1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Беларусі працягваецца пераслед моладзевых актывістаў

4 сакавіка ў Мінску адбыўся допыт трох моладзевых актывістаў. У суд перададзена справа актывіста А. Кіма. Актывізаваўся ўціск на прадстаўнікоў дэмсілаў і ў рэгіёнах.

default

Намесніка старшыні моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Маладыя дэмакраты” Міхаіла Пашкевіча і моладзевых актывістаў Міхася Крывага і Уладзіміра Сяргеева дапытвалі па падзеях 10-га студзеня, калі ў цэнтры Мінску адбылася вулічная акцыя індывідуальных прадпрымальнікаў, у часе якой на паўтары гадзіны быў перакрыты рух грамадскага транспарту на ўчастку ад Кастрычніцкай плошчы да Плошчы Незалежнасці.

Да таго ж, маладзёнам паведамілі, што ў выніку акцыі прадпрыемствам гандлю і некаторым іншым нанесены ўрон у памеры амаль 125 мільёнаў рублёў (каля 40 тысяч еўра). Юрыст Валянцін Стэфановіч выказаў здзіўленне з’яўленнем такой сумы. Па яго словах, яна дзіўным чынам вылічаная як розніца, якую атрымалі прадпрыемствы гандлю ў гэты дзень, паміж сярэднедзённай. «Але якая там прамая сувязь паміж дэманстрацыяй і наяўнасцю гэтай выручкі, незразумела», - адзначыў Юрыст Валянцін Стэфановіч.

Афіцыйнае абвінавачанне

У аўторак маладзёнам прад’явілі афіцыйнае абвінавачанне. На гэтым тыдні актывістам прадаставяць матэр’ялы крымінальнай справы для азнаямлення, і да 11 сакавіка яна мусіць быць перададзеная ў суд. З дванаццаці чалавек, якія праходзяць па справе, узятая падпіска аб нявыездзе, а для актывіста моладзевае арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма, які знаходзіцца ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску, гэта будзе ўжо другая крымінальная справа. Частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” прадугледжвае пакаранне ад штрафаў да трох гадоў пазбаўлення волі.

Як адзначае Міхаіл Пашкевіч, “будзе паўтарэнне сітуацыі з судом над актывістамі “Маладога Фронту” у траўні 2007 году. Будзе тое самае – мы атрымаем штрафы, гэта будзе фактычна эканамічны пераслед. У спісе гэтых прозвішчаў няма ні Лябедзькі, ні Шумчанкі, ні кагосці з прадпрымальніцкіх лідэраў, тут ёсць выключна моладзевыя актывісты”.

Прычым тут “заграніца”

У часе допыту маладзёнаў, паводле Міхаіла Пашкевіча, пыталіся пра рэчы, далёкія ад справы, па якой іх прыцягваюць да адказнасці. “Пытанні, якія нам задаваліся: што вы рабілі ў Літве апошнім часам, як часта вы ездзіце за мяжу ў Польшчу ці Літву? Мы думалі, што з’явіцца новая справа пра замежны цэнтр падрыхтоўкі шпіёнаў, у дадзеным выпадку пакуль няма, і гэта ўжо радуе”.

Як мяркуе малады палітык, “Лукашэнка хоча захаваць твар, патрэбна яшчэ “пакрамсаць” людзей. Я не думаю, што нас будуць саджаць, бо трынаццаць чалавек гэта ўжо шмат. Але папалохаць грамадскасць, паказаць, што ў любым выпадку ўсё пад кантролем прэзідэнта, гэта так”.

“Гэта несуразмерна”

Сябра рады Праваабарончага грамадскага аб’яднання “Вясна” Валянцін Стэфановіч з нагоды судовага пераследу грамадзянаў за ўдзел у вулічнай акцыі падкрэслівае, што акцыя насіла мірны характар, падчас яе ніхто не наносіў ніякай шкоды маёмасці, грамадзянам, іх законным правам і інтарэсам.

“Мела месца перакрыццё праспекту, але садзіць людзей на тры гады за такія ўчынкі – гэта несуразмерна. Грамадзяне выказвалі сваё меркаванне і свой пратэст, на што яны маюць права ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне свабоды мірных сходаў. А нармальна рэалізаваць сваё права на свабоду мірных сходаў сёння ў нашай краіне немагчыма”, - адзначае праваабаронца.

Апошнія факты пераследу

У аўторак у суд перададзена першая крымінальная справа моладзевага актывіста Андрэя Кіма, якога абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях дачынна супрацоўніка міліцыі. Маладзёну толькі па гэтым артыкуле пагражае да шасці гадоў турмы.

У гэты ж дзень з аналагічным абвінавачаннем у спецпрыёмнік-размеркавальнік на вуліцы Акрэсціна ў Мінску змешчаны лідэр віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч. Ён быў моцна збіты ў турме пасля акцыі прадпрымальнікаў, пра што й падаў заяву ў пракуратуру, але справу павярнулі так, што цяпер самога Парсюкевіча абвінавачваюць у збіцці міліцыянта.

Днём раней у Салігорску суд пакараў адміністратыўнымі арыштамі затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту супраць сацыяльнай палітыкі ўладаў.Уладзіміра Шылу прысудзілі да 15 сутак, а Зміцера Банько - да 3 сутак арышту.

Студэнтку трэцяга курса факультэта тэхналогій Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта Кацярыну Манчук 3 сакавіка адміністрацыя ВНУ папярэдзіла аб недапушчальнасці сустрэчаў з актывістамі моладзевага дэмакратычнага руху.

Лібералізацыі рэжыму не было

З нагоды апошніх фактаў пераследу дэмакратычных актывістаў у святле размоваў пра лібералізацыю беларускіх уладаў пасля выхаду на волю некаторых палітвязняў палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначае:

“Ніякай лібералізацыі рэжыму не было. Была гульня, быў гандаль і ён працягваецца. Заўжды мусіць быць напагатове разменная манета. Так што Захад трапляе ў пэўным сэнсе ў заганнае кола, калі пачынае надта пляскаць у ладкі кожнаму вызваленню, хаця гэта ўсяго толькі гульня”.

На думку Аляксандра Класкоўскага, Захаду “было б больш разумна вылучаць пакетныя патрабаванні – не проста вызваліць палітвязняў, але спыніць практыку палітычных рэпрэсіяў”.