1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Польшчы ўведзеныя новыя правілы транзіта

Размова ідзе пра дазвол знаходзіцца ў Польшчы іншаземным турыстам, якія вандруюць у любую з дзяржаваў, што ўваходзяць у Шэнгензону. Новаўвядзенні зусім не прадыктаваныя жаданнем ускладніць жыццё краінам-суседкам.

Новыя правілы былі прынятыя яшчэ 12 жніўня, аднак, пасля пратэстаў расійскіх дыпламатаў Варшава была вымушаная іх часова замарозіць. Калі раней турысты мелі права знаходзіцца на тэрыторыі краіны 3 дні да моманту пачатку дзеяння шэнгенскай візы і столькі ж пасля яе заканчэння, то цяпер жа - толькі на перыяд дзейнасці візы. Новаўвядзенне суправаджалася вялікім скандалам з расійскімі турыстамі. У сярэдзіне жніўня некалькі аўтобусаў з імі былі заблакаваныя на польска-нямецкай і польска-беларускай межах. Паколькі тэрмін шэнгенскай візы ў кагосці з турыстаў ужо выйшаў, а ў кагосці яшчэ і не пачынаўся, так сталася, што права ехаць транзітам праз Польшчу ў іх не было.

Трэба адзначыць, што новаўвядзенні польскага боку зусім не прадыктаваныя жаданнем ускладніць жыццё краінам-суседкам. Так ці інакш, Польшча, як сябра Еўразвязу, вымушаная прытрымлівацца пэўных правілаў візавай палітыкі. Нагадаю, што ў наступным годзе Варшава плануе вайсці ў шэнгенскую зону, а гэта азначае, што польскія візы для беларусаў значна падаражэюць. У звязку з гэтым, шэраг польскіх палітыкаў выступілі з прапановай увогуле зрабіць для беларусаў польскія візы бясплатнымі. Як адрэагуе на гэты заклік польскі ўрад - пакуль невядома.

Беларускія дыпламаты асаблівых праблемаў у новых правілах транзіту праз Польшчу для беларускіх грамадзянаў не бачаць. Якіх-небудзь складанасцяў ці канфліктаў, выкліканых гэтым, на беларуска-польскай мяжы пакуль заўважана не было. Пра гэта "Нямецкай хвалі" паведаміў прэс-сакратар беларускай дыпмісіі ў Варшаве Зміцер Выбарны.

Каб пазбегнуць якіхсці складанасцяў у будучыні, МЗС Польшчы накіраваў у амбасады краінаў-сябраў Еўразвязу ноты з просьбай арганізаваць працэс выдачы візаў такім чынам, каб грамадзяне Расіі, Украіны і Беларусі змаглі скарыстацца (у адпаведнасці з двубаковымі пагадненнямі і рашэннем Еўрапарламенту і Рады Еўропы) правам на бязвізавы транзіт.