1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Мінску адбылася міжнародная выстава "СМІ ў Беларусі"

Па інфармацыі «Беларускай асацыяцыі журналістаў», на гэтым форуме адсутнічалі айчынныя незалежныя грамадска-палітычныя выданні, замест іх былі прадстаўленыя некалькі асобнікаў найбольш бяскрыўдных вечаровых газетаў.

У выставе ўзялі ўдзел больш за 400 выданняў з 12 краінаў свету. Яе арганізатарам выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У дзень адкрыцця выставы міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч уручаў дыпломы за лепшыя публікацыі 2005 году на тэму дзяржаўнага будаўніцтва. Цікава, што лаўрэатамі сталі не прафесійныя журналісты, а дзяржаўныя чыноўнікі. Так, сярод пераможцаў апынуліся старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду Віктар Камянкоў, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур і старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Пры гэтым Ярмошына і Камянкоў атрымалі гэткія ж узнагароды і на леташняй выставе «СМІ ў Беларусі».

Як ставіцца да таго, што высокапастаўленых чыноўнікаў спрабуюць прадставіць журналістамі? Старшыня гомельскай арганізацыі БАЖу Анатоль Гатоўчыц у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» назваў такія спробы «вялікім глупствам». Гатоўчыц лічыць больш адпаведным, каб вышэйшыя пасадавыя чыны атрымоўвалі прэміі не за публікацыі на тэму дзяржаўнага будаўніцтва, а за рэальныя рэформы ў гэтай галіне. Незалежны журналіст таксама выказаў вялікі сумнеў з нагоды журналісцкіх здольнасцяў чынавенства. Гатоўчыц распавёў, што, як правіла, за дзяржаўных дзеячоў пішуць іх прэс-сакратары, якія насамрэч з'яўляюцца прафесіяналамі.

Дарэчы, на згаданай выставе было абвешчана і пра выхад новага часопісу пад назвай “Журналіст”. Яго рэдактарам стала першая намесніца міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, а заснавальнікамі выступілі Міністэрства інфармацыі і прадзяржаўны саюз журналістаў.

Афіцыйны часопіс «Журналіст» пакуль будзе выходзіць раз на квартал і накладам 3 тысячы асобнікаў. Прэзентуючы яго, Лілія Ананіч адзначыла, што «цяпер журналісты краіны маюць прафесійны часопіс». Пра тое, што часопіс для журналістаў ужо 6 гадоў выдае грамадская арганізацыя «Беларуская асацыяцыя журналістаў», намесніца міністра змаўчала. Але пра БАЖ узгадалі ў першым нумары «Журналіста», прысвечаным рэгіянальнай прэсе. У адным з артыкулаў падаюцца вынікі сацыялагічнага даследавання, якія сцвярджаюць, што БАЖ «ніякім чынам не ўплывае на працу рэгіянальных друкаваных СМІ». Адзін з заснавальнікаў БАЖу, гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц ставіць пад сумнеў дакладнасць гэтых даследаванняў. Цяпер Беларуская асацыяцыя журналістаў налічвае ў сваіх шэрагах каля 1000 сябраў, шмат з якіх працуюць менавіта ў СМІ лакальнага ўзроўню. Пры гэтым уплыў БАЖу на сваіх шматлікіх прыхільнікаў відавочны: дзякуючы сваёй арганізацыі, рэгіянальныя карэспандэнты далучаюцца да еўрапейскіх стандартаў журналістыкі, ад якіх прадзяржаўная прэса надзвычай далёкая, – падкрэсліў Анатоль Гатоўчыц.