артыкулаў адпаведныя - “Аднагодка нас расчараваў” і “Мы будзем галасаваць за паважаных людзей”. У матэрыялах усяляк крытыкуецца сам апазіцыянер і ягоная перадвыбарчая праграма. І сярод іншага распавядаецца пра нядаўнюю сустрэчу ў Калінкавічах з ягонай даверанай асобай старшыней Палітсавета аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам. Чытач, у прыватнасьці, абураны тым, што Мілінкевіч меў больш часу для выступу, чым мясцовы кандыдат.

Дарэчы, на ўзгаданай сустрэчы з Мілінкевічам прысутнічала ня болей за 50 жыхароў Калінкавічаў. А інфармацыю пра гэтае мерапрыемства ў раённай газэце, мяркуючы па ейнаму накладу, прачыталі ня менш 6 тысячаў. І яшчэ адна лічба. Прозвішча Маневіч на першай паласе ўзгадваецца 13 разоў. Так што нядзіўна, што пасля выхаду газэты папулярнасьць апазыцыйнага кандыдата значна павялічылася. На думку кандыдата Маневіча:

Адбылася нават нейкая ідэалагічная дывэрсія ў рэдакцыі “Калінкавіцкіх навінаў”. Такой увагі я не чакаў. Цягам цэлага дня я сустракаю сваіх выбаршчыкаў, якія падыходзяць да мяне і кажуць: “Мы пра вас чыталі”. Я лічу, што дадзеныя матэрыялы пайшлі мне толькі на карысць.

І яшчэ адна цікавая дэталь. Рэдактарам “Калінкавіцкіх навінаў” з’яўляецца Іван Гарыст – апанэнт Аляксея Маневіча на выбарах.