1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Беларусі мае месца прымусовая падпіска на афіцыйныя медыі

Большасць незалежных газет у Беларусі не трапіла ў падпісныя каталогі на першае паўгоддзе 2009 году, затое на дзяржаўную прэсу пачалася прымусовая падпіска, што ставіць дзяржаўныя і недзяржаўныя выданні ў няроўныя ўмовы.

default

Падставай для абурэння кіраўніцтва і экспертаў Беларускай асацыяцыі журналістаў стаўся дакумент, які трапіў у БАЖ з Брэсцкай вобласці - гэта копія “Плану арганізацыйных мерапрыемстваў правядзення падпіскі на друкаваныя СМІ на першае паўгоддзе 2009 году”, распрацаванага ідэолагамі Брэсцкага аблвыканкаму, які размяркоўвае абавязкі паміж прадстаўнікамі розных звёнаў мясцовай “вертыкалі”, супрацоўнікамі “Белпошты” і кіраўнікамі прадпрыемстваў вобласці.

"Не дапускаць зніжэння ведамасных накладаў"

Да прыкладу, прадстаўнікі гарадскіх і раённых выканкамаў мусяць правесці нарады з кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстановаў па арганізацыі падпісной кампаніі ў працоўных калектывах. У сваю чаргу, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў усіх формаў уласнасці абавязаныя падаць заяўкі на ведамасную падпіску і пры гэтым “не дапускаць зніжэння ведамасных накладаў па асноўных рэспубліканскіх выданнях, дзяржаўных абласных і раённых газетах”.

Маецца ў дакуменце і пункт, які прадпісвае кіраўнікам “з мэтаю пашырэння інфармацыйнага поля, захавання духоўнага і маральнага развіцця насельніцтва” забяспечыць афармленне падпіскі на друкаваныя СМІ кожным супрацоўнікам. Паштавікі атрымалі заданне кожны тыдзень “рапартаваць” ідэалагічным аддзелам аб ходзе падпіскі, а таксама прадстаўляць у аблвыканкам звесткі пра прадпрыемствы і ўстановы, якія не аформілі падпіску ці паменшылі “заяўленыя наклады”.

Дыскрымінацыя недзяржаўных выданняў

“Мы, на жаль, назіраем вельмі непрымальныя метады абыходжання органаў улады са сродкамі масавай інфармацыі, асабліва што датычыцца падпіскі, - адзначае кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў прафесар Міхаіл Пастухоў. – Для падпіскі на дзяржаўныя выданні высылаюцца распараджэнні органаў улады па ўстановах, прадпрыемствах і арганізацыях, і гэта, безумоўна, ставіць у няроўныя адносіны друкаваныя СМІ, бо відавочна, што перавага надаецца дзяржаўным выданням. Гэта элемент дыскрымінацыі недзяржаўных СМІ, што супярэчыць артыкулу 13 Канстытуцыі”.

Па словах Уладзіміра Янукевіча, дырэктара Выдавецкага дому "Інтэкс-прэс" з Баранавічаў Брэсцкае вобласці, які выдае адразу некалькі рэгіянальных недзяржаўных газет, зараз ёсць абмежаванні на набыццё газет:

"А гэта памяншае нашы наклады, а калі сюды дадаць і захады па прымусу да падпіскі на дзяржаўныя выданні, калі прымаюцца пастановы – а ў нас тут паўсюдна вісяць загады, каб кожны з працуючых у бюджэтнай сферы, напрыклад, у адукацыі, у медыцыне павінен падпісацца на мясцовую дзяржаўную газету і на рэспубліканскую – “Советскую Белоруссию” ці нейкае іншае дзяржаўнае выданне, то гэта, канешне, абмяжоўвае нашы магчымасці з набыццём газет”.

Змрочная карціна падпісной кампаніі

Паводле старшыні БАЖ Жанны Літвіной, калі ўзгадаць, што сёння амаль паўтара дзесятка незалежных грамадска-палітычных выданняў застаюцца без права распаўсюду, то карціна падпісной кампаніі ў Беларусі выглядае надзвычай змрочна.

Як лічыць Міхаіл Пастухоў, “з гэтай нагоды варта абурацца, пра гэтыя факты неабходна паведамляць грамадскасці, у тым ліку і міжнароднай, і звяртаць увагу дзяржаўных органаў на недапушчальнасць падобнае палітыкі, якая разыходзіцца з Канстытуцыяй і дзейным заканадаўствам”.

Контекст