1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Мінску адкрылася выстава да юбілею Каліноўскага і Дуніна-Марцінкевіча

У сядзібе БНФ адкрылася выстава твораў беларускіх мастакоў, прысвечаная 170-годдзю ад дня нараджэння кіраўніка паўстання 1863 году Кастуся Каліноўскага і 200-годдзю пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

default

Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1938 году ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенкага павету ў сям’і беззямельнага шляхціца. Вучыўся ў Пецярбурскім універсітэце па разрадзе камеральных навук. На працягу навучання Каліноўскі браў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам са старэйшым братам Віктарам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

Неўзабаве пасля атрымання універсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 году Кастусь вярнуўся на радзіму і распачаў стварэнне на Гарадзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Ён ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялянаў і агітаваў іх да паўстання. Паводле сваіх ідэйных перакананняў, Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання.

Яська – гаспадар з-пад Вільні

Улетку 1862 году разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск "Мужыцкай праўды" — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго выйшлі 7 нумароў выдання. Газета крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар "Мужыцкае праўды" быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага "Яська - гаспадар з-пад Вільні".

У 1862-1863 гадох Каліноўскі ачоліў паўстанне ў Паўночна-Заходнім краі (як у той час царскія ўлады звалі цяперашнюю Беларусь), жорстка падаўленае расійскімі войскамі. Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. Кастуся Каліноўскага публічна павесілі на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні.

Нягледзячы на тое, што прайшло паўтары стагоддзі з таго часу, імя Кастуся Каліноўскага дагэтуль жыве. Як і імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, духоўнага брата Кастуся.

Духоўныя браты

Як сказаў на адкрыцці выставы мастак Мікола Купава,

"Сёньня мы гаворым менавіта пра Кастуся Каліноўскага. А праз два дні мы будзем адзначаць 200-гадовы юбілей Вінцука Дуніна-Марцінкевіча. І гэтая невыпадковая такая сувязь іх разам злучае – фундаментальная падзея – студзеньскае паўстанне, якіе ўзначаліў Кастусь Каліноўскі".

Мастак дадае, што вельмі важна, што у гэтым паўстанні бралі ўдзел мастакі, пісьменнікі, музыканты, спевакі – фактычна, квецень нашай нацыі.

Нашчадкі Каліноўскага жывуць у Беларусі

Пра актуальнасць у цяперашняй Беларусі такой асобы, як Кастусь Каліноўскі, казаў і старшыня культурніцкае камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка, які сам напярэдадні пакінуў акрэсцінскую вязніцу пасля пятнаццаці сутак арышту за ўдзел у вулічнай акцыі пратэсту.

"Такія людзі, як Кастусь Каліноўскі ёсць у кожным пакаленні. І такія людзі, як Кастусь Каліноўскі, жывуць сярод нас. Гэтыя людзі - не абавязкова пакутнікі. І неабавязкова, што гэтыя людзі будуць узначальваць паўстанні. Але вядома адно, што гэтыя людзі сфармуюць, ды й ужо фармуюць нашую будучую свабодную і, самае важнае, беларускую Беларусь".

З Франакам Вячоркам салідарны і актывіст дэмакратычнага руху Вячаслаў Сіўчык.

"Каліноўскі ў нас адзін. Гэта сапраўды тая планка, якая дадзена нашаму нацыянальнаму руху, і дзеля таго, што ён пайшоў на гэты крыж, захавалася наша нацыя. І вось гэтая светлая постаць урэшце рэшт аб’яднае ўсіх беларусаў і тое, дзеля чаго ён марыў, дзеля чаго ён жыў і дзеля чаго пайшоў на пакутніцкую смерць, нарэшце спраўдзіцца".

Перад музычна-мастацкаю часткаю імпрэзы кіраўнік мастацкай суполкі “Пагоня”, старшыня Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін адзначыў:

"Гэтыя юбілеі мацуюць наш дух, каб мы не забылі нашу гісторыю. І гэта галоўнае".

Апрача твораў Аляксея Марачкіна і Міколы Купавы, на выставе прадстаўленыя працы такіх вядомых беларускіх мастакоў, як Міхась Карпук, Алесь Цыркуноў, Уладзімір Крукоўскі. На адкрыцці выставы прагучалі прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму песні на вершы Уладзіміра Караткевіча, Яна Грыба, Сержука Сокалава-Воюша.