1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Беларусі пачалася кампанія ў падтрымку Змітра Жалезнічэнкі

Студэнт матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржуніверсітэта, актывіст Партыі БНФ Зміцер Жалезнічэнка быў выключаны днямі з вышэйшай навучальнай і адпраўлены ў войска. Юнак аб’явіў галадоўку і цяпер шпіталізаваны.

default

Першы раз сябра Гомельскай абласной рады Партыі БНФ і адзін з лідэраў моладзевага крыла гэтай арганізацыі Зміцер Жалезнічэнка быў адлічаны з вышэйшай навучальнай установы 7 верасня 2007 году з фармулёўкаю “за сістэматычнае парушэнне Правілаў унутранага распарадку універсітэта”. Студэнт матэматычнага факультэту, праграміст Жалезнічэнка меў адзін з самых высокіх балаў у ВНУ – 9,3, практычна не прапускаў заняткаў.

Але ўсе ведалі пра яго актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць. Менавіта Жалезнічэнка арганізоўваў у Гомелі канцэрты беларускіх выканаўцаў, у тым ліку і ў сценах Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, што было не даспадобы адміністрацыі гэтай навучальнай установы.

Для рэктара рашэнне суда – не закон

Пра надуманасць таго выключэння сведчыць і вызначэнне Гомельскага абласнога суду, які разгледзеў касацыйную скаргу маладзёна 16 студзеня бягучага году і прызнаў адлічэнне Жалезнічэнкі неправамерным. Тым не менш, ужо 22 студзеня рэктар ГДУ Аляксандр Рагачоў, ігнаруючы рашэнне суда, падпісаў новы загад аб адлічэнні юнака з навучальнай установы. Паводле меркавання старшыні юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту, былога суддзі Гары Паганяйлы, рашэнне рэктара мае палітычны характар.

Па словах юрыста, няма адзінай дзяржаўнай ідэалогіі, якая прадпісаная для выканання ўсімі студэнтамі. “Кожны з іх у адпаведнасці з Канстытуцыяй можа знаходзіцца ў партыйных шэрагах і быць удзельнікам нейкіх грамадскіх фармаванняў”. Гара Паганяйла личыць, што адлічэнне па палітычных матывах - гэта беззаконне, якое чыніць улада ў дачыненні да маладых людзей.

Спешны прызыў у войска

Зміцер Жалезнічэнка звярнуўся ў суд з патрабаваннем адмяніць паўторны загад аб адлічэнні яго з ВНУ і аднавіць на месцы вучобы. Тым часам вайсковы камісар Гомеля ў спешным парадку прызваў маладзёна на тэрміновую вайсковую службу, і яго фактычна без медычнага абследавання даставілі ў вайсковую частку горада Жлобіна. Там Жалезнічэнка аб’явіў галадоўку і праз непрацяглы час быў шпіталізаваны ў мінскі вайсковы шпіталь, дзе і знаходзіцца цяпер.

Спадзеў на міністра абароны

Кіраўніцтва БНФ звярнулася да міністра абароны генерала Леаніда Мальцава з просьбай адмяніць загад гомельскага ваенкама і даць магчымасць Зьміцеру Жалезнічэнку атрымаць адукацыю.

Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка спадзяецца на станоўчае вырашэнне пытання. Ен звярнуў увагу на тое, што партыя БНФ з вялікай павагай ставіцца да беларускага войска. “Мы лічым яго неад’емнай часткай беларускай незалежнай дзяржавы, адным з падмуркаў нашага дзяржаватварэння, і мы хацелі б такое паважлівае стаўленне захоўваць і надалей. У цэлым беларуская армія не запляміла сябе ўдзелам у рэпрэсіўных захадах, у пераследзе іншадумцаў, чым, нажаль, заплямілі сябе іншыя так званыя сілавыя структуры”.

Па словах Вінцука Вячоркі, партыя БНФ вельмі б не хацела, “каб у канкрэтным выпадку са Зміцерам Жалезнічэнкам спадар міністр і беларуская армія сталі б саўдзельнікамі машыны пераследу і пачалі б страчваць павагу беларускага народу і перспектыву ўліцца ў міжнародную супольнасць арміяў дэмакратычных краінаў свету”.

Апеляванне да замежных партнёраў ГДУ

Як адзначыў Вінцук Вячорка, Гомельскі дзяржаўны універсітэт мае партнёрскія стасункі з універсітэтам “Клермон Феран” у Францыі. Гэтыя парнёрскія сувязі праяўляюцца ў прысылцы стажыстаў, у выездах выкладчыкаў абодвух універсітэтаў у партнёрскую навучальную ўстанову, у выездах кіраўніцтва Гомельскага універсітэта ў Францыю, і ўсё гэта фінансуецца з праграмы акадэмічных абменаў Еўразвязу “Эразмус”.

Паводле інфармацыі Вінцука Вячоркі, яшчэ адзін намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч ужо наведаў офіс Еўрапейскае камісіі і кіраўніцу аддзелу Украіны, Малдовы і Беларусі генеральнага дырэктара знешных сувязяў Еўракамісіі спадарыню Хільдэ Гардэман і давёў ёй сітуацыю са Зміцерам Жалезнічэнкам.

Як адзначыў Вінцук Вячорка, партыя БНФ рыхтуе ліст да кіраўніцтва фонду “Эразмус” пра магчымы перагляд стасункаў з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам ці ўдзел ГДУ ў праграмах міжнародных абменаў, якія фундуюцца з еўрапейскіх сродкаў. “Няможна гаварыць пра прыналежнасць да годнай, вальналюбнай еўрапейскай акадэмічнай супольнасці людзей, якія душаць вальнадумства і дзеля гэтага задушэння гатовыя распраўляцца з найлепшымі светлымі маладымі розумамі Беларусі”, - гаворыць Вінцук Вячорка.

Спыніць галадоўку!

Паводле словаў старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, кіраўнікі арганізацыі звяртаюцца да Зміцера Жалезнічэнкі, у якога цяпер павышаны артэрыяльны ціск, з просьбаю спыніць акцыю пратэсту. “Адна з прычын, чаму мы просім Зміцера спыніць галадоўку, гэта стан ягонага здароўя. З такімі адхіленнямі ў здароўі гэта прыносіць дадатковую шкоду, тым больш чалавеку такога маладога ўзросту”. Тым часам у шпіталі да Зміцера Жалезнічэнкі прыстаўлены афіцэр, які забараняе маладзёну знешнія кантакты і тэлефанаванні.