1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Ваўкавыску адбылася акцыя пратэсту ў «польскай школе»

Вучні старэйшых класаў Ваўкавыскай школы з навучаннем на польскай мове патрабуюць, каб заняткі ў іх вялі тыя настаўнікі з Польшчы, якім у гэтым годзе ўлады адмовілі ў запрашэнні.

У Беларусі ёсць дзве школы, дзе выкладанне вядзецца на польскай мове – у Гродна і Ваўкавыску. Яны былі пабудаваныя на грошы польскіх падаткаплацельшчыкаў па ініцыятыве Саюзу палякаў Беларусі. Па традыцыі ў школах разам з беларускімі калегамі працавалі й настаўнікі з Польшчы.

Не дачакаўшыся ў новым навучальным годзе прыезду трох настаўнікаў, старшакласнікі Ваўкавыскай школы ў знак пратэсту на адну гадзіну спынілі заняткі.

Дырэкцыя школы ды раённый аддзел адукацыі адразу сазвалі бацькоўскі сход, дзе патлумачылі, што неабходна працаўладкоўваць мясцовых настаўнікаў.

Але бацькі не пагадзіліся з гэтымі доказамі. Яны накіравалі звароты ў Міністэрства адукацыі, абласны камітэт па нацыянальнасцях і да дэпутату Парламенту аб стварэнні магчымасці для настаўнікаў з Польшчы працаваць у Ваўкавыску. На думку бацькоў, высокая якасць навучання спрыяе паступленню ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Тое ж самае думаюць і старшакласнікі:

«У носьбіта польскай мовы ўзровень, напэўна, вышэйшы, і гэта адаб’ецца потым на нашых выніках”.

А вось кіраўнік аддзела адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Вольга Кароткая кажа, што: «У школе працуюць 29 настаўнікаў, з іх 10 чалавек скончылі вузы Польшчы. Яны могуць забяспечыць навучальны працэс якасна і на высокім узроўні».

Чаму ж пытанне аб прыезде настаўнікаў з Польшчы ўзнікла падчас навучальнага працэса? Дырэктар школы Рышард Худзяк патлумачыў:

«Мы робім заяўку за год, у кастрычніку-лістападзе гэтая заяўка была. І пацверджанне аб тым, што яны запрошаныя ёсць» .

У гэтым годзе запрашэнне на працу ад Міністэрства адукацыі Беларусі атрымалі 14 настаўнікаў з Польшчы. Але пакуль ніхто з іх не атрымаў працоўную візу. Па словах настаўнікаў Ваўкавыскай школы, 23 жніўня, за 8 дзён да пачатку навучальнага году, з райаддзелу міліцыі ў школу даслалі паведамленне аб тым, што для працы іншаземцаў патрэбная ліцэнзія.

На думку аднаго з бацькоў пратэстуючых вучняў Віктара Вайчука, улады робяць гэта дзеля таго , «каб не было сувязей з Польшчай. Я лічу, што ў справу замешанная палітыка. Спачатку ў Гарадзенскай школе забаранілі настаўнікам прыязжаць, зараз у Ваўкавыскай. Наступным этапам забароняць дзецям вучыцца ў польскіх навучальных установах».

Актывіст незалежнага Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут таксама лічыць, што правы польскамоўнай меньшасці ўшчамляюцца.

А між тым, у Гродна працягваецца пераслед актывістаў незалежнага Саюзу палякаў. Журналіста Анджэя Пачобута зноў выклікалі ў міліцыю па справе аб выданні незалежнага часопіса «Магазын польскі ў выгнанні». Позвы ў міліцыю атрымалі таксама экс-старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін ды старшыня незалежнага СПБ Анжаліка Борыс. А суд Кастрычніцкага раёну зноў звярнуўся да разгляду адміністратыўнай справы актывіста СПБ Мечыслава Яскевіча. Гэтая справа месяц таму была зачыненая за адсутнасцю склада правапарушэння – хуліганцтва.