1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Луцку адбылася прэзентацыя міжнароднага цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”

Цэнтр заснаваны з ініцыятывы моладзевых арганізацыяў дзвюх краінаў: “Нацыянальнага Альянсу” з украінскага боку і “Маладога фронту” з беларускага

Сярод сваіх задачаў украінска-беларускі цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў” бачыць распаўсюд інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі і навучанне беларускіх актывістаў эфектыўным паліттэхналогіям. Дэпутат Валынскай абласной Рады і старшыня ўсеукраінскай моладзевай арганізацыі “Нацыянальны Альянс” Ігар Гузь патлумачыў, чаму ягоная арганізацыя абрала адным з прыярытэтаў дзейнасці менавіта Беларусь. 14 сябраў “Нацыянальнага Альянсу” актыўна ўдзельнічалі ў акцыях беларускай апазіцыі сёлетняй вясной, за што былі дэпартаваны з краіны, куды ім цяпер забаронены ўезд цягам 5 год. У гэтай сувязі Ігар Гузь запэўніў, што садзеянне зменам у Беларусі з’яўляецца не ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны, а праявай салідарнасці з дэмакратыяй.

Слова «салідарнасць» - ключавое і ў дзейнасці Беларускага дэмакратычнага фонду, які адчыніўся ў лютым у Бельгіі. Фонд, заснаваны беларускімі палітычнымі эмігрантамі, дапамагае рэпрэсаваным актывістам апазіцыі і іхнім сем’ям. Непасрэдна праз сайт Фонда магчыма ўнесьці грашовыя сродкі, якія потым выдаткоўваюцца на адвакатаў для пацярпелых, а таксама на працяг навучання адлічаным студэнтам. Так, у сакавіку бягучага года Фонд салідарнасці дапамог сем’ям удзельнікаў намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы, а таксама актывістам, арыштаваным на День Волі.

Аднак найбольшую ўвагу беларускай апазіцыі надае Польшча. Як распавёў “Нямецкай хвалі” моладзевы актывіст Антон Столяр, прынамсі 3 розныя структуры апекуюцца беларускімі студэнтамі ў Польшчы. Найперш гэта стыпендыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага, у межах якой вылучана 300 месцаў у польскіх універсітэтах для адлічаных з палітычных матываў беларускіх студэнтаў.

«Дзякуючы міжнароднай салідарнасці, рэпрэсаваныя беларусы могуць не турбавацца пра сваю будучыню», – сведчыць і Іна Кулей, кіраўніца Грамадскага камітэта абароны рэпрэсаваных. Жонка лідэра дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча паведаміла «Нямецкай хвалі», што шмат краінаў гатовыя дапамагчы беларусам. Пры гэтым, па ейных словах, Нямеччына, Францыя, Аўстрыя, Нарвегія, Эстонія, Латвія і Славакія не толькі прапануюць студэнтам працягнуць адукацыю ва універсітэтах іхніх краінаў, але і падтрымліваюць тых, каго звольнілі з працы з палітычнай матывацыі, надаюць медычную дапамогу пацярпелым. «Мы ўдзячныя кожнай дзяржаве, якая падтрымлівае дэмакратычную Беларусь», - падкрэсліла Іна Кулей.