У завядзенні крымінальнай справы – адмовіць | Беларусь и белорусы: новости и аналитика | DW | 05.05.2008
  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У завядзенні крымінальнай справы – адмовіць

Кіраўніцтва Партыі БНФ атрымала пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы па факце пашкоджання шкла і нанясення свастыкі на дзверы сядзібы партыі.

default

У дакуменце, які прыйшоў на імя першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, і падпісаным кіраўніком Цэнтральнага РУУС беларускай сталіцы Бяссмертным, гаворыцца, што людзей, якія напалі на сядзібу, пабілі ў ёй шкло і параскідвалі фашысцкія ўлёткі, зараз знайсці немагчыма.

Акт вандалізму быў здзейснены ўноч на 30 сакавіка, калі невядомыя разбілі шкло ў некалькіх вокнах у офісе БНФ, напісалі на дзвярах “Минск - русский город”, НБП (Нацыянал-бальшвіцкая партыя), а таксама заляпілі шыбы, дзверы і сцены будынка налепкамі са свастыкай і чарапамі. У допісе з Цэнтральнага РУУС Мінску таксама адзначаецца, што “у дзеяннях не ўстаноўленых асобаў адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 339 Крымінальнага кодэкса, бо падчас правядзення праверкі не былі атрыманыя дадзеныя пра тое, што яны былі скіраваныя на грубае парушэнне грамадскага парадку і такога за сабою не пацягнулі”.

Чаканае рашэнне

Як прызнаўся Вінцук Вячорка, іншага рашэння ад праваахоўных органаў кіраўніцтва ягонай партыі і не чакала. “Наша сядзіба пакуль знаходзіцца ў самым цэнтры гораду пад пастаянным відэаназіраннем, насупраць пастаянна знаходзяцца аўтамабілі з агентамі спецслужбаў, ну, і побач месціцца нішто іншае як Акадэмія міліцыі са сваёй сістэмай варты, - адзначыў палітык. - Цікава, што менавіта курсант Акадэміі міліцыі праявіў пэўную сумленнасць і ўначы бачыў гэтых хуліганаў – расійскіх фашыстаў, і ён жа пра іх і напісаў у заяве ў аддзяленне міліцыі”.

Былі следчы пракуратуры Алег Волчак лічыць незаконнай адмову праваахоўных органаў узбудзіць крымінальную справу па гэтым факце.

“Гэта, па-першае, хуліганства, і яны мусілі ўзбудзіць справу ўжо па факце хуліганскіх дзеянняў, пашкоджання маёмасці, - падкрэсліў юрыст. - І па-другое, сама гэтая сімволіка забаронена. Увогуле, гэта даволі дзіўная пазіцыя ўладаў, якія не рэагуюць на з’яўленне нацысцкай сімволікі, за што ніхто не адказвае”.

Двайныя стандарты

Алег Волчак прыгадаў, што за бяскрыўдныя надпісы палітычнага зместу моладзевы актывіст Аляксей Шыдлоўскі ў свой час адседзеў у калоніі, а маладафронтавец Артур Фінькевіч правёў паўтары гады на “хіміі”. А фось за фашыстоўскія знакі нават не ўзбуджаная справа, што сведчыць пра двайныя стандарты ў дзеяннях праваахоўных органаў.

Па словах Вінцука Вячоркі, паколькі ўладзе трэба мець няхай сабе абсалютна маргінальных, але такіх ручных падбрэхічаў, то яна іх пакрывала і будзе пакрываць.

Бездухоўнасць і амаральнасць

Днямі чарговы акт вандалізму адбыўся ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 30-40-я гады мінулага стагоддзя энкавэдысты знішчылі многія тысячы мірных грамадзянаў. Там зноў была залітая фарбаю ікона Маці Божае Курапацкае аўтарства Аляксея Марачкіна, змешчаная на мемарыяльным крыжы “Пакутнікам Курапатаў”. І зноў ніякіх дзеянняў з боку праваахоўных органаў, якія ні разу не знайшлі вінаватых у дзесятках актаў вандалізму на гэтым святым для беларусаў месцы.

Як адзначае сябра Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Уладзімір Раманоўскі, сам народжаны ў ГУЛАГу, “вось гэта ўсё стаіць у адным шэрагу ўсіх тых праблемаў з гістарычнай памяццю, мараллю – гэта і бесцырымоннае, беспардоннае выдзіранне крыжу, усталяванага ў Дражна, і мінулы год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, які не атрымаў аніякай падтрымкі з боку ўладаў. З пункту гледжання грамадства, гэта тое стаўленне, якое засталося ад часоў Савецкага Саюзу - бездухоўнасці і амаральнасці”.

Контекст

Также по теме