1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Беларусі адзначылі Міжнародны дзень правоў чалавека

Нягледзячы на супрацьдзеянне з боку ўладаў, якія забаранілі практычна ўсе мерапрыемствы, беларускія правабаронцы здолелі 10 снежня адзначыць Міжнародны дзень правоў чалавека.

Судейский молоток - символ правосудия

Беларускія ўлады адмовілі ў дазволе на правядзенне 10 снежня практычна ўсіх мерапрыемстваў, у тым ліку і пікетаў, да 61-ой гадавіны прыняцця ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Тым не менш, нягледзячы на перашкоды, праваабаронцы здолелі адзначыць Міжнародны дзень правоў чалавека.

Петыцыя супраць смяротнага пакарання

Зранку 10 снежня прадстаўнікі шэрагу праваабарончых арганізацый наведалі адміністрацыю прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, дзе перадалі петыцыю са зваротам адмяніць у Беларусі смяротнае пакаранне. Варта адзначыць, што гэта ёсць таксама і патрабаваннем Рады Еўропы, а ўвядзенне мараторыя на расстрэл з’яўляецца абсалютнай умовай вяртання Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі статусу спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

Пад патрабаваннем адмяніць у краіне смяротнае пакаранне, апроч праваабаронцаў, падпісаліся вядомыя ў Беларусі і ў свеце асобы, напрыклад, Народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, экс-спікер Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслаў Грыб, музыканты Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Уладзімір Пугач, Зміцер Вайцюшкевіч, Ганна Хітрык, пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч, старшыня мастацкай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін ды многія іншыя.

Петля - символ смертной казни

Пад патрабаваннем адмяніць смяротнае пакаранне падпісаліся вядомыя ў Беларусі і ў свеце асобы

Сарванае святкаванне

У гэты ж дзень Беларускі Хельсінскі камітэт меркаваў правесці святочную акцыю пад умоўным назовам "Правабарончы трамвайчык". Планавалася, што праваабаронцы і валанцёры разам з вядомымі людзьмі праедуць на спецыяльна арэндаваным трамваі

і пад час паездкі будуць раздаваць грамадзянам брашуры з тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, распавядаць ім пра гэтыя правы, а таксама частаваць пасажыраў кавай і гарбатай з тортам.

У дзень акцыі арганізатарам паведамілі, што трамвай прадастаўлены не будзе, бо нібыта вадою заліло рэйкі. Прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэту тэрмінова замовілі аўтобус, але і ён не даехаў да месца збору ўдзельнікаў мерапрыемства: супрацоўнікі міліцыі затрымалі транспартны сродак нібыта за парушэнне правілаў дарожнага руху і даставілі яго разам з кіроўцам на тэрыторыю Кастрычніцкага РУУС Мінску.

Як адзначыў кіраўнік Юрыдычнае камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла, улады мэтанакіравана сарвалі акцыю, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць. "Тое, што нам сёння не далі магчымасці цывілізавана адсвяткаваць Дзень правоў чалавека, выдатна характарызуе нашы ўлады пад іх гучныя тырады пра выкананне правоў чалавека ў Беларусі", - заявіў юрыст.

Арганізатары вырашылі правесці акцыю непасрэдна на месцы збору на аўтастанцыі "Дружная", дзе праваабаронцы пачаставалі сваіх гасцей, сярод якіх былі амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, пісьменнік Уладзімір Арлоў, публіцыст Віктар Марціновіч, вядомыя спартоўцы і дзеячы мастацтва, гарбатаю з тортам, а мінакам раздалі друкаваныя матэр’ялы на правабарончую тэматыку.

Пикет на Октябрьской площади Минска

"Маладыя дэмакраты" на Кастрычніцкай плошчы

Пікет на Кастрычніцкай плошчы

Увечары 10 снежня на Кастрычніцкую плошчу беларускай сталіцы выйшлі актывісты арганізацыі "Маладыя дэмакраты", якія разгарнулі плакаты з надпісамі "Мы не быдла, у нас ёсць правы!", "Правы выконваюцца там там, дзе за іх змагаюцца".

Гэтая акцыя доўжылася ўсяго некалькі хвілінаў: пасля папярэджанняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў пра тое, што акцыя не дазволена, і яе ўдзельнікі могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, маладыя людзі выгукнулі "Жыве Беларусь!" і разышліся.

Варта адзначыць, што ўлады забаранілі дзесяткі пікетаў да Міжнароднага дня правоў чалавека па ўсёй Беларусі, хаця заяўкі на іх правядзенне былі своечасова пададзены ў мясцовыя выканкамы. Адзіны дазволены мітынг прайшоў у Брэсце.

Прэміі за абарону правоў чалавека

А напярэдадні, 9 снежня, зарэгістраваны ў Літве "Правабарончы альянс" уручыў прэміі ў галіне правоў чалавека. Па версіі гэтай арганізацыі, лепшым журналістам, які асвятляе правабарончую тэматыку, названы Алег Груздзіловіч.

"Адвакатам году" сёлета стаў Павел Сапелка. Ён браў удзел у шматлікіх адміністратыўных працэсах у адносінах да дзеячоў беларускага дэмакратычнага руху, абараняючы Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзьку, іншых палітыкаў і грамадскіх актывістаў, быў абаронцам фігурантаў рэзананснага крымінальнага "Працэсу чатырнаццаці", а цяпер Павел Сапелка з’яўляецца адвакатам былога прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, якога Міжнародная амністыя прызнавала “вязнем сумлення”.

"Правабаронцам году" прызнаны Раман Кісляк з Брэста – вядомы змагар за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, які шматкроць падпадаў пад пераслед уладаў за сваю дзейнасць.

Аўтар : Генадзь Канстанцінаў , Мінск
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў


Хроніка

Контекст

Аудио- и видеофайлы по теме