У мiнскiм кiнатэатры «Перамога» адкрываецца тыдзень нямецкага кiно | Беларусь и белорусы: новости и аналитика | DW | 07.11.2005
  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У мiнскiм кiнатэатры «Перамога» адкрываецца тыдзень нямецкага кiно

Усяго ў праграме сем фiльмаў, якiя сталi хiтамi ў Нямеччыне i распавядаюць пра сённяшнюю сiтуацыю ў краiне i яе жыхарах.

default

Мiнскi кiнатэатр «Перамога» - адзiны ў Беларусi кiнатэатры, якi ўваходзiць у Мiжнародную асацыяцыю Еўропа – сiнема», якая прапагандуе еўрапейскае кiно.

Тыднi нямецкага кiно праходзяць у Мiнску ўжо больш за 10 гадоў. Папярэднiя кiнапаказы былi пераважна рэтраспектыўныя, арганiзаваныя пры ўдзеле Iнстытута Гётэ i амбасады Нямеччыны ў Беларусi. Цяперашнi тыдзень, як распавяла «Нямецкай хвалi» дырэктар кiнатэатра «Перамога» Святлана Саўчык, - гэта калекцыя стужак, створаных у 2004 – 2005 гадах i адзначаных узнагародамi прэстыжных кiнафорумаў. Гэтыя фiльмы, якiя сталi хiтамi ў Нямеччыне, распавядаюць пра сённяшнюю сiтуацыю ў краiне i яе жыхарах. Мiнская публiка ўбачыць новае нямецкае кiно дзякуючы супрацы арганiзатараў з расiйскiмi фiрмамi, што закупаюць фiльмы на найбуйнейшых кiнафестывалях.

Тыдзень адкрываецца стужкай «Знаёмства з Цукерамi» рэжысёра Дэнi Левi. Ёй спадарожнiчае камерцыйны поспех i лепшыя адзнакi крытыкi. Стужка фiгуруе ў шасцi намiнацыях на прэмiю Нямецкай Кiнаакадэмii: лепшы фiльм, лепшы сцэнар, музыка, касцюмы, акторская гульня. «Знаёмства з Цукерамi» - гэта камедыя, у якой шмат кур`ёзных гiсторыяў, што ўзнiклi з-за дзеляжу спадчыны мацi галоўнага героя, якому даводзiцца высвятляць стасункi з немаведама адкуль узнiклымi сваякамi.

Новы погляд на падзеi Другой Усясветнай вайны прадстаўляе фiльм «Акадэмiя смерцi», якi паказвае гiтлераўскi рэжым знутры. Аўтары скрыжавалi жорсткi ваенны трылер з кранальнай драмай аб узрасленнi. Дзеянне разгортваецца ў адной з элiтных нацысцкiх школ, дзе выхоўваецца будучае кiраунiцтва Трэцяга рэйху. У фiльме знялiся маладыя акторы – надзея новага нямецкага кiно.

Авантурная камедыя «Адзiн дзень у Еўропе» рэжысёра Ханэса Штэрна, якую мiнчукi ўбачаць 9 i 12 лiстапада, упершыню была паказаная на Берлiнскiм кiнафестывалi ў гэтым годзе. Фiльм прымеркаваны да Чэмпiяната Сьвету па футболе, якi пройдзе ў Нямеччыне ў 2006 годзе. Гэта стужка пра жыхароў Масквы, Стамбула, Берлiна ды Санцьяга Дэ Кампастэла, якiя жывуць адным памкненнем, адной рэлiгiяй – любоую да футбола, як, мiж iншым, i мiльёны iншых людзей.

Усяго ў праграме сем фiльмаў. Апрача тых, аб якiх мы вам распавялi, меладрама «Басанож па маставой», цiкавая з пункту гледжання развiцця iндустрыi нацыянальнага нямецкага кiно. Гэта рэжысёрскi дэбют нямецкай кiназоркi Тыля Швайгера, вядомага сваiмi акторскiмi працамi ў Галiвудзе, якi аднак пераважае ўкладаць назапашаныя веды i сродки ў нацыянальную кiнавытворчасць. Два фiльмы – мiстычная стужка «У ложку з д`яблам» з тыпова нямецким персанажам Доктарам Фаўстам i камедыя ў стылi Люка Бесона «Каралi хуткасцi» - па задумцы складальнiкау гэтай кiнакалекцыi знойдуць водгук у моладзевай аудыторыi.