1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У незалежных літаратараў адабралі апошняе памяшканне

Беларускі літаратурны фонд выселены з мінскага Дома літаратара пасля прадастаўлення там юрыдычнага адрасу праўладнай арганізацыі “Белая Русь”. Незалежныя літаратары лічаць гэта новым вітком уціску на свабодных творцаў.

default

Варта адзначыць, што з трэцяга паверха Дома літаратара, апроч “Беллітфонда”, былі выселеныя ўсе юрыдычныя асобы, якія мелі там офісы. Прычым яны былі літаральна выкінутыя без прадастаўлення ім іншых памяшканняў. Раней з Дома літаратара быў выселены Саюз беларускіх пісьменнікаў, сябры якога не падтрымліваюць палітыку дзейнага кіраўніцтва краіны. Цяпер на трэцім паверсе будынку Дома літаратара зачыненыя ўсе 10 пакояў, якія там знаходзяцца, ні на воднй з дзвярэй няма шыльдаў.

Высяленне за пазыкі?

Як сказаў “Нямецкай хвалі” кіраўнік гаспадарчае часткі Дома літаратара Чэслаў Праваловіч, зараз у памяшканнях ідзе рамонт, а хто будзе знаходзіцца пасля яго завяршэння на трэцім паверсе, “заўгас” не ведае. Што да высялення Беллітфонду, то Чэслаў Праваловіч заявіў, што за гэтай арганізацыяй “вісіць” запазычанасць перад Домам літаратара ў 50 мільёнаў рублёў, а сам “Беллітфонд”, паводле яго словаў, ужо больш за паўгады, як зліквідаваны згодна рашэння суда.

“Беллітфонд” не зліквідаваны канчаткова

Паводле дырэктара “Беллітфонду” Алеся Данільчыка, гэтыя словы спадара Праваловіча толькі часткова адпавядаюць рэчаіснасці. Справа ў тым, што 4 траўня мінулага году Вярхоўны суд насамрэч задаволіў зыск Міністэрства юстыцыі аб зліквідаванні фонда, пададзены двумя днямі раней. Прычым дырэктар фонда падкрэсліў, што падставы для зліквідавання, прыведзеныя Мінюстам, былі фармальныя, як гэта шматкроць было і ў дачыненні іншых дэмакратычных арганізацыяў і ўстановаў, а абскардзіць прэтэнзіі фонду не далі. Як адзначыў Алесь Данільчык, створаная па рашэнні Вярхоўнага суда дзяржаўная ліквідацыйная камісія працуе да гэтага часу, таму на сённяшні дзень зліквідаваным “Беллітфонд” лічыць нельга. Прычына высялення фонда з 307-га пакою Дома літаратара (а пакойчык гэты сапраўды легендарны, бо менавіта ў ім яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, задоўга да развалу Савецкага Саюза, збіраліся дэмакратычныя актывісты, вольныя літаратары), дык вось, прычына высялення, як адзначае Алесь Данільчык, у іншым:

“Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Адміністрацыі прэзідэнта спатрэбіўся ўвесь трэці паверх Дома літаратара. Таму ўсе ўстановы, якія там былі, іх папросту “папрасілі” адтуль, не працягнулі дамовы. Хаця ў нас дамова дзейнічала і, больш за тое, мы нават наперад аплацілі арэнду”.

Плошча для “Белай Русі”

Што да існавання фінансавых запазычанасцяў “Беллітфонда”, то яны, паводле спадара Данільчыка, насамрэч існуюць, прычым некалькім структурам, але не гэта было галоўным пры рашэнні аб высяленні ягонай установы:

“Не, гэта ніколькі не было вырашальным, ім проста спатрэбіўся гэты паверх, і яны адтуль усіх выселілі. Па нашых звестках, той паверх будзе займаць прапрэзідэнцкая арганізацыя “Белая Русь”.

У самой гэтай арганізацыі гаварыць пра тое, што яна будзе займаць цэлы паверх Дома літаратара, не пажадалі, хаця і не адмовілі, што юрыдычна “Белая Русь” зарэгістравана пра адрасе: Мінск, вуліца Фрунзе, 5 – 205, гэта значыць, усё ж у Доме літаратара.

Пісьменнікаў пазбавілі апошняга прытулку

307-мы пакой заставаўся апошнім прытулкам у гэтым будынку апальнага Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Як адзначыла старшыня прыёмнай камісіі СБП пісьменніца Вольга Іпатава, адною з мэтаў высялення “Беллітфонду” ёсць:

“Пазбавіць пісьменнікаў усяго, каб яны ўжо не маглі ні падняцца, ні сказаць, ні выпусціць кніжку, ні зрабіць увогуле нейкую вечарыну, цяпер нават няма дзе сабрацца прыёмнай камісіі. Гэтым робіцца спроба пазбавіць і Саюз беларускіх пісьменнікаў, і “Беллітфонд” юрыдычнага адраса, прыстанішча, гэтага маленькага пакойчыка. Гэта для таго, каб зусім забыліся і грамадскасць, і, магчыма, самі пісьменнікі, што Дом літаратара – гэта іхная ўласнасць, як і суседняя былая паліклініка, дзе цяпер месціцца сербскае пасольства”.

Літаратары не здадуцца

Паводле словаў Вольгі Іпатавай, сваімі дзеяннямі ў дачыненні да незалежных літаратараў і іх арганізацыяў чыноўнікі нічога не даб’юцца:

“Як бы там ні было, пісьменнікаў не пазбавяць магчымасці пісаць. Відаць, будзем збірацца ля помніка Максіму Багдановічу і праводзіць там прыёмную камісію. Прынамсі, мы не збіраемся здавацца, што б яны не выраблялі. Так што ўсе гэтыя рэпрэсіі дарэмныя. Яны толькі паказваюць усяму свету сутнасць беларускага рэжыму і проста яго, я б сказала, антыкультурніцкую і абсалютна антызаконную сутнасць”.

Цяпер, як сказаў Алесь Данільчык, кіраўніцтва “Беллітфонду” шукае магчымасці для выжывання і далейшай дзейнасці, таму не выключана, што гэтая ўстанова ў хуткім часе будзе афіцыйна зарэгістраваная ў адной з замежных дзяржаваў.