1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

"У Беларусі заўсёды важныя справы рабіліся грамадою".

Устаноўчы з’езд Народнай грамады (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) – прайшоў 25 лістапада ў Мінску. Удзельнікі форуму прынялі Статут і стратэгію партыі, абралі кіроўныя органы.

Фактычна новаўтвораная Народная грамада ёсць спадкаемніцаю Беларускай сацыял-дэмакратыченая партыі (Народная грамада), якую ад самага яе з’яўлення на палітычным небасхіле Беларусі ачольваў Мікалай Статкевіч.

Тая партыя зведала шмат цяжкіх часоў – раскол з прычыны ўнутрыпартыйных непаразуменняў, у выніку чаго частка Народнае грамады пайшла ад Статкевіча і ўтварыла Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю Грамада, якую пазней ачоліў Аляксандр Казулін.

Сам Мікола Статкевіч на працяглы час быў выціснуты з актыўнага палітычнага жыцця – разам з заснавальнікам Маладога фронту Паўлам Севярынцам ён быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальшавання вынікаў рэферэндуму 2004 года, у выніку якога Аляксандр Лукашэнка атрымаў магчымасць абірацца прэзідэнтам неабмежаваную колькасць разоў.

Тым не менш, касцяк і рэгіянальныя структуры арганізацыі захаваліся, пра што сведчыла і вялікая колькасць прысутных на з’ездзе.

Адкрываючы партыйны форум, старшыня Цэнтральнага арганізацыйнага камітэту партыі Мікола Статкевіч адзначыў:

"На нас вялікая адказнасць. Мы адзіная еўрапейская лева-цэнтрысцкая партыя Беларусі. На лева-цэнтрысцкіх пазіцыях стаіць большасць беларускага электарата".

Па словах Статкевіча, ад таго, ці захаваецца партыя да бліжэйшых сумленных выбараў, будзе залежаць каштоўнасны геапалітычны выбар Беларусі.

Розныя бакі - адзіная мэта

Сярод тых, хто прыйшоў павітаць дэлегатаў з’езду, быў лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч:

"Вы першыя пачалі казаць, што Беларусь нават у гэтых умовах павінна вяртацца да еўрапейскіх каштоўнасцей. Вы былі ініцыятарамі стварэння Еўрапейскае кааліцыі".

Мілінкевіч выказаў спадзяванне на будучае супрацоўніцтва паміж рухам “За свабоду” і Народнай грамадой, бо, па словах палітыка, абодва бакі маюць адзіную мэту.

Яшчэ адзін госць з’езду, старшыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец таксама адзначыў важнасць супрацоўніцтва дэмакратычнага грамадства.

"У Беларусі заўсёды самыя важныя справы рабіліся грамадою. Мы мусім разумець, што калі будзем раз’яднаныя, самі па сабе, па нейкіх ідэалогіях, гарадох, грамадскіх і палітычных кірунках, перамогі не здабудзем".

Сацыяльныя лозунгі - шлях да дэмакратыі

Прадстаўляючы праграму партыі, Мікалай Статкевіч падкрэсліў, што сённяшняя ўлада ў бліжэйшай будучыні...

"...будзе закручваць гайкі ў эканоміцы, ліквідоўваць малы бізнес, будзе душыць падаткамі. На змены яны не пойдуць".

Адсюль вынікае, адзначае Статкевіч, што

"...мы павінны скарыстацца сацыяльнымі лозунгамі, каб вярнуць краіну да дэмакратыі".

Час выбіраць

Палітык адзначыў спрыяльнае геапалітычнае становішча Беларусі, у якім яна апынулася ў апошнія гады.

"Гэта для Беларусі ўнікальны шанец, тое, што яна апынулася на мяжы з ЕС".

Палітык патлумачыў гэта унікальнымі дэмакратычнымі, эканамічнымі ды экалагічнымі стандартамі. Акрамя таго, Статкевіч адзначыў унікальную салідарнасць з боку Еўразвязу, "калі новым сябрам аказваецца шматмільярдная дапамога, і ніхто не патрабуе ўзамен аддаць незалежнасць, аддаць мову, аддаць газаправод".

Мікалай Статкевіч перакананы, што Беларусь ужо цяпер мусіць вызначыцца, па якім шляху развівацца ў будучыні. Па словах палітыка, краіна апынулася заціснутай паміж Расіяй і Еўрасаюзам.

"Доўга балансаваць мы не здолеем. Нам давядзецца выбіраць".

Што да стасункаў з Расіяй,то, па словах палітыка, каб захаваць незалежнасць, захаваць магчымасць сябраваць з Расіяй як самастойная дзяржава, Беларусі неабходна інтэгравацца ў адзіную Еўропу.

Актывіст Алесь Арастовіч выказаў погляд на тое, якой Беларусь мусіць стаць у далейшым.

"Мы выказваемся за рэальны падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, за дакладнае вызначэнне кампетэнцыі кожнае галіны ўлады. Мы лічым, што Беларусь павінна быць парламенцкай дзяржавай".

Вынікі паседжання

Пасля прыняцця Статуту партыі і праграмных дакументаў, зацвярджэння новага назову арганізацыі дэлегаты абралі яе кіраўнікоў. Старшынём партыі стаў Мікалай Статкевіч, ягоным першым намеснікам - Алесь Арастовіч. Намеснікамі старшыні дэлегаты абралі Аляксея Гаўруцікава з Мінска і віцябляніна Сяргея Кулініча. Генеральным сакратаром Народнай грамады стаў Мікалай Кійка. Таксама адбыліся выбары Цэнтральнага камітэта партыі. Пры канцы ўдзельнікі з’езду прынялі тры рэзалюцыі – палітычную пад назвай “Перамены непазбежныя”, “Аб стаўленні да парламенцкіх выбараў” і “Свабоду палітвязням”. Пры абмеркаванні перспекітывы дзяржаўнай рэгістрацыі Народнае грамады ўдзельнікі форуму адзначылі, што за апошні час у краіне не было зарэгістравана ніводнай новай дэмакартычнай партыі ці грамадскай арганізацыі, таму дэлегаты прынялі рашэнне лічыць нядзельны ўстаноўчы з’езд толькі яго першай сесяй, у звязку з чым не падаваць пакуль дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.