1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Мінску пачаліся Дні Еўропы

На цырымоніі адкрыцця прадстаўнік Еўракамісіі адзначыў, што пасля пашырэння Еўразвязу Беларусь стала суседам, а суседзяў у ЕЗ разглядаюць як сяброў і патэнцыйных партнёраў, што падзяляюць агульныя інтарэсы і каштоўнасці

Еўразвяз з'яўляецца найбуйным фінансавым донарам для Беларусі. З

1991 па 2004 гады агульная сума дапамогі склала 221 млн еўра, а па праграмах ТАСIС на 2005-2006 прадугледжана 10 млн еўра. "У будучыні ЕЗ працягне аказваць падтрымку беларускаму грамадзянскай супольнасці", - заявіў на цырымоніі адкрыцця Дзён Еўропы ў Мінску намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі і Ўкраіне Дзірк Шубель.

Падчас цырымоніі адкрыцця Дзён Еўропы ў Мінску, Дзірк Шубель адзначыў, што пасля пашырэння Еўразвязу Беларусь стала суседам, а суседзяў у ЕЗ разглядаюць не толькі як грамадзянаў трэціх краінаў, а як сваіх сяброў і патэнцыйных партнёраў, што падзяляюць агульныя інтарэсы і каштоўнасці. І самая ўніверсальная з іх - дэмакратыя. Шубель нагадаў, што ў адным з артыкулаў Дамовы аб стварэнні ЕЗ гворыцца пра тое, што ЕЗ заснаваны на прынцыпах свабоды, дэмакратыі, павагi да правоў чалавека, а сам факт росквіту ЕЗ даказаў, што гэта найлепшы спосаб абароны інтарэсаў грамадзянаў. Гэтыя ж прынцыпы пакладзеныя і ў аснову Еўрапейскай палітыкі добрасуседства.

"Мы былі бы радыя, - сказаў Дзірк Шубель, - калі б Беларусь магла б выкарыстаць усё перавагі шырокага спектру магчымасцяў, якія прапануе ёй Еўрапейская палітыка добрасуседства, паколькі ЕЗ зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была дэмакратычным і стабільным суседам". Таму, адзначыў Шубель, мы шкадуем, што Беларусь пакуль яшчэ не заняла належнае месца ў сям'і еўрапейскіх народаў. Што тычыцца нядаўна прынятых санкцыяў у дачыненні шэрагу беларускіх афіцыйных асобаў, забароны на ўезд у ЕС і замарожвання рахункаў, то ў інтэрв'ю НХ Дзірк Шубель паведаміў, што:

"Гэта была рэакцыя ЕЗ на парушэнне стандартаў АБСЕ падчас выбараў, у прыватнасці, актывісты апазіцыі апынуліся ў медыйнай блакадзе. Мы папярэджвалі загадзя, што неадпаведнасць выбараў нормам АБСЕ пацягне менавіта такую рэакцыю".

Характарызуючы цяперашнія адносіны Беларусі і ЕЗ, Шубель адзначыў, што зараз яны находзяцца "пад уздзеяннем умоваў, у якіх прайшла прэзідэнцкая кампанія, і тых крокаў, якія былі распачатыя беларускімі ўладамі пасля яе. У прыватнасці - арыштаў лідэраў апазіцыі. Але мы спадзяемся, што беларускі бок, як выказаўся Шубель, "перастане парушаць тое, што яго заклікаюць не парушаць". Сам факт, што Дні Еўропы цяпер праходзяць у Мінску, сведчыць, паводле яго словаў, пра тое, што дзверы Еўропы не зачыненыя.

Акрамя таго, Дзірк Шубель адзначыў, што Еўракамісія жадала б увесці пасаду Часовага паверанага ў справах Беларусі і ўжо накіравала свае прапановы ў беларускі МЗС. Аднак, фармальных умоваў для адчынення прадстаўніцтва ЕК у Мінску пакуль няма. Дарэчы, падчас адкрыцця Дзён Еўропы не было ані міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава, запрашэнне якому было накіраванае, ані іншых прадстаўнікоў МЗС. Міністэрства замежных спраў афіцыйна не выказала ніякіх меркаванняў на гэты конт.