1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Мінску прайшоў Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў

29 кастрычніка ў Мінску ля месцаў расстрэлаў і пахаванняў тысяч мірных грамадзян ў Курапатах прадстаўнікі грамадскасці і дыпламатычнага корпусу ўшанавалі памяць загіблых пад час сталінскіх рэпрэсіяў.

Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 29 кастрычніка адзначаўся ў Курапатах ужо другі год (дарэчы, некаторыя людзі ўжо некалькі год прыходзяць ва ўрочышча 29-га дня кожнага месяца). Менавіта ў ноч на 29 кастрычніка 1937 году ў мінскай унутранай турме НКВД, больш вядомай як “амерыканка”, былі расстраляныя больш за сто вядомых беларускіх паэтаў, пісьмененікаў, журналістаў, навукоўцаў, настаўнікаў, медыкаў.

Як адзначыў даследчык сталінскіх рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, “гэта своеасаблівая “ноч доўгіх нажоў” для Беларусі, калі былі знішчаны найвыбітныя прадстаўнікі інтэлігенцыі. Таму на памяць пра іх мы вырашылі адзначаць гэты дзень. Гэты год грамадскасць ужо другім разам ладзіла Дзень ахвяраў палітычных рэпрэсій, пры гэтым мы адносім сюды не толькі тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій у часы сталінізма, але ўвогуле за ўсю гісторыю Беларусі”.

Па словах кіраўніка секцыі “Мемарыял” Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслава Сіўчыка, “усяго па Мінску вядомы каля пятнаццаці мясцінаў, дзе бальшавіцкія каты знішчалі нашых людзей. Але, на жаль, толькі ў трох мясцінах – у Лошыцы, Парку чалюскінцаў і ў Курапатах – ёсць крыжы, ёсць знакі ўшанавання памяці гэтых людзей”.

Па крывавых тропах

А да таго, як прыехаць у Курапаты, прадстаўнікі грамадскасці наведалі месцы ў Мінску, дзе сталінскія апрычнікі знішчалі мірных грамадзян. Першым пунктам былі Кальварыйскія могілкі, куды ў даваенныя часы энкавэдысты прывозілі забітых людзей і закапвалі наўпрост у існуючыя магілы ці паміж імі. Потым былі Лошыцкі Яр, Трасцянец ды ўрочышча Благаўшчына. Па словах Ігара Кузняцова, да вайны тут былі расстраляны ад дзесяці да пятнаццаці тысяч чалавек, але трагедыя на гэтым месцы працягвалася і пасля акупацыі Мінску фашыстамі.

Як напісана на ўсталяваным шмат гадоў таму памятным камяні, тут фашысты закатавалі 150 тысяч мірных грамадзян, партызанаў ды падпольшчыкаў, габрэяў – як вязняў Мінскага гета, так і прывезеных з іншых еўрапейскіх краінаў. Афіцыйнага помніка ахвярам сталінізму там, як і ў іншых месцах, дагэтуль няма. Затое на касцях ахвяраў двух нялюдскіх рэжымаў – сталінскага і нацысцкага – месціцца найбуйнейшая дзейная гарадская сметніца.

“На гэтым месцы, дзе нашых людзей знішчалі ў часы камунізма, мы паклалі кветкі і ахвярам нацызма, таму што, на жаль, таталітарызм – ці карычневы, ці чырвоны – можа зноў узяць верх на нашай зямлі, а мы не мусім гэтага дапусціць”, - сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Час для замірэння

Для палітыка Мікалая Статкевіча рэпрэсіі – справа асабістая. “Мая сям'я ў мінулым стагоддзі пацярпела і ад бальшавіцкіх рэпрэсій, і ад дзеянняў фашыстаў, - кажа Статкевіч. – Мой дзед па маці Сямён Гарбавец быў забіты ў 37-м годзе ў НКВД. Яго забілі тутэйшыя, мабыць, нашыя, якія пайшлі служыць бальшавікам. А пад час вайны дзед па бацьку быў забіты паліцаямі за сувязь з партызанамі. Яго забілі таксама свае, якія пайшлі на службу фашыстам. Беларусы ў мінулым стагоддзі забівалі адзін другога пад уплывам навязаных звонку чужых нам варожых ідэалогій – камунізму і фашызму. Калі наша грамадства не асудзіць абедзьве гэтыя ідэалогіі, дагэтуль беларусам, відаць, наканавана ваяваць адзін супраць другога на сваёй зямлі. Хаця ўжо пара і памірыцца”.

Кветкі і лампадкі з’явіліся 29 кастрычніка таксама на месцах знішчэння мірных грамадзян у Ваньковіцкім лесе (сёння Парк Чалюскінцаў), а таксама на Вайсковых могілках ля магілы Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. А ў Курапратах была ўсталявана яшчэ адна мемарыяльная шыльда – гэтым разам над магілай, дзе пад час эксгумацыі, ладжанай яшчэ Зянонам Пазняком дваццаць год таму, былі выяўлены парэшткі 52 расстраляных пры канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя жыхароў Заходняй Беларусі.

Контекст