1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У пошуках "залатых яек" беларускага турызма

Турызм прызнаны адным з важных напрамкаў развіцця эканомікі Беларусі. Але чым прывабліваць турыстаў, калі большасць дастапомнасцяў патрабуе аднаўлення, а значная частка іх знішчаецца проста на вачах у чынавенства?

default

Дзяржава лічыць каштоўнымі каля пяці тысяч аб'ектаў. Тым часам актывісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры за апошнія 40 год выявілі ў краіне 25 тысяч дастапомнасцяў, якія маюць патрэбу ў ахове.

Каб не было клопату

Старшыня таварыства Антон Астаповіч паходзіць з Асіповіцкага раёну. У дзяржаўны спіс тут трапілі восем аб’ектаў. Над апошнім рэестрам, які быў зацверджаны ў мінулым годзе, працавала мясцовая "вертыкаль". Гісторык тлумачыць, што шматлікія аб’екты проста выкрэсліваліся, каб не было клопату.

Актывісты таварыства паспрабавалі абараняць помнікі шляхам ліквідацыі непісьменнасці чынавенства. Але іх прапановы пакінутыя па-за ўвагай.

"Таварыства ў мінулым годзе некалькі разоў звярталася да Нацыянальнага агенцтва па турызме з ініцыятывай правесці для турфірмаў сумесныя семінары. Каб паказаць супрацоўнікам турыстычных фірмаў той патэнцыял, які яшчэ не ахоплены экскурсіёнкай. Глуха. Нічога не адказалі. Ім гэта нецікава", - канстатуе Антон Астаповіч.

Прыярытэтны шляхецкі двор

Па меркаванні гісторыка, дзяржава магла б прывабіць турыстаў шляхецкімі сядзібамі. Узяць хаця б ледзь ці не найвялікшы ў Беларусі палац Булгакаў у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна. Гэты помнік эпохі класіцызму ХIХ стагоддзя плошчай 4 тысячы квадратных метраў, аздоблены ўнікальнай інтэр'ернай ляпнінай, уражвае нават цяпер. У савецкія часы тут мясціўся сельскагаспадарчы тэхнікум.

"Тут, у аздобленых ляпнінай памяшканнях, займаліся дзеці. Вывучалі пладазнаўства, полезнаўства ды іншыя дысыцпліны", - гаворыць супрацоўніца Жыліцкага музея Ірына Шляхціна.

Палац, які захаваўся дзякуючы кіраўніцтву тэхнікума, вымагае рэстаўрацыі і рэканструкцыі. Яму пашанцава патрапіць у зацверджаны прэзідэнтам спіс прыярытэтных помнікаў. Па намерах Міністэрства культуры, пасля аднаўлення гэты шляхецкі двор не саступіць Нясвіжскаму палацава-паркаваму ансамблю.

"Зараз складзена праектна-каштарысная дакументацыя па заходняй частцы будынка. А ў гэтым годзе павінны распачацца рэстаўрацыйныя работы, на правядзенне якіх выдзелена больш за мільярд рублёў", - адзначае Ірына Шляхціна.

Па яе словах, да 2010 плануецца аднавіць не толькі палацава-паркавы комплекс, але і інтэр'еры.

Як Тозік палац ратаваў

Здараецца, сядзібу ратуе выпадак. Па словах Антона Астаповіча, рэстаўрацыя выбітнога твору піцерскага архітэктара Шротэра – палаца ў Красным Беразе – выйшла са стадыі "замарозкі" толькі дзякуючы былому старшыні Дзяржкантролю Анатолю Тозіку.

"У 2003 годзе ён неяк з жонкай ехаў пасля выходных са Жлобіна. І вырашыў паказаць цудоўны аб’ект. Прыехаў, а тут усё валіцца. Ён грукнуў кулком па стале, пачалі рухацца, вылучылі фінансы, пасалі рэстаўраваць. Зараз рэстаўрацыя тут у стадыі завяршэння", - гаворыць Астаповіч.

Краснабярэжскі палац імкнуцца рэстаўраваць па міжнародных методыках. Але ўсё роўна паўстаюць пытанні.

"Ну, вось аконныя праёмы. Дзякуй Богу, што хоць колер гэтага пластыка імітуе дрэва," - Антон Астаповіч адзначае, што, нягледзячы на гэтыя хібы ў сучасных беларускіх умовах такую рэстаўрацыю можна лічыць бездакорнай.

Сядзібы ў Жылічах і Красным Беразе абаронцы спадчыны называюць выключэннем з правілаў, якімі кіруюцца чыноўнікі. Нярэдка ж нават знаходжанне помніка ў спісе не гарантуе захоўвання. Нядаўна ўдзельнікі вандроўкі, што ладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў у межах кампаніі "Журналісты за гістарычную спадчыну" выявілі, што ў вёсцы Яновічы Клецкага раёна знік свіран. Ён лічыўся гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Але яго папросту знеслі.

Контекст