1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Гародні працягваюцца суды над апазіцыянерамі

Гарадзенскі журналіст Іван Роман, які быў затрыманы ў Мінску ў мінулую суботу, да панядзелка знаходзіўся ў міліцыі ў горадзе Ліда. Дзяжурны РАУСа не пажадаў даць сапраўдную інфармацыю аб месцазнаходжанні Романа

Па словах Івана, у Мінску яго затрымалі людзі ў цывільным у офісе незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці і павезлі ў Першамайскі аддзел міліцыі. Іван Роман паведаміў, што некалькі разоў адзін з ягоных ахоўнікаў пагражаў яму пісталетам і казаў, што ягоная песня спетая. Пасля допыту Романа перавезлі ў Ліду, дзе праз дзень адбыўся суд, які прыняў рашэнне аб пакаранні яго штрафам за хуліганства.

Журналіст лічыць, што ўладам стала вядома аб тым, што ён быў каардынатарам прыезду ў Мінск актывістаў ад апазіцыі, таму што з тых, хто быў у офісе прафсаюза, затрымалі толькі Романа. Іван не выключае таксама, што спецслужбы трымаюць на кантролі ягоныя перамовы па тэлефоне і ведаюць пра тое, што ён падаваў інфармацыю ў прэсу пра рух вайсковай тэхнікі ў накірунку Мінска напярэдадні выбараў.

Учора ў Гродна міліцыя затрымала удзельнікаў несанкцыянаванага сходу ў цэнтры горада. Каля 10 чалавек з тых, хто ў дзень выбараў прыйшоў на плошчу выказаць пратэст супраць афіцыйных вынікаў, былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці. Сярод затрыманых ёсць два незалежных журналіста – Ігар Банцар і Анджей Пісальнік, які толькі што вызваліўся з адміністратыўнага арышту, а таксама адміністратар зачыненага ўладамі інтэрнет-сайта “Гарадзенскі форум” Аляксей Радс.

Вырак суда Ленінскага раёна Гродна – для Аляксея Радса і Ігара Банцара па 10 сутак за хуліганства кожнаму, для Анджея Пісальніка – 12 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе.

Учора на плошчы былі затрыманыя таксама дзве вучаніцы 10 класа з гарадзенскай гімназіі №1 Вольга Смалянчук і Яўгенія Шасцярыкова. Яны паведамілі, што ў міліцыі ім паабяцалі паказаць выдэазапіс – сведчанне аб іхнім удзелу ў несанкцыянаваным сходзе ў дзень выбараў. Але абодзве дзяўчынкі заявілі, што іх хвалюе лёс Беларусі, а таму яны маюць намер зноў выходзіць на плошчу.