1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Купальскую ноч...

Купалле — адно з найбольш старажытных святаў беларусаў. Яно традыцыйна адзначаецца ў адну з самых кароткіх начэй у годзе. Галоўныя стыхіі свята — агонь і вада.

23 чэрвеня сябры наваполацкага гісторыка-культурнага клуба «Княжыч» адсвяткавалі Купалле. Гэтае старажытнае паганскае свята яны адзначылі ў строгай адпаведнасці са старымі беларускімі канонамі ўжо ў дзесяты раз.

Купалле — адно з найбольш старажытных святаў беларусаў. Яно традыцыйна адзначаецца ў адну з самых кароткіх начэй у годзе. Аналагі Купалля ёсць практычна ва ўсіх еўрапейскіх народаў. Галоўныя стыхіі свята — агонь і вада. Калі іскупацца і прыгнуць праз купальскае вогнішча, можна ачысціцца ад цяжару праблем, людскіх праклёнаў і грахоў. А потым паспрабаваць знайсці таямнічую папараць-кветку, якая адчыняе ўсе скарбы зямлі і навучае мове птушак і звяроў. Ва ўсё гэта верылі продкі беларусаў. І сёння засталіся яшчэ паслядоўнікі гэтых традыцый.

Ужо дзесяць гадоў запар удзельнікі наваполацкага гісторыка-культурнага клуба «Княжыч» паўтараюць купальскі рытуал. Сёлета ён прайшоў каля вёскі Кульнёва Расонскага раёна, у месцы зліцця рэкаў Дрысы и Нішчы. Свята сабрало каля 50 аматараў народных традыцый. Дзяўчаты плялі вянкі, мужчыны складалі купальскае вогнішча, у цэнтры якога знаходзіўся 17-метровы слуп — так званае “дрэва свету”, са сплеценым з лазы колам — сымбалем сонца — наверсе. Вогнішча распалілі пры дапамозе “жывога агню”, які здабылі крамянём і крэсівам. Да світання працягваліся карагоды і народныя гульні, гучалі беларускія песні.

«Для нас святкаванне Купалля — гэта даніна павагі традыцыям нашых продкаў, якая стала неад’емнай часткай жыцця нашага клуба. Тут мы сапраўды адпачываем душой і падпітваемся станоўчай энэргіяй» , - кажуць сябры «Княжыча.

А вось большасць беларусаў Купалле справяць у ноч з 6 на 7 ліпеня, па новым стылю. Хаця з сапраўдным народным святам гэтае мерапрыемства мае няшмат агульнага. Дарэчы, прадстаўнікі «Княжыча» прапаноўвалі гарадскім уладам арганізаваць Купалле на возеры з народнымі песнямі і абрадамі, пры гэтым забараніўшы там продаж спіртнога. Аднак у Наваполацку гэтую ідэю не ўспрынялі: святкаваць будуць, як звычайна, у парке і с традыцыйным выязным гандлем з шырокім асартыментам моцных напояў і закускі. Складваецца ўражанне, што цяперашняя ўлада прывівае беларусам зусім іншыя традыцыі.